Некаторыя казахскія банкі спыняюць абслугоўваць карты расейскай плацежнай сістэмы «Мір»


Казахскія банкі «Halyk Bank» і «ЦентрКредит» прыпынілі аперацыі з картамі плацежнай сістэмы «Мір», хоць былі пералічаныя на сайце Нацыянальнай сістэмы плацежных картаў РФ як партнёры. Таксама прыпыніў аперацыі з картамі «Мір» в’етнамскі банк «BIDV», паведамляе газета «Известия».

Карта «Мір».
Фота: yk24.ru

Раней, 19 верасня, два буйныя банкі Турцыі – «İşbank» і «DenizBank», адмовіліся працаваць з расейскай аплатнай сістэмай праз магчымыя санкцыі ЗША. Нагадаем, раней Мінфін ЗША прыгразіў санкцыямі фінансавымі ўстановамі, якія не адмовяцца ад супрацы з аплатнай сістэмай «Мір».

На сайце аплатнай сістэмы «Мір» 20 верасня быў закрыты раздзел, у якім раней паведамлялася аб геаграфіі прыёму картаў.

На тэрыторыі Беларусі расплачвацца картамі «Мір» можна ў POS-тэрміналах банкаў-удзельнікаў беларускай плацежнай сістэмы «Белкарт». З 1 студзеня 2023 года абавязаныя прымаць карткі «Мір» будуць таксама банкі, якія надаюць паслугі інтэрнэт-эквайрынгу. Гэта дазволіць пашырыць магчымасці рэалізацыі тавараў (працаў, паслуг) на інтэрнэт-сайтах трымальнікам картак «Мір».

Аднак ужо пяць беларускіх банкаў увялі абмежаванні, які датычаць кліентаў сістэмы «Мір». Так, у «Беларусбанку» можна здымаць не больш за 500 рублёў на тыдзень з картак расейскай плацежнай сістэмы. Таксама ў банку ўвялі камісію – 15 % ад сумы аперацыі для выдачы наяўных у банкаўскіх аддзяленнях. У «Белаграпрамбанку» і банку «Рашэнне» можна здымаць не больш за 500 рублёў за тыдзень, у «Белгазпрамбанку» і Банку «БелВЭБ» дзеюць месячныя ліміты – не больш за 2 і 2,5 тысячы рублёў штомесяц.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў