Рэдактар газеты «Информ-прогулка» не атрымаў ніякіх тлумачэнняў. Вядома толькі, што выданне аштрафавалі на 100 базавых велічыняў за «нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Эканамічны суд Берасцейскай вобласці прыняў рашэнне адносна «Информ-прогулки» 16 верасня, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Газета працягвае размяшчаць матэрыялы ў інтэрнэце, але выхад друкаванай версіі спыніўся ў канцы ліпеня. Друкарня ў Пінску скасавала дамову нібыта ў сувязі са значным фізічным зносам свайго абсталявання. Незадоўга да таго, 9 ліпеня, у рэдакцыю газеты прыходзілі сілавікі.
«Информ-прогулка» была зарэгістраваная ў 1994 годзе журналістам Андрэем Вышынскім, была адзінай незалежнай газетай Лунінецкага раёну.
За апошні год праз праблемы з друкарнямі спынілі выхад «Белгазета», «Народная воля», «Новы час», «Свободные новости плюс», «Газета Слонімская», «Брэсцкая газета», «Рэгіянальная газета» і іншыя.
АА belsat.eu