Даследнік Аганэсьян: Ёсць механізм кампенсацыі шкоды ўкраінцам за кошт актываў Расеі


Скарыстаць замарожаныя актывы Расеі і расейскіх алігархаў для кампенсацыі пацярпелым ад ваеннай агрэсіі ўкраінцам складана, але можна. Пра гэта ў інтэрвʼю «Белсату» расказаў кіраўнік аддзелу прававога аналізу ўкраінскага Інстытуту канфлікталогіі і аналізу Расеі (ІКАР) Армэнак Аганэсьян. Ён паведаміў існаванні дарожных мапаў, якія можна выкарыстоўваць на шляху да кампенсацыі.

Армэнак Аганэсьян. Скрыншот: Белсат

Інстытут канфлікталогіі і аналізу Расеі – гэта ўкраінская група навукоўцаў-энтузіястаў, якія сярод іншага распрацоўваюць стратэгіі пошуку расейскіх актываў і спосабы максімальна хутка ды эфектыўна іх скарыстаць для кампенсацыі шкоды ўкраінцам, пацярпелым ад расейскага ваеннага ўварвання.

Паводле кіраўніка аддзелу прававога аналізу ІКАР Армэнака Аганэсьяна (Арменак Оганесян), інстытут ведае, якім чынам і ў якіх юрысдыкцыях лепш шукаць расейскія актывы, а таксама якія юрысдыкцыі і звязкі юрысдыкцыяў выкарыстоўваць. Ці, інакш кажучы, якой стратэгіі прытрымлівацца, каб максімальна дзеяць, дабіваючыся спагнання сродкаў з актываў агрэсара. Вынікі праведзеных даследаванняў апублікаваныя.

«Беспасярэдняя рэалізацыя гэтых стратэгіяў, вынікі нашых даследаванняў адкрытыя, таму мы заклікаем усіх пацярпелых звяртацца да нас, мы гатовы дзяліцца гэтымі дарожнымі мапамі для звароту ў суд, атрымання рашэння іх выканання. Але сваіх асабістых расследаванняў мы не вядзём, бо ў нас задача стаіць якраз навуковая – распрацаваць пытанне абыходу імунітэту і стратэгічныя вызначэнні найбольш прыдатных спосабаў спагнання», – патлумачыў Аганэсьян.

Паводле даследніка, юрыдычна працэдура досыць няпростая, але механізм спагнання кампенсацыі з расейскіх актываў і з тых, кім яны кантралююцца, ёсць. На сёння ўжо сабрана шмат інфармацыі, якая маёмасць, у якіх краінах і якім расейскім чыноўнікам, вайскоўцам, прапагандыстам і алігархам належыць, частку заблакавалі. Аднак наўпрост выкарыстаць гэтыя сродкі дзяржавы не могуць, бо існуюць пэўныя прававыя перашкоды.

Самая важная перашкода звязана з тым, што рашэнне пра блакаванне прынялі, зыходзячы з палітычнай волі. У прыватнасці, Армэнак Аганэсьян удакладняе, што няправільна называць гэтую маёмасць арыштаванай і нават замарожанаю, бо абодва гэтыя тэрміны ці статусы маёмасці маюць на ўвазе наяўнасць пэўных судовых рашэнняў. Але такіх рашэнняў пакуль яшчэ не было.

«Рашэнні пра блакаванне, я б так называў, гэтых актываў, былі прыняты, зыходзячы з палітычнай волі, але прававыя падставы былі вельмі спрэчныя. Менавіта таму далей пазіцыя перайначылася. У прыватнасці, пазіцыя Еўразвязу. Гэта значыць, яны рэзюмуюць, што не могуць выкарыстоўваць гэтых сродкаў для кампенсацыі, для аднаўлення Украіны», – кажа суразмоўца.

У Еўразвязе, у прыватнасці, распрацавалі схему, паводле якой гэтыя расейскія фінансавыя актывы за мяжою будуць выкарыстоўвацца як фінансавы інструмент. А прыбытак ад абарачэння гэтых сродкаў будзе скіроўвацца на рэканструкцыю Украіны. Аднак, як тлумачыць Аганэсьян, і гэта дзяржавам зрабіць пакуль складана, бо ў разуменні міжнароднага права прыбытак ад выкарыстання фінансавых нейкіх інструментаў ёсць інвестыцыяй, а таму падлягае абароне згодна з міжнародным заканадаўствам.

«Таму цяпер крыху тупіковая сітуацыя з выкарыстаннем расейскіх актываў, як актываў чыноўнікаў, гэтак і дзяржаўных актываў за мяжою», – зазначыў суразмоўца.

Складанасць заключаецца ў тым, што пры спагнанні кампенсацыі абавязкова павінны быць выкананыя ўсе прынцыпы міжнароднага права. На сёння замежныя расейскія актывы, як і актывы іншых дзяржаваў, дзеляцца на два тыпы – суверэнныя (маюць дзяржаўны імунітэт ад пераследу) і несуверэнныя (іх можна блакаваць і выкарыстоўваць, у тым ліку для спагнання кампенсацыі). Беспасярэдні імунітэт мае хіба толькі маёмасць дыпламатычных прадстаўніцтваў, а ўся астатняя маёмасць дзяржавы, дзяржаўных і прыватных кампаніяў ды асобаў можа быць падданая пераследу, блакаванню і прымусоваму скарыстанню для кампенсацыі шкоды ад незаконнай ваеннай агрэсіі.

Аднак на справе гэтая магчымасць залежыць ад пераадолення барʼеру юрысдыкцыі. Кажучы прасцей, гэтае пераадоленне адбываецца, калі суды ў юрысдыкцыі адной дзяржавы прызнаюць рашэнні судоў у юрысдыкцыі іншай дзяржавы ці судоў міжнароднай юрысдыкцыі ды патрабуюць іх выканання. На практыцы адна дзяржава можа пагадзіцца прызнаць правамоцным і абавязковым да выканання рашэнне суда ў юрысдыкцыі іншай толькі са сваёй волі, добраахвотна. Гэта значыць, што дзяржавы могуць пагадзіцца і выканаць рашэнне замежнага суда, а могуць і не – гэта залежыць ад узроўню дружалюбнасці стасункаў між дзяржавамі.

Армэнак Аганэсьян кажа, што даследнікі ІКАРу якраз і распрацоўваюць механізмы, што дазваляюць абысці абмежаванні імунітэту, выкарыстоўваючы найбольш прыдатныя для гэтага юрысдыкцыі:

«На мой погляд, гэтыя механізмы ёсць. Гэта выкарыстанне розных судовых інстытутаў, а менавіта выкарыстанне, звароту пацярпелых у суды ўкраінскія, атрыманне імі падчас працэсу канчатковага рашэння і выкананне яго ў іншых юрысдыкцыях».

Паводле суразмоўцы, такія рашэнні на практыцы пагаджаюцца прызнаць не толькі Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і краіны Еўразвязу. Аганэсьян адзначае, што ёсць шмат розных юрысдыкцыяў, у якіх утоена застаюцца актывы Расейскай Федэрацыі. Сярод іх – гэтак званы рэгіён Сахэль у Афрыцы, дзе вядзе сваю актыўнасць Група Вагнэра. Там здабываюць пэўныя карысныя выкапні, якія фізічна захоўваюцца на складах пад аховаю наймітаў. Усё гэта таксама расейскія актывы. Аднак іх выкарыстанне для кампенсацыі шкоды ўкраінцам ад вайны залежыць ад палітычнай волі дзяржаваў, дзе гэтыя актывы месцяцца.

Аганэсьян кажа, што ўжо ёсць юрыдычны прэцэдэнт з боку ЗША. Пастаянная палата трацейскага суда (Permanent Court of Arbitration, PCA) у Гаазе пастанавіла спагнаць з Расеі на карысць украінскага «Нафтогазу» 5 мільярдаў долараў за актывы на тэрыторыі анексаванага Крыму.

«Разбор доўжыўся вельмі доўга, так. Але тым не менш яны скіравалі гэтае рашэнне выконваць у Амерыку, і Злучаныя Штаты прызналі гэтае рашэнне, будзем уважліва сачыць», – канстатаваў Аганэсьян.

Суразмоўца таксама патлумачыў, што на сёння ва Украіне могуць прымацца судовыя рашэнні ў справах, дзе адказваць будзе выключна дзяржава Расея. Аднак падчас выканання гэтага рашэння ў шэрагу юрысдыкцыяў, у тым ліку ў ЗША, прадугледжаная працэдура, якая дазваляе далучыць у якасці суадказнікаў трэціх асобаў, якія маюць дачыненне да злачынстваў, да ўзброенай агрэсіі.

Пры гэтым, як адзначыў прадстаўнік ІКАРу, на сёння пакуль не існуе нейкага адзінага дакладнага спісу падсанкцыйных асобаў, якія абавязкова павінныя скампенсаваць шкоду ўкраінцам. На сёння ёсць заблакаваныя актывы, ёсць датычныя да іх асобы, ёсць рашэнні ЗША, Вялікай Брытаніі ды Еўразвязу, ёсць ужо больш за дзесяць санкцыйных пакетаў, у якіх ёсць канкрэтныя прозвішчы. Паводле Аганэсьяна, гэта ўсё пакуль што «дарожная мапа аб спісе датычных да агрэсіі».

Даследнік размяжоўвае беспасярэдне збор інфармацыі пра датычнасць асобаў і кампаніяў да агрэсіі ды ад працэдуры доказу ў судзе:

«Адна рэч – праводзіць нейкія расследаванні OSINT, выкарыстоўваць публічныя звесткі і сродкі масавай інфармацыі. Іншая рэч – выкарыстоўваць гэта як аснову для доказу ў судовым працэсе, гэта значыць даказваць прычынна-следчую сувязь паміж дзеяннямі канкрэтнага індывіда і ваеннай агрэсіяй. Гэта задача крыху больш складаная, бо ёсць гэтак званы ценжар даказвання, стандарты даказвання даволі высокія, яны адрозніваюцца ад юрысдыкцыі да юрысдыкцыі. Таму ўніверсальнага адказу тут быць не можа».

Паводле Аганэсьяна, у залежнасці ад юрысдыкцыі, адзін і той жа расейскі алігарх можа быць як прызнаны тым, хто сваймі дзеяннямі падтрымлівае вайну, гэтак і не прызнаны: «Кожны кейс індывідуальны». Але, як лічыць суразмоўца, пацярпелыя ўкраінцы ўжо сёння могуць пачаць ісці гэтым шляхам, і гэтаму могуць паслужыць вынікі даследаванняў ІКАР.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў