Пастар царквы «Новае жыццё»: «Ніхто не застанецца непакараным, хто дакрануўся да святога»


Вячаслаў Ганчарэнка, пастар пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», якую ўлады знеслі 20 чэрвеня, запісаў відэазварот у адказ на руйнаванне святыні.

Вячаслаў Ганчарэнка, пастар царквы «Новае жыццё».
Фота: скрыншот з відэа/Новая Жизнь Минск/Telegram

Ганчарэнка назваў знос будынку царквы «абуральным беззаконнем».

«Нейкі час таму яго ў нас адабралі, потым спустошылі, а цяпер ён разбураны, ён разбураецца проста цяпер, на нашых вачах. Вы бачыце. Там трактар ездзіць. Усё, што было нашым храмам, цяпер разваліны», – сказаў Вячаслаў Ганчарэнка ў відэазвароце.

Пастар папярэдзіў «усіх тых людзей, якія былі ўдзельнікі ўсяго гэтага дзейства, прынялі рашэнне і сёння гэта разбураюць, руйнуюць».

«Гора вам. І пабойцеся Бога. Таму што Яго суд узгарыцца неўзабаве. Ніхто не застанецца непакараным, хто дакрануўся да святога. Таму што гэта не толькі маёмасць царквы, гэта Божая маёмасць. Пачытайце гісторыю. І прасіце прабачэння на каленях, прасіце міласці ў Бога, каб ён прабачыў вас», – сказаў Ганчарэнка.

Пастар зазначыў, што вернікі будуць «працягваць свой шлях», будуць «ісці далей».

«Будзем працягваць імкнуцца да таго, што Бог вызначыў для нас. І я веру, што адчыняцца новыя дзверы. Я веру, што час зменіцца», – зазначыў Вячаслаў Ганчарэнка.

Вернікам царквы і ўсім, хто сёння разам з ім, пастар пажадаў «цярплівасці, веры, любові».

Знос царквы «Новае жыццё» у менскім мікрараёне Сухарава распачаўся 20 чэрвеня.

Канфлікт уладаў і прыхаджанаў царквы «Новае жыццё» пачаўся яшчэ ў 2005 годзе. Тады менскія чыноўнікі пастанавілі выселіць царкву з будынку, пераабсталяванага ў 1992-м з былога кароўніку. Вернікі адмовіліся пакідаць царкву, збудаваную за іхныя сродкі, і нават арганізавалі пост-галадаванне. Сітуацыя прыцягнула міжнародную ўвагу.

Гарадскія чыноўнікі часова адступіліся, але затым канфлікт выбухнуў зноў. Судовыя выканаўцы дасылалі лісты, праводзілі размовы, аднак вернікі не саступалі. На месцы царквы ўлады планавалі збудаваць школу.

У лістападзе 2020 года вернікі царквы «Новае жыццё» запісалі відэа, у якім асудзілі гвалт з боку сілавікоў, непраўдзівыя сведчанні ў судах і рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі за іхныя погляды.

17 лютага 2021 года міліцыя і камунальныя службы проста выселілі царкву на вуліцу. З таго часу прыхаджане вымушаныя праводзіць набажэнствы на дварэ, на паркінгу каля забранага будынку. Улады прызналі сходы незаконнымі, вернікаў пачалі затрымліваць і штрафаваць. Рэпрэсіі і затрыманні зазнаў пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў