«Падчас праслухоўвання дрыжалі каленкі». Оперны спявак Ілля Сільчукоў – пра працу ў «Ля Скаля»


Оперны спявак Ілля Сільчукоў у 2020-м быў звольнены з Вялікага тэатру оперы і балету за грамадзянскую пазіцыю. Цяпер беларускі барытон спявае ў «Русалцы» Дворжака на сцэне тэатру «Ля Скаля» ў Мілане і рыхтуецца да прэм’еры «Дзікага палявання караля Стаха» ў Лондане. Падчас візіту «Белсату» ў славуты тэатр Ілля Сільчукоў распавёў Сяргею Падсасоннаму пра змены ў сваім жыцці, стаўленне да расейскае культуры пасля пачатку вайны і пераасэнсаванне айчыннае класікі.

Ілля Сільчукоў у «Ла Скала»
Ілля Сільчукоў перад будынкам тэатру «Ля Скаля». Мілан, Італія. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

– Не так даўно ў «Ля Скаля» ў спектаклі «Маленькі прынц» дырыжыраваў Віталь Алексіёнак. Цяпер на гэтай сцэне выступаеце вы. Гэта кажа пра тое, што ў беларусаў ёсць чым і кім ганарыцца.

– Безумоўна, гэта вялікі гонар – спяваць у гістарычна тэатры нумар адзін. Для опернага спевака гэта – адзнака якасці. Гэта той Эвэрэст, да якога кожны з нас усімі высілкамі стараецца падысці.

– Прэм’ера адбылася 6 чэрвеня. Як асабіста вы перажывалі выхад на сцэну, дзе спявалі найвыбітнейшыя з найвыбітнейшых?

– Больш трапяткім для мяне было спяваць тут падчас праслухоўвання на гэтую партыю ў канцы лістапада. Тады дрыжалі ножкі і каленкі: я разумеў, што тут спявалі падчас адбору вялікія, і слухалі іх вялікія, якія пісалі гэтую музыку. Нас тут атачаюць [Джузэпэ] Вэрдзі, [Гаэтана] Данідзэцці, [Вінчэнца] Бэлліні (размова адбываецца ў фае тэатру, дзе стаяць чатыры скульптуры італьянскіх оперных кампазітараў: Джаакіна Рассіні і траіх, пералічаных Іллём Сільчуковым. – Заўв. рэд.). Ну і звычайная адказнасць.

– Адказнасць і страх, што можна не прайсці праслухоўвання?

– Ну канешне. Усё ў адным пункце сустракаецца: і час, і месца. Ты мусіш быць гатовы на 150 % паказаць сябе з найлепшага боку. Такая прафесія.

Ілля Сільчукоў у Мілане
Оперны спявак Ілля Сільчукоў на адной з вуліцаў Мілану, Італія. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

– «Ля Скаля»– гэта такая вышыня, на якой хацеў б пабываць кожны: спявак – заспяваць, глядач – наведаць. Што пасля гэтай вышыні?

– Пасля дасягнення гэтае вышыні трэба з’явіцца на гэтай сцэне яшчэ раз. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ. І заставацца ў абойме такіх спевакоў, якія застаюцца тут. Гэта яшчэ цяжэй. Але буду старацца выступіць у галоўнай партыі. Партыя паляўнічага, з якой тут выступаю – на жаль, не цэнтральная, але выступаць нават з ёй – вялікі гонар.

– Спеў – вашае жыццё, яму вы прысвяцілі дзесяцігоддзі вашае працы. З 2005-га вы – саліст Вялікага тэатру оперы і балету ў Менску. Калі ўзнікла думка, што вы заспяваеце ў «Ля Скаля»?

– Так, у менскім Вялікім тэатры оперы і балету я правеў пятнаццаць выбітных сезонаў. Там гэта была не думка, а мара: спяваць у «Ля Скаля». Ёсць чацвёрка-пяцёрка тэатраў, дзе марыць выступаць оперны спявак. Акрамя «Ля Скаля» гэта «Мэтраполітан» [у Нью-Ёрку], «Ковэнт Гардэн» у Лондане і Венская дзяржаўная опера. Можна дадаць яшчэ Мюнхен і Берлін.

– То бок, ёсць яшчэ да чаго імкнуцца?

– Яшчэ шмат чаго трэба зрабіць.

– Вы ўжо меліся раней спяваць у «Ля Скаля» ў оперы «Таіс», але тады не атрымалася. Калі вы наагул упершыню пачулі пра гэты тэатр і захацелі ў ім пабываць?

– Гэта было, калі я чытаў кнігу ўспамінаў Тыта Руфа. Ягоны цудоўны – і тэмбрам, і моцаю голасу – барытон гучаў тут, на гэтых падмостках.

– Ці вы былі тут як глядач?

– Не, не быў. Але ў 1996-м прыязджаў у Мілан на харавы конкурс у складзе хору «хлопчыкаў-зайчыкаў» пры нашай Акадэміі музыкі.

– У 2020-м вы падтрымалі пратэсты ў Беларусі. Вы заспявалі «Магутны Божа». Гэта выклікалі вялікія эмоцыі, бо было чымсьці выбітным. Вас звольнілі. Прайшло тры гады, і цяпер – паводле іроніі лёсу – вы спяваеце ў «Ля Скаля».

– Гэта часцяком бывае ў жыцці. Не думаю, што мой выпадак асаблівы. Лічу, што кожны ў сітуацыях, калі трэба рабіць нейкі жыццёвы выбар, мусіць рабіць тое, што мусіць рабіць. Я рабіў тое, што лічыў неабходным. Маўчаць, калі нельга маўчаць, было непрымальным для мяне. Былі сумневы: а што далей? Мае бацькі жылі ў Злучаных Штатах, і некаторыя з нашага кіраўніцтва казалі, што «вось Сільчукоў падбухторвае вас, а потым з’едзе».

Ілля Сільчукоў у Мілане
Оперны спявак Ілля Сільчукоў на адной з вуліцаў Мілану, Італія. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

– Ну канешне, у пэўным сэнсе было куды з’ехаць, але ў прафесійным – канешне, цяжка. Панаваў каронавірус, гастролі былі адмененыя… Для нашае сям’і гэта, канешне, быў ідэальны шторм: я не мог выступаць у Беларусі, бо была забарона на афішныя канцэрты з маім удзелам, а за межамі – з увагі на кавідны лакдаўн. Нічога не спрыяла творчасці – і мы з’язджалі, бо трэба было нешта вызначаць у жыцці.

– З другога боку, без Вялікага тэатру ў Менску не было б і «Ля Скаля»…

– Я вельмі ўдзячны свайму тэатру і люблю яго. Там я нарадзіўся як спявак, яму я належу, ён асабняком стаіць у маім сэрцы, перадаю шчырыя вітанні ўсім маім калегам з Менску.

– Хацелася б заспяваць на той сцэне?

– Я веру ў тое, што не толькі я, але ўсе мы, хто быў звольнены, будзем спяваць на тых прыступках яшчэ раз.

– Калі адматаць час, зрабілі б тое самае?

– Канешне, безумоўна. Думаю, што нягледзячы на ўвесь боль, які мы адчулі, мы мусілі зрабіць тое, што зрабілі. Я веру, што гэтыя зярняты прарастуць.

– Быў страх тады?

– Безумоўна. Трэба было быць гатовым атрымаць па шапцы за гэта. А што рабіць?

– То бок, вы лічыліся з тым, што можаце быць звольненым?

– Была такая рызыка. У нас у краіне не любяць, калі выказваеш свае думкі, што не супадаюць з афіцыйнымі. Артыст, якія не можа казаць на сцэне пра тое, што напаўняе ягонае сэрца, становіцца частковым артыстам, ён не будзе мець такога ўплыву на гледача.

– Кажуць, што страту 2020-га і вайну ва Украіне вельмі цяжка сумясціць з культурай. Ці азначае гэта, што расейская класіка выжыве?

– Перакананы, што трэба і далей спяваць расейскамоўную музыку, яе вельмі шмат цудоўнай. Не бачу ніякай карэляцыі з тым, што адбываецца, з тым, што яе выкарыстоўваюць у нейкіх сваіх дарэчных матывах. Гэта не хіба музыкі, гэта не праблема Чайкоўскага. Гэтак жа сама я перакананы, што мы мусім спяваць нямецкую музыку: Шубэрт і Бэтховен не вінаватыя ў масакры, якую здзейсніў Гітлер у Еўропе.

Ілля Сільчукоў у Мілане
Оперны спявак Ілля Сільчукоў на адной з вуліцаў Мілану, Італія. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

– Наступная вялікая прэм’ера – «Дзікае паляванне караля Стаха» ў лонданскім тэатры «Барбікан», яго ставіць Мікалай Халезін. Вам дасталася галоўная партыя. Якія чаканні ад вераснёўскае прэм’еры?

– Так, я выконваю партыю Беларэцкага ў інсцэнізацыі паводле сюжэту Караткевіча. Для мяне гэта творчы выклік. Я яшчэ ніколі не спяваў музыкі, якой пісалі адмыслова [для мяне].

Перад нашым пакаленнем беларусаў стаіць задача пераасэнсоўвання класікі. Мы мусім знаходзіць шляхі да пераасэнсавання рэчаіснасці праз класіку наноў і наноў. Кожнае пакаленне мусіць пісаць сваю ўласную песню.

– Пад канец нашае размовы: што б вы сказалі беларусам?

– Лічу, што ўсё будзе добра. Верым, можам і абавязкова пераможам. Трэба заўсёды верыць. Лічу, што гэта галоўнае. Не трэба губляць надзеі. Надзея ёсць, яна акрыляе. З верай і надзеяй будзем ісці да перамогі Беларусі.

Размаўляў Сяргей Падсасонны. Відэа размовы глядзіце тут.

Стужка навінаў