Катаванні жанчын. Сілавікі маюць больш варыянтаў для ціску


Чаму важна асобна падтрымліваць жанчын-палітвязняў, і як гэтая ўразлівая група асабліва цярпіць пры зняволенні. Пра гэта да Тыдня супраць катаванняў мы пагутарылі з фем-кўір-актывісткаю Настаю Базар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні каля Камароўкі падчас жаночага маршу ў Менску.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Наста першым чынам звяртае ўвагу, што ні ў якім разе нельга абясцэньваць і не звяртаць увагі на тое, што катуюць і мужчынаў: «Я ні ў якім разе не параўноўваю, каго больш катуюць. Абсалютна ніхто ў нармальным грамадстве не павінен сутыкацца з катаваннямі. Але варта казаць асобна пра ўразлівыя групы людзей. Так, у адсоткавым плане больш цярпяць мужчыны, бо іх колькасна больш затрымліваюць і больш збіваюць. Жанчын таксама збіваюць. Да таго ж, у іх ёсць асаблівасці, што робяць іх больш уразлівымі».

Сексуалізаваны гвалт

Жанчыны нярэдка сутыкаюцца з тым, што падчас зняволення сілавікі пачынаюць да іх заляцацца ці нават папярэджваюць, што наведаюць іх пасля сканчэння тэрміну, бо ведаюць кантакты.

«Быў выпадак, калі адзін міліцыянт гаварыў жанчыне кампліменты, а калі яна выходзіла з турмы, то другі яго «супакоіў», маўляў, ты ведаеш, дзе яна жыве. Былі моманты, калі прасілі нумар тэлефона. Вядомая гісторыя, калі жанчына была вымушаная з’ехаць з Беларусі, бо пасля содняў зняволення быў намёк на сталкінг, на пераслед. Вядома, мужчыны таксама трапляюць пад пераслед, але ён палітычны. Жанчыны ж цярпяць і ад палітычнага, і ад сексуалізаванага пераследу», – адзначае Наста.

Актывістка падкрэслівае, што жанчына ў такім выпадку трапляе ў безвыходнае становішча: хіба можа ахвяра пераследу сілавікамі чакаць дапамогі ад міліцыі? Нават калі жанчына прыходзіць пісаць заяву аб сексуальным гвалце, ёй могуць даць штраф за пікет. То пра якую абарону можа ісці гаворка…

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш памяці Рамана Бандарэнкі. Пратэстоўцы ў раёне станцыі метро «Пушкінская».
Фота: ЛП / Белсат

«Таксама жанчынам адрасуецца вялікая колькасць сексуалізаваных пагрозаў. Сексуалізаваны гвалт – гэта не пра фізічнае задавальненне, а пра ўладу. Безумоўна, мужчыны таксама цярпяць ад гэтага, і да іх шмат спачування. Аднак мужчыны, хутчэй, гэта будуць рабіць з жанчынамі, чымся з мужчынамі», – падкрэслівае Базар.

Нечалавечыя ўмовы ў плане гігіены

Тое, што сілавікі перасталі выдаваць жанчынам сродкі гігіены, ужо даўно не навіна. Гэта вельмі спецыфічны чын гвалту, бо мужчыны з такім проста не сутыкаюцца.

«Калі ёсць улада, не ў сэнсе адказнасці за ўчынкі, а ў сэнсе моцы, іерархіі, магчымасці прыніжаць іншых, то ўсё, што зневажае, прыніжае, разбурае чалавека, выкарыстоўваецца. Атрымліваецца, што не даваць жанчынам пракладак – дадатковая магчымасць катаваць зняволеных», – падкрэслівае актывістка.

Жанчыны распавядалі, што ім адлучалі ваду, што не давала магчымасці памыцца і папраць адзенне, замест пракладак яны вымушаныя былі выкарыстоўваць шкарпэткі ці нават адрывалі кавалкі калашынаў – наколькі гэта негігіенічна, не варта і казаць. Нават калі ў каго і была пракладка, то яе максімальна доўгі час не мянялі, бо не было на што. Хадзіць з пракладкаю 8 гадзінаў і больш нельга, гэта можа пагражаць здароўю жанчыны.

«Гэта абсалютна недапушчальна, што жанчына не можа скарыстацца пракладкамі і сядзіць у акрываўленым адзенні, бо ў яе аплавы. Шчотку зубную могуць не даць і мужчыну, і жанчыне, але гэта ж зусім іншае. Атрымліваецца яшчэ адна магчымасць, дзе на жанчыну можна асабліва націснуць», – звяртае ўвагу Наста.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманні падчас маршу-пратэсту пад назваю «Народная інаўгурацыя» ў Менску.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ціск сваякамі

Пры цяперашнім стане ў Беларусі клопат пра дзяцей і састарэлых сваякоў збольшага кладзецца на жанчын. Гэта яшчэ адзін дадатковы інструмент ціску.

«Жанчына адказвае за дзяцей, за іхную бяспеку. Значыцца, гэта тое месца, на якое можна ціснуць. Да таго ж у Беларусі пасля разводу дзеці часцей застаюцца з жанчынамі. Нават калі гэта поўная сям’я, усё адно пагрозаю дзецям ціснуць на жанчын. Мужчыны ва ўмовах ціску часцей за ўсё з’яджаюць… Нібыта жанчына з дзецьмі ў бяспецы. Калі на жанчыну ціснуць, то ёй выпадае бегчы з дзецьмі. Праз тое, што ў нас патрыярхат, на жанчын кладзецца і адказнасць за састарэлых. Вядома, мужчыны таксама цярпяць ад псіхалагічнага ціску праз бацькоў, але жанчыны часцей даглядаюць састарэлых і часта не ўцякаюць ад пераследу праз тое, што ім няма з кім пакінуць бацькоў», – распавядае Базар.

Інтэрв’ю
Сацыяльна небяспечнае становішча як інструмент гвалту над жанчынамі
2021.11.26 07:30

Шмат для якіх жанчын такі псіхалагічны ціск становіцца вызначальным, каб застацца ў краіне і нікому не гаварыць пра свае гісторыі катавання.

«Не ўсе мужчыны з’яджаюць за мяжу, калі іхныя партнёркі вымушаныя бегчы ад пераследу. Калі ёсць дзеці, то яны звычайна едуць з маці. Уцякачцы за мяжою знайсці працу складана, а яшчэ і з дзецьмі – гэта асаблівы цяжар. Верагоднасць сексуальнага трафіку для жанчын ва ўцякацтве значна вышэйшая, чымся ў мужчынаў», – падкрэслівае Базар.

Гісторыі, якіх мы яшчэ не чулі

Калі ўзяцца чытаць гісторыі гвалту вязняў, кідаецца ў вочы тое, што гэта ў асноўным мужчынскія гісторыі. Пра здзекі з жанчын напісана зусім мала. На гэта ёсць цэлы шэраг прычынаў.

«Пытанне вельмі складанае. Мы вяртаемся да пытання свабоды не для ўсіх. Калі мы пачынаем казаць пра ўразлівыя групы, то чуем: «Цяпер не да таго». Я праглядаю незалежныя медыі за месяц і мне проста хочацца крычаць: жанчын вельмі мала. Я заўважала сітуацыі, калі жанчыны на сваіх старонках у сацсетках пісалі, што да іх прыйшлі з ператрусамі, затрымалі, а ў СМІ пра гэта не пісалі. У мяне ўражанне, што на жанчын няма фокусу ўвагі», – адзначае Наста.

Актывістка перакананая, што жанчыны не будуць гэтак жа адкрыта гаварыць пра свае катаванні яшчэ і таму, што баяцца пацярпець ад абвінавачання ахвяры:

«Калі я скажу, што мяне дыскрымінавалі не толькі як жанчыну, але і як лесбіянку, то пачую «вось давайце разбярэмся спачатку з галоўным, а потым з гэтым», і мяне зноў не пачуюць. Таму мяне гэта вельмі бянтэжыць. У жанчын больш пачуцця сораму і віны, якія нам з дзяцінства навязваюць. Жанчыны больш рызыкуюць сутыкнуцца з віктымблэймінгам, калі іх спытаюць, нашто яны пайшлі на марш. Калі я скажу, што мяне зневажалі паводле такіх і такіх прыкметаў, то я і ад «сваіх» магу атрымаць знявагі і абясцэньванне».

Да таго ж жанчыны, якія застаюцца ў Беларусі праз тое, што ў іх ёсць дзеці і састарэлыя бацькі, не могуць быць у бяспецы ды распавесці пра тое, што ім выпала перажыць – іначай яны зноў могуць пацярпець.

Марш справядлівасці
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына глядзіць на сілавікоў падчас Маршу справядлівасці ў Менску.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пра гісторыі катавання ЛГБТК-супольнасці мы амаль нічога не ведаем з той жа прычыны: пагрозы і магчымы віктымблэймінг стрымлівае людзей ад таго, каб адкрыта паведаміць, з чым ім давялося сутыкнуцца.

«Калі маіх каляжанак узялі, гэта было яшчэ ў 2020 годзе, ім казалі: маўляў, вы што, лесбухі? Вам што, рабіць няма чаго? То бок калі ў мяне няма мужчыны і калі мне няма каму варыць боршч, то я «ненармальная». Для мяне як для лесбіянкі гэта абразліва. Я чула пра пагрозы і зневажанні трансгендарных асобаў, але асабістых гісторыяў такога кшталту я не ведаю. Збольшага і таму, што казаць пра іх цяпер небяспечна тым, хто пацярпеў. Баюся, што з часам мы пачуем яшчэ гісторыі, пра якія пакуль гаварыць небяспечна, не толькі праз пераслед ад уладаў, але і ад знявагі грамадства з двух бакоў», – мяркуе актывістка.

Наста Базар падкрэслівае: калі нейкую групу дыскрымінуюць у грамадстве, то гэтая дыскрымінацыя шматкроць памнажаецца, калі людзі, якія дыскрымінуюць, маюць нашмат больш улады. Менавіта таму варта гаварыць пра кожную ўразлівую групу – пра людзей з хранічнымі хваробамі, пра жанчын, пра састарэлых асобаў, пра ЛГБТК ды іншых.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў