Мыты на ўвоз электрамабіляў увядуць з 2022 году. Калі беларускі бок не перадумае


У краінах Еўразійскага эканамічнага саюзу маюць увесці з 2022 году мыты ў памеры 15% мытнага кошту на ўвоз электрамабіляў – такія ж мыты дзейнічаюць для звычайных аўто. З вясны 2020 году мыты часова зрабілі нулявымі з ініцыятывы Беларусі.

Еўразійская эканамічная камісія падрыхтавала праект зменаў у адзіную Таварную наменклатуру знешнеэканамічнай дзейнасці і Адзіны мытны тарыф ЕАЭС, паведамляе расейскі «КоммерсантЪ». Грамадскае абмеркаванне завершылася 20 траўня. Прапановаў аб працягу нулявых мытаў на ўвоз электрамабіляў не паступала.

Беларускі бок не каментаваў адсутнасць прапановаў па працягу нулявых мытаў. Пры тым беларускі ўказ пра адмену сплаты падатку на даданую вартасць з увозу электрамабіляў для фізічных асобаў працягвае дзейнічаць да 2025 году. Ці трэба будзе плаціць нешта фізічным асобам, калі яны ўвозяць электрамабіль для асабістага карыстання, незразумела: пра выключэнні ў правілах ЕАЭС не паведамлялі.

Расейская «Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу» тым часам звярнулася ў расейскае Міністэрства эканомікі з прапановай працягнуць нулявыя мыты да 2024 году, бо гэта не будзе замінаць планам вытворчасці электрамабіляў у Расеі, а два гады адсутнасці мытаў – занадта малы час, каб сфармаваўся значны аб’ём рынку.

У Еўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Расея, Беларусь, Арменія, Казахстан і Кыргызстан. Ніводная з гэтых краінаў не наладзіла масавага выпуску электрамабіляў.

Hавiны
«БелДжы» пакуль не гатовы выпускаць электрамабілі
2020.03.10 13:55
Стужка навінаў