У 86 гадоў памёр гісторык Каўка, які распавёў свету пра русіфікацыю ў БССР


У Маскве на 87 годзе жыцця памёр беларускі гісторык, літаратуразнаўца і грамадскі дзеяч Аляксей Каўка. Пра гэта паведаміў літаратуразнаўца Міхась Скобла.

Аляксей Каўка.
Фота: Aleksandrs Čaičics / Wikimedia

Аляксей Каўка нарадзіўся ў 1937 годзе ў Ігуменскім раёне на Меншчыне, скончыў БДУ, Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Доктар філалагічных навук (1991), кандыдат гістарычных навук (1971).

Каўка даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, распрацоўваў праблемы адраджэння і станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, творчасці Францішка Скарыны, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, Мікола Улашчыка. Укладальнік літаратурна-навуковых штогоднікаў «Скарыніч». У 1988-1990 гадах узначальваў Таварыства беларускай культуры імя Скарыны ў Маскве, дзе працаваў з 1987 года ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя Максіма Горкага Расейскай Акадэміі навук.

У 1976-1977 гадох Каўка напісаў палемічны твор «Ліст да расейскага сябра», дзе распавёў пра стан беларускай мовы і парушэнне моўных правоў у БССР. Паколькі ў 1979-1982 гадах ён працаваў дарадцам амбасады СССР у Польшчы, то змог перадаць гэты твор за мяжу, дзе яго апублікавалі ў Лондане на расейскай і англійскай мовах у 1979 годзе.

Таксама дзякуючы дыпламатычнаму пашпарту Каўкі на Захад пераправілі паштоўку беларускага мастака Яўгена Куліка, была прысвечаную 1000-годдзю Беларусі. Беларуская дыяспара ў ЗША надрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па свеце, што стала прадметам разбору КДБ.

Каўка таксама пераслаў на Захад рукапіс кнігі беларускага сацыёлага Алега Бембеля «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» пра моўную і нацыянальную палітыку ў БССР. У 1985 годзе кнігу выдалі ў Лондане на беларускай мове. Ад пераследу аўтара выратавала Перабудова.

У 1991 годзе пасля спробаў задушэння пратэстаў у Літве Каўка даслаў на імя Міхаіла Гарбачова тэлеграму аб сваім выхадзе з «партыі-жандара і ворага нацыянальнага самавызначэння народаў».

У 2019 годзе быў узнагароджаны медалём да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў