Кітай — вялікі брат, Расея — малодшы. Вынікі сустрэчы ў Крамлі


20 сакавіка старшыня КНР Сі Цзінь Пін і прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін сустрэліся ў фармаце тэт-а-тэт. Афіцыйныя перамовы з удзелам дэлегацый дзвюх краінаў запланаваныя на 21 сакавіка. Пра што цягам чатырох з паловай гадзінаў размаўлялі Пуцін і Сі, якія пытанні яны закранулі і як можна інтэрпрэтаваць выказванні палітыкаў пасля заканчэння размовы? Мы папрасілі ацаніць вынікі гэтай сустрэчы кітаіста Аляксея Чыгадаева.

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін назірае за маршам у маскоўскім аэрапорце «Унукава» ў Маскве, Расея. 20 сакавіка 2023 года.
Фота: Xinhua / Xie Huanchi / East News

Тонкасці пратаколу

Самалёт Сі Цзінь Піна прызямліўся ў аэрапорце «Унукава» а 12:59 паводле маскоўскага часу 20 сакавіка. Гэта першы замежны візіт старшыні КНР пасля абрання на пасаду кіраўніка дзяржавы на трэці тэрмін. Аднак характэрна, што, нягледзячы на важнасць візіту для Масквы, Уладзімір Пуцін не прыехаў асабіста сустракаць кітайскага лідара. Гэтую ролю даверылі віцэ-прэм’еру Дзмітрыю Чарнышэнку.

Гэты факт сапраўды звярнуў на сябе ўвагу: у расейскіх СМІ нават з’явіўся каментар прафесара кафедры дыпламатыі і консульскай службы Дыпакадэміі Уладзіміра Вінакурава, які адзначыў, што Сі сустракаў менавіта Чарнышэнка, «паколькі падчас візіту плануецца развязаць пытанні, якія ляжаць у сферы ягонай адказнасці».

Аляксей Чыгадаеў назваў тое, што адбылося, тонкай дыпламатычнай гульнёй. «Расея вельмі баіцца страціць свой статус вялікай дзяржавы і даць хоць нейкі доказ таго, што цяпер Кітай – вялікі брат, а Расея – малодшы. Гэта падкрэсліваецца ва ўсіх заявах. Наколькі я разумею, гэтыя заявы ўзгадняюцца і з кітайскім бокам, каб не прагучала нейкіх незразумелых метафар». Кітайцы, у сваю чаргу, досыць тактоўныя, каб не рабіць такіх заяваў услых. Таму для спадара Сі непрыезд Пуціна ў аэрапорт – гэта не праблема, Пуцін па-ранейшаму застаецца сябрам, а Расея –партнёрам.

Іншае пытанне, што, мяркуючы са сціплага асвятлення ў кітайскай прэсе, для Кітаю гэты візіт не з’яўляецца нейкай выключнай падзеяй, а ўсяго толькі адзін з тысяч візітаў, якія Сі Цзін Пін робіць на працягу года.

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін паціскаюць адзін аднаму рукі перад перамовамі ў Крамлі. Масква, Расея. 20 сакавіка 2023 года.
Фота: Russian Presidential Press Office / AP / East News

Сама сустрэча, адзначае эксперт, прайшла ў адпаведнасці з усімі дыпламатычнымі пратаколамі, на ёй не адбылося нічога незвычайнага. Лідары абмяняліся прывітаннямі, зрабілі заявы аб дружбе і супрацоўніцтве. Пры гэтым расейскія медыі асабліва падкрэслівалі, што Сі Цзін Пін называў Уладзіміра Пуціна «дарагім сябрам». Як адзначае Аляксей Чыгадаеў, «Сі Цзін Пін кажа прыкладна тое ж самае кожнаму другому аўтарытарнаму лідару, і ўсе яны самыя лепшыя сябры, і супрацоўніцтва ў іх заўсёды самае выдатнае. Тут няма сенсацыі», але для такой краіны, як Расея, якой патрэбна падтрымка і легітымізацыя дзеянняў, неабходна счытваць пазітыўны сэнс у кожнай падобнай фразе.

Кітай не падтрымаў Расеі

Гаворачы агулам аб мінулай сустрэчы, эксперт адзначае, што самым важным вынікам стала тое, што Кітай па-ранейшаму не падтрымвае афіцыйна пазіцыю Расеі што да Украіны. Ён не пазначыў сябе як бок канфлікту і не зрабіў заяваў, што становіцца верным сябрам і паплечнікам Расеі. На сённяшні дзень, кажа Аляксей Чыгадаеў, гэта самы галоўны мэсідж, які хацеў данесці кітайскі лідар. Хоць самыя заўзятыя правыя нацыяналісты чакалі ад яго палітычнай заявы з відавочнай падтрымкай дзеянняў Расеі.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што ўважліва вывучыў прапанову па мірным урэгуляванні «ўкраінскага крызісу» і гатовы абмеркаваць яе са спадаром Сі. Ці значыць гэта, што Пуцін збіраецца прытрымвацца гэтага плану? Аляксей Чыгадаеў лічыць, што «прытрымвацца плану можна проста зараз, паколькі ён пусты, бессэнсоўны і не прапануе ніякіх практычна рашэнняў. Усё хараство гэтага плану ў тым, што ён за ўсё добрае супраць усяго дрэннага». Словы Пуціна прагучалі хутчэй як зваротная рэакцыя ў бок Кітаю, які выдаткаваў свой час на тое, каб напісаць падобны план, які ўсё ж нікому не спадабаўся. Эксперт гэта называе хутчэй «дыпламатычнай гульнёй, якая не нясе за сабой ніякіх наступстваў».

«Для Пуціна галоўная мэта – пастаяць побач з вялікім чалавекам, каб прадэманстраваць свету, што ён не адзін, што ў яго ёсць моцнае плячо, на якое ён можа абаперціся», – такую ацэнку сустрэчы лідараў даў Аляксей Чыгадаеў.

Больш эканомікі, чым палітыкі

На думку эксперта, гэты візіт можна ахарактарызаваць як «цалкам дзелавы і эканамічны». Ён больш пра эканамічную інтэграцыю, таму на яго былі запрошаны кіраўнік Цэнтрабанку, міністр эканамічнага развіцця і іншыя. Такія візіты рыхтуюцца вельмі працяглы час – на працягу паўгода. На сустрэчах, хутчэй за ўсё, будуць абмяркоўвацца пытанні плацяжоў і падключэння расейскіх банкаў да кітайскіх плацёжных сістэмаў, інвестыцыяў, пастаўкі рэсурсаў і, натуральна, супрацоўніцтва ў вайскова-прамысловай сферы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кітайскія юані. Крыніца: money24.kharkov.ua

Тым не менш эксперт сумняваецца, што па выніках гэтай сустрэчы атрымаецца дасягнуць нейкіх сур’ёзных рашэнняў. Будуць падпісаныя мемарандумы, у якіх будуць прапісаныя вельмі прыгожыя і ўражлівыя сумы, але ў выніку не зменіцца практычна нічога. Таму што Сі Цзін Пін збірае «зваротную сувязь» ад усіх удзельнікаў падзеяў у рэгіёне. Ён складае нейкі план, каб пазней пачаць гандаль з ЗША, выставіўшы спіс сваіх патрабаванняў, сфармаваных па выніках візіту ў Расею і тэлефанавання прэзідэнту Украіны. Маўляў, «не хочаце, каб мы пастаўлялі ўзбраенне ў Расею, не пастаўляйце ўзбраенне ў Тайвань» і г. д.

Ці будзе званок Зяленскаму?

Логіка рацыянальных кітайскіх паводзін падказвае, што такі званок неабходны, у першую чаргу, дзеля таго, каб атрымаць тую самую зваротную сувязь, выслухаўшы спачатку Пуціна, а затым Зяленскага. Для Сі Цзін Піна, на думку Аляксея Чыгадаева, у гэтым рызык няма ніякіх. Кітай напэўна скажа, што ён цвёрда прытрымліваецца суверэнітэту Украіны, тэрытарыяльнай цэласнасці і сыдзе гандлявацца.

Спікер Міністэрства замежных справаў Украіны Алег Нікаленка заявіў, што ва Украіне ўважліва сочаць за візітам і чакаюць, «што Пекін выкарыстоўвае свой уплыў на Маскву, каб прымусіць яе спыніць агрэсіўную вайну супраць Украіны».

Візіт Сі Цзін Піна ў Маскву працягнецца да 22 сакавіка. Афіцыйныя перамовы паміж дэлегацыямі прызначаныя на 21 сакавіка, яны пройдуць у вузкім і пашыраным складах.

Аналітыка
Місія Сі. Як Кітай можа паўплываць на канфлікт РФ і Украіны?
2023.03.17 18:36

Раман Шавель / АА belsat.eu

 

Стужка навінаў