Місія Сі. Як Кітай можа паўплываць на канфлікт РФ і Украіны?


Кітайскі лідар Сі Цзінь Пін 20-22 сакавіка наведае Маскву з афіцыйным візітам. Чакаецца, што падчас сустрэчы з расейскім кіраўніцтвам будзе абмяркоўвацца кітайскі мірны план. Акрамя таго, не выключана, што пасля візіту ў Маскву адбудзецца онлайн-перамова Сі Цзінь Пін з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Ці можа Кітай паспрыяць заключэнню міра паміж Расеяй і Украінай?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сі Цзінь Пін і Уладзімір Пуцін.
Фота: Sergei Ilnitsky / Pool / AFP Photo / East News

Мірны план і яго лабіяванне

Пра магчымы візіт Сі Цзінь Пін у Маскву загаварылі ў канцы лютага. Спачатку высокапастаўлены кітайскі дыпламат, кіраўнік канцылярыі па замежных справах ЦК Кампартыі Ван І правёў шэраг сустрэчаў з заходнімі дыпламатамі на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, дзе анансаваў мірны план КНР па ўрэгуляванню канфлікту ва Украіне. Пасля гэтага, 21-22 лютага, Ван І наведаў Расею, дзе правеў перамовы з Уладзімірам Пуціным і іншымі прадстаўнікамі расейскага кіраўніцтва. Падчас сустрэчы Пуцін заявіў, што цяпер чакае ў Маскве «свайго сябра» Сі Цзінь Піна. Яшчэ праз два дні, 24 лютага, Пекін апублікаваў свае мірныя прапановы.

Аналітыка
Расея і Украіна наўрад ці пойдуць на кітайскі мірны план. Нашто тады Кітай яго публікаваў?
2023.02.24 20:31

Кітайскі мірны план, які складаецца з 12 пунктаў, сфармуляваны вельмі расплывіста. Пекін прапануе гарантаваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць усіх краінаў, адмовіцца ад палітыкі аднабаковых санкцыяў, спыніць агонь і пачаць мірныя перамовы. Аднак у дакуменце не ўдакладняецца, якім чынам трэба спыніць агонь і якія межы мусяць мець Расея і Украіна. Акрамя таго, Кітай не прызнае сам факт агрэсіі Расеі супраць Украіны і такім чынам дэ-факта адстойвае роўныя правы бакоў у гэтым канфлікце.

Такі падыход быў раскрытыкаваны саюзнікамі Украіны. Сярод краінаў Захаду ў падтрымку ініцыятывы Пекіну выступіла толькі Вугоршчына. Асабліва негатыўна кітайскія прапановы былі ўспрынятыя ў Вашынгтоне. «Я не ўбачыў у плане нічога, што паказвала б на тое, што рэалізацыя кітайскага плана была б выгадная камусьці, акрамя Расеі», – заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

У Кіеве ўстрымаліся ад рэзкай крытыкі, аднак у цэлым паставіліся да ініцыятывы КНР скептычна. «Я не думаю, што гэта мірны план. Мне здаецца, што Кітай проста выказаў свае думкі», – адзначыў Уладзімір Зяленскі. У Маскве заявілі, што падзяляюць меркаванне Кітаю, але падкрэслілі, што пакуль не бачаць перадумоў для выхаду сітуацыі ў мірнае рэчышча. Таксама ў МЗС РФ заклікалі прызнаць «новыя тэрытарыяльныя рэаліі» – то бок легітымізаваць захоп украінскіх тэрыторыяў.

Яшчэ да публікацыі мірных прапановаў «The Wall Street Journal» паведамляў, што візіт у Маскву Сі Цзінь Пін выкарыстае для прасоўвання сваёй ініцыятывы па пераходзе да шматбаковых перамоваў з мэтай завяршэння ўзброенага канфлікту ва Украіне.

Цяпер стала вядома вядома, што візіт кітайскага лідара адбудзецца 20-22 сакавіка. Ні Масква, ні Пекін афіцыйна не заяўлялі, што вайна будзе тэмай №1 на перамовах. Аднак у кітайскім МЗС у кантэксце будучай сустрэчы падкрэслілі, што Кітай мае намер «адыграць канструктыўную ролю ў прасоўванні перамоваў» адносна ўкраінскага крызісу.

«Пазіцыя Кітая зводзіцца да адной прапановы, якая заключаецца ў тым, каб заклікаць да міру і садзейнічаць перамовам», – заявілі ў вонкавапалітычным ведамстве КНР.

За каго гуляе Пекін?

Некаторыя бачаць у 12 пунктах кітайскага плану адлюстраванне інтарэсаў Масквы. Па сутнасці, Пекін прапаноўвае замарозіць канфлікт без папярэдніх умоваў. Пра вывад расейскіх войскаў з акупаваных тэрыторыяў і нават пра прызнання гэтых тэрыторыяў акупаванымі ў дакуменце нічога не гаворыцца. Такі падыход прынцыпова несумяшчальны ні з украінскай «формулай міру», ні з прынцыповай пазіцыяй Захаду наконт павагі да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Раней расейскі кітаязнаўца Канстанцін Хахалін у каментары «Белсату» выказаў здагадку, што Кітай мог выступіць з гэтай мірнай ініцыятывай наогул па просьбе Масквы.

Аднак ёсць і іншыя меркаванні. Напрыклад, навуковы супрацоўнік Фонду Карнегі, кітаязнаўца Темур Умараў мяркуе, што Пекін хоча сваімі мірнымі прапановамі хутчэй дыстанцыявацца ад Расеі. У свеце ўсё часцей успрымаюць КНР як негалоснага хаўрусніка РФ, што Пекіну не вельмі падабаецца. «Насамрэч гэта хутчэй не прарасейскія, а пракітайскія пункты. Пекін паводзіць сябе вельмі прагматычна і пагаджаецца толькі з тымі момантамі ў вайне супраць Украіны, якія выгадныя ў першую чаргу яму самому», – падкрэсліў ён у інтэрв’ю «Медузе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jade Gao / AFP / East News

Стрыманая рэакцыя Масквы на мірную ініцыятыву КНР сведчаць на карысць апошняй версіі. Сапраўды сітуацыя тут зусім не адназначная. Пекін агучыў прапановы ў фармаце «за ўсё добрае, супраць усяго дрэннага», таму кожны з бакоў пры жаданні можа знайсці ў іх тое, з чым ён пагадзіцца. Напрыклад, у Кіеве ўхапіліся за тэзіс аб тэрытарыяльнай цэласнасці, бо ўспрынялі гэта як сігнал у падтрымку вызвалення акупаваных тэрыторыяў. Маскве спадабалася ідэя адмовы ад палітыкі санкцыяў, бо ў гэтым пункце яны ўбачылі выпад супраць Захаду. Аднак гэтай дваістасці Крамлю яўна недастаткова, каб заключыць мір на сваіх умовах.

Кітайскае кіраўніцтва пераследуе ў дадзенай сітуацыі свае мэты. З аднаго боку, КНР лічыць немэтазгодным уцягвацца ў наўпроставы канфлікт з ЗША і ЕЗ з-за імперскіх фантазіяў Расеі. З іншага боку, кітайцы не хочуць дапусціць разгрому РФ і падзення аўтарытарнага пуцінскага рэжыму – у такім выпадку яны страцяць карыснага партнёра, які таксама імкнецца да зніжэння ўплыву ЗША ў сусветнай палітыцы. Перамога Украіны прывядзе да змены балансу сіл і дамінавання заходніх правілаў на міжнароднай арэне, што супярэчыць геапалітычным інтарэсам Пекіна. Таму кітайцы дапамагаюць Расеі эканамічна, у тым ліку пастаўляючы тавары двайнога прызначэння. Больш за тое, паводле звестак уладаў ЗША, Пекін разважае над пастаўкамі зброі і боепрыпасаў. Праўда, маштабная вайсковая дапамога Расеі з боку Кітая ўсё-ткі з’яўляецца малаімавернай – наўрад ці Пекін гатовы цяпер кардынальным чынам перагледзіць прынцыпы сваёй міжнароднай палітыкі. Інакш кітайская дыпламатыя не агучвала свае 12 мірных пунктаў.

Аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Марцін Пшыходняк і вайсковы эксперт з Ізраілю Сяргей Мігдаль у інтэрв’ю «Белсату» адзначалі, што мірны план КНР не атрымае падтрымкі ў Маскве і Кіеве, і кітайскае кіраўніцтва гэта цудоўна разумее. Мяркуючы па ўсім, Пекін разлічвае на іншае.

«Імаверна, што галоўная мэта зʼяўлення гэтага дакументу – палепшыць уласную рэпутацыю на сусветнай арэне», – заявіў RFE/RL адзін высокапастаўлены чыноўнік Еўразвязу.

Вельмі падобна на тое, што гэта сапраўды так. Канфліктуючы бакі прапановы КНР не надта зацікавілі. Але для нейтральных дзяржаваў глабальнага Поўдня, чые інтарэсы канфлікт ва Украіне не закранае, мірныя ініцыятывы (нават цалкам нерэалістычныя) будуць выглядаць вельмі прывабна. У іх вачах сітуацыя будзе выглядаць наступным чынам: Захад і Расея сышліся ў бескампрамісным супрацьстаянні і толькі Кітай спрабуе спыніць канфлікт дыпламатычным шляхам. Такая карціна будзе станоўча ўплываць на імідж Пекіна. Тым больш, што кітайцы толькі што дасягнулі бліскучага поспеху на міратворчай ніве: пераканалі Іран і Саудаўскую Аравію аднавіць дыпламатычныя стасункі.

Разлік Украіны і Захаду

Разам з тым, Захад не стаў абмяжоўвацца крытычнымі каментарамі адносна мірнага плану Пекіну. На гэтым тыдні ЗША і Канада заклікалі Сі Цзінь Піна правесці перамовы з Уладзімірам Зяленскім. «Калі Кітай сапраўды хоча гуляць ролю ў мірных перамовах па Украіне, то, перш за ўсё, павінна адбыцца размова паміж двума лідарамі, – заявіла міністарка замежных справаў Канады Мэлані Жалі. Тую ж думку агучылі і ў Вашынгтоне. «КНР і сам прэзідэнт Сі павінны непасрэдна пачуць украінскі пункт гледжання, а не толькі расейскі», – падкрэсліў дарадца прэзідэнта Злучаных Штатаў у нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Джо Байдэн і Сі Цзінь Пін.
Фота: Mandel Ngan / AFP / East News

Гэта зусім не значыць, што на ЗША і Канада раптам пачалі сімпатызаваць кітайскаму мірнаму плану. Аднак уцягванне КНР у мірныя перамовы само па сабе можа быць карысна для Захаду. Як мінімум, гэта будзе стрымліваць Пекін ад больш актыўнай падтрымкі Расеі – статус пасярэдніка накладзе на кітайцаў свае абавязкі.

Па тых жа прычынах у перамовах Зяленскага і Сі Цзінь Піна зацікаўлены ўкраінцы: лепш на міжнароднай арэне Кітай будзе выступаць у ролі пасярэдніка, нейтральнага боку, чым негалоснага саюзніка РФ. Зелянскі яшчэ ў лютым заявіў, што разлічвае на сустрэчу з кітайскім кіраўніцтвам. Паводле «The Wall Street Journal», пасля візіту ў Маскву Сі Цзінь Пін сапраўды плануе правесці перамовы з Зяленскім – упершыню з пачатку вайны. Аднак афіцыйна ў Пекіне пакуль не пацвярджалі гэтыя планы.

Калі Сі Цзінь Пін адмовіцца ўлічваць інтарэсы Украіны і працягне кантактаваць толькі з Масквой, то гэта дасць Захаду падставы абвінаваціць Кітай у крывадушнасці. Зарабіць рэпутацыйныя бонусы на гульнях у міратворчасць у Пекіна ў такім выпадку не атрымаецца.

Калі ў КНР раптам здолее зблізіць пазіцыі Масквы і Кіева, падштурхнуць іх да ўзаемных саступак, то для Захаду гэта таксама будзе выгадна. Ніхто не хоча бясконцай вайны. Саюзнікі Украіны маюць кансэнсус адносна таго, што Расея мусіць пацярпець паразу ў гэтым канфлікце. Аднак кансэнсусу наконт таго, як павінна выглядаць расейская параза, на Захадзе няма. Таму калі Кіеў сам змякчыць свае патрабаванні да Расеі (напрыклад, пагадзіцца вярнуцца да межаў 24 лютага 2022-га, а не 1991 году), то некаторыя заходнія краіны, імаверна, будуць гэты крок толькі вітаць.

Праўда, на дадзеным этапе такі кампраміс выглядае нерэалістычна.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў