Усіх пацярпелых у аварыі пад Смалявічамі перавялі ў іншыя шпіталі


Пацярпелых ў аварыі пад Смалявічамі, якая адбылася ўдзень 20 лютага, пасля стабілізацыі стану перавялі з Смалявіцкай раённай больніцы ў іншыя шпіталі, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Аварыя пад Смалявічамі.
Фота: sudexpert.gov.by

Пасля стабілізацыі стану 5 пацярпелых перавялі ў абласны шпіталь, яшчэ трох чалавек – у Цэнтр спалучанай траўмы Шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі, 1 параненую дзяўчынку перавялі ў Навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі.

Першапачаткова пацярпелыя былі дастаўленыя ў Смалявіцкую раённую больніцу. Шасцёра з іх былі ў цяжкім стане, трое атрымалі траўмы сярэдняй ступені цяжкасці, распавядаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. З іх чацвёра трапілі ў рэанімацыю, а траіх адразу прыйшлося апераваць.

Нагадаем, 20 лютага на трасе каля Смалявічаў здарылася страшная аварыя: маршрутка з людзьмі сутыкнулася з гружаным МАЗам. У аварыі загінулі 11 чалавек, сярод якіх дзіця. У больніцу ў Смалявічах былі шпіталізаваныя 9 чалавек. На месца выехаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

Міліцыянты высвятляюць акалічнасці здарэння і забяспечваюць аб’езд месца ДТЗ.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 («Парушэнне Правілаў дарожнага руху, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці дзвюх і болей асобаў») і звяртаецца да відавочцаў з просьбай паведаміць наяўную ў іх інфармацыю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў