Бацька палітычнага вязня Дзмітрыя Фурманава: «Мы ганарымся, што ў нас такі сын»


Блогер Сяргей Ціханоўскі і ягоныя паплечнікі першымі адчулі на сабе ўдар рэпрэсіяў з боку ўладаў: актывістаў пачалі затрымліваць яшчэ ў траўні 2020 года. Сёння над імі адбываюцца суды ў «справе Ціханоўскага», у якой праходзяць мінімум 19 фігурантаў.

Палітычны вязень Дзмітрый Фурманаў быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гарадзенскай вобласці. Яго затрымалі падчас збору подпісаў у Горадні 29 траўня мінулага года: шэсць сілавікоў у цывільным выцягнулі гарадзенца разам з крэслам з-за стала. Усё гэта адбылося на вачах ягоных бацькоў. У той жа дзень затрымалі Сяргея Ціханоўскага і некаторых іншых ягоных паплечнікаў.

Аляксандр Фурманаў, бацька палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава каля турмы ў Горадні.
Фота: МК / Белсат

«Мы размаўлялі з Дзімам пра тое, што яго могуць затрымаць. Ён нас да гэтага нават рыхтаваў. Але тое, як гэта адбылося 29 траўня, стала для нас нечаканасцю», – распавядае «Белсату» Аляксандр Фурманаў, бацька палітычнага вязня.

Мы сустрэліся з Аляксандрам на наступны дзень пасля чарговага судовага паседжання. Разам з жонкаю яны не прапусцілі ніводнага суда: прыходзяць, каб хоць некалькі гадзінаў паглядзець на сына.

«Вочы вясёлыя. Жэстамі паказвае, што ўсё добра. Для нас такое маленькае свята – пабачыць яго», – кажа спадар Аляксандр.

Аляксандр Фурманаў, бацька палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава каля турмы ў Горадні.
Фота: МК / Белсат

«З дзяцінства ў яго вельмі абвостранае пачуццё справядлівасці»

Аляксандр Фурманаў – сын вайсковага лётчыка, сам вайсковы выведнік на пенсіі. Доўгі час жыў і вучыўся ў Казахстане, дзе пазнаёміўся з будучаю жонкаю Вольгай. Пасля вайсковай вучэльні ў Алматы па размеркаванні паехалі на Далёкі Усход, у Амурскую вобласць. Там нарадзіўся старэйшы сын Аляксей. Пасля была служба ў Чэхаславаччыне, у Празе, дзе нарадзіўся другі сын – Дзіма.

«Ён у нас чэшаня», – цёпла ўсміхаючыся, кажа спадар Аляксандр.

Ліст Дзмітрыя Фурманава да родных з гарадзенскай турмы.
Фота: МК / Белсат

Агулам Фурманавы змянілі 12 гарнізонаў, апошнім месцам службы сталася Горадня. Тут Дзіма пайшоў у першы клас, скончыў школу, паступіў ва ўніверсітэт на інжынера-механіка. Разам з братам выхоўваліся строга, на павазе да старэйшых.

«Дзіма, у адрозненне ад старэйшага сына, заўсёды быў вельмі спакойным хлопцам. Любіў уседлівыя гульні і парадак. У ягоным стале, напрыклад, заўсёды ўсё было вельмі акуратна складзена: пеналы, сшыткі, алоўкі… Мы ніколі не прымушалі яго рабіць хатніх заданняў, з першага класу ён быў цалкам самастойным і адказным. Калі пасталеў, зацікавіўся роварным рухам. У «ВелаГорадня» пазнаёміўся са сваёй дзяўчынаю Воляй», – распавядае бацька палітычнага вязня.

Аляксандр Фурманаў.
Фота: МК / Белсат

Пасля навучання Дзмітрый змяніў некалькі месцаў працы, апошнія 10 гадоў працаваў вядучым інжынерам у «Аблаўтатрансе».

«Ездзіў па вобласці, кантраляваў працэсы. Казаў, што ўжо перарос гэтую пасаду, але ніякіх перспектываў для сябе не бачыў, таму пастанавіў пайсці на курсы айцішнікаў, каб памяняць сферу дзейнасці», – згадвае спадар Аляксандр.

Дзмітрыю запрапанавалі новую працу, ён нават паспеў схадзіць на сумоўе, але травеньскія падзеі ўсё перакрэслілі.

«Дзіма раней не асабліва цікавіўся палітыкай, але з самага дзяцінства ў яго вельмі абвостранае пачуццё справядлівасці. Ён не пераносіць безгаспадарнасці, непавагі да людзей. Сын неаднаразова звяртаўся з лістамі і заявамі ў мясцовыя органы ўлады: напрыклад, праз ямы на дарогах. Ён не мог прамаўчаць, спрабаваў уплываць на сітуацыю. Але яму калі і адказвалі, то адпіскамі», – зазначае бацька.

Дзмітрый Фурманаў з дзяўчынай Воляй. Фота з сямейнага архіву

Паводле спадара Аляксандра, калі Сяргей Ціханоўскі пачаў ездзіць па рэгіёнах і паказваць на сваім канале жыццё звычайных людзей, гэта вельмі адгукнулася Дзіму. Ён звязаўся з блогерам, а калі Ціханоўскі прыязджаў у Горадню, Дзмітрый вадзіў яго па горадзе і паказваў, якія праблемы тут ёсць. За гэта на яго склалі першы ў жыцці пратакол.

Калі пачалася перадвыбарчая кампанія, Дзмітрый стаў гарадзенскім каардынатарам ініцыятыўнай групы для збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдаткаю на прэзідэнта. Ездзіў з пікетамі па вобласці, сустракаўся з людзьмі.

Аляксандр з жонкаю спачатку не ўспрымалі такой дзейнасці сур’ёзна.

«Збяромся ўсёй сям’ёй – і як пачнецца размова пра палітыку! Спрэчка была страшная. Раней я дзвюма рукамі быў за Лукашэнку. Дзіма з пачатку казаў: вы памыляецеся, не глядзіце тэлевізара, тое, што там паказваюць, – хлусня. З часам мая ўпэўненая пазіцыя «за Лукашэнку» пачала хістацца. Сапраўды, у тэлевізары паказваюць адно, а ў рэальнасці ты бачыш зусім іншае. Сяргей Ціханоўскі паказваў, што адбываецца ў розных раёнах Беларусі, і мы пабачылі, што існуе процьма праблемаў», – кажа спадар Аляксандр.

Дзмітрый Фурманаў падчас збору подпісаў на дазволеным пікеце ў Горадні. Фота з сямейнага архіву

«З першай гадзіны мы пачалі за яго барацьбу»

У чарговы прыезд Сяргея Ціханоўскага ў Горадню 29 траўня 2020 года здарыўся інцыдэнт: да блогера падышлі дзве жанчыны і сталі задаваць яму правакацыйныя пытанні. Сяргей адыходзіў ад іх, але яны ўсё роўна чапляліся. Неўзабаве падышлі два міліцыянты, і людзі сталі засланяць блогера ад іх. Затым адзін з міліцыянтаў раптоўна ўпаў на зямлю.

У выніку 15 асобаў былі затрыманыя АМАПам: разам з Ціханоўскім зняволілі і Дзмітрыя Фурманава.

«Адна рэч, як яны кажуць: маўляў, падышлі міліцыянты ў форме, папрасілі прайсці з імі. А Дзіму ж проста выкралі: шэсць чалавек у штацкім падбеглі ззаду, схапілі яго і павалаклі да машыны, у гэты час білі, закінулі ў цёмна-сіні бус на менскіх нумарах і там яшчэ білі», – адзначае тата Дзмітрыя.

Бацькі доўга спрабавалі даведацца, дзе іхны сын і чаму яго забралі.

«З першай гадзіны мы пачалі за яго барацьбу. Што я толькі ні рабіў. Напісаў адкрыты ліст Лукашэнку, пісаў у Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт, Адміністрацыю прэзідэнта. Паўсюль як аб сценку ілбом стукаўся», – адзначае Аляксандр Фурманаў.

Святлана Ціханоўская і маці Дзмітрыя Фурманава Вольга каля СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску. Фото: ТК / «Белсат»

Пасля ўсіх марных спробаў дагрукацца да ўладаў бацькі пайшлі на адчайны крок: абвесцілі галадаванне каля сценаў Валадаркі, дзе ў той час утрымлівалі іхнага сына. Яны не разлічвалі на тое, што Дзіму пасля гэтага адпусцяць, але хацелі такім чынам прыцягнуць увагу да сітуацыі. Яны напісалі пра пачатак галадавання ўва ўсе інстанцыі: у Адміністрацыю прэзідэнта, міністру аховы здароўя, міністру МУС, у Следчы камітэт, Генпракуратуру. Але ніхто на гэтыя лісты не адрэагаваў. Нават начальнік турмы на Валадарцы, якога таксама апавясцілі пра галадоўку, не праявіў да гэтага ніякай цікаўнасці.

«Я сам не галадаў праз стан здароўя, а мая жонка і дзяўчына Дзімы галадалі. Нас тады падтрымалі столькі людзей! І нам з такою падтрымкаю было ўжо сорамна кідаць галадоўку», – прызнаецца спадар Аляксандр.

Родныя Дзмітрыя Фурманава і Святлана Ціханоўская каля СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску.
Фота: ТК / «Белсат»

Бацька Дзмітрыя адзначае, што яны ля турмы былі як бяльмо на воку. Каб іх пазбавіцца, хлопца перавялі ў Жодзіна.

«Думалі, мы паедзем за ім. Але мы пастанавілі, што ў Жодзіне не будзе такой падтрымкі, як у Менску, таму засталіся галадаць каля Валадаркі. Тады яны пачалі рамантаваць пляцоўку, дзе мы сядзелі: клалі асфальт, фарбавалі, абнеслі ўсё стужкамі. Валанцёры прывезлі нам крэслы, столік, коўдры, і мы размясціліся побач: рамантуйце вы сваю пляцоўку. Вакол нас хадзілі амапаўцы, пыталі, чаму мы там сядзім. Мы тлумачылі, што ў нас такая акцыя, нам ніхто не забараніў», – згадвае Аляксандр Фурманаў.

Пасля тыдня галадавання ў маці Дзмітрыя Фурманава пачаліся праблемы са здароўем. Ёй стала блага, дактары сказалі, што трэба спыняць галадоўку. У той вечар бацькі Дзмітрыя з’ехалі дахаты, у Горадню. Вольга засталася.

Дзяўчына Дзмітрыя Фурманава Вольга падчас мітынгу на плошчы Леніна ў Горадні, жнівень 2020. Фота з сямейнага архіву

У апошні дзень іхнага галадавання ў Менску адбыўся маштабны мітынг Святланы Ціханоўскай. Спадара Аляксандра запрасілі выступіць там:

«Я, безумоўна, пайшоў. Са сцэны зноўку адчуў магутную падтрымку людзей і ляцеў адтуль як на крылах».

Пасля таго, як бацькі з’ехалі з Менску, Дзмітрыя Фурманава зноў перавялі на Валадарку. Кожны тыдзень бацькі выбіраліся ў Менск з перадачамі для сына. Раз на два тыдні з перадачамі дапамагалі таксама валанцёркі «Страны для жизни» Марына і Юля.

«Я ім вельмі ўдзячны, у мяне хоць і вайсковая, але пенсія, гэта не заробак. У жонкі наагул пенсія вельмі маленькая. А яшчэ ж дарога. Асабліва цяжка было, калі Дзіма быў у Жодзіне, часам да пенсіі ўжо лічылі капейкі. Нам дапамагалі валанцёры, неабыякавыя людзі. Калі Дзіму перавялі ў Горадню, стала лягчэй», – адзначае спадар Аляксандр.

«Дзіма піша, што сваймі паводзінамі заваяваў аўтарытэт у сукамернікаў»

Аляксандр Фурманаў адзначае вялізнае падтрыманне з боку нават незнаёмых людзей, якія падыходзяць проста на вуліцы і дзякуюць за сына. Падтрымліваюць і самога Дзмітрыя: за кратамі ён атрымлівае вельмі шмат лістоў не толькі з Беларусі, але і з Расеі, Казахстану, ЗША, Вугоршчыны, Чэхіі, Італіі, Мексікі…

«Дзіма піша, што за адзін раз можа прыйсці 40 лістоў, і большая частка ягонага часу ідзе на тое, каб на іх адказаць. Дзякуючы такому ліставанню ў нас з’явілася шмат новых сяброў. Дзіму ў лістах пытаюць, як дапамагчы, як звязацца з бацькамі, і ён піша мой тэлефон. Мы часам замаркоцімся, а атрымаем ад яго ліст – і радуемся. У Дзімы заўсёды вясёлыя, бадзёрыя, аптымістычныя лісты, ён малюе нам смайлікі. Сын не вельмі гаваркі хлопец, але лісты піша цудоўныя», – кажа бацька вязня.

Аляксандр Фурманаў паказвае фота сына.
Фота: МК / Белсат

За кратамі Дзмітрый пачаў цікавіцца фізкультураю, папрасіў бацьку перадаць яму адмысловую кніжку, як займацца фізічнымі практыкаваннямі ў закрытым памяшканні.

«Дзіма пачаў займацца, і гэта ўжо бачна. Там не толькі пра тое, як развівацца фізічна, але і як умацоўваць сілу духу. І Дзіма аказаўся моцным духам. У лістах дзякуе нам, бацькам. Піша, што ён сваймі паводзінамі заваяваў аўтарытэт у сукамернікаў, і палітычных там наагул паважаюць. Гэта нас супакойвае», – адзначае спадар Аляксандр.

«Ён не спыніцца ў сваёй барацьбе»

Дзмітрый Фурманаў застаецца за кратамі ўжо восем месяцаў. Суды над ім і яшчэ двума гарадзенцамі цягнуцца са студзеня. Іх вінавацяць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

«Жонка вельмі цяжка ўсё перажывае. На нервовай глебе пагоршылася здароўе, ціск скача. Калі на адным з судовых паседжанняў зачыталі медычную даведку сына пасля збіцця, яна ледзь не знепрытомнела. Я гэта ведаў, але ёй не казаў. Пасля, як прыехалі дахаты, яна ўвесь вечар праплакала», – згадвае спадар Аляксандр.

Аляксандр Фурманаў, бацька палітычнага зняволенага Дзмітрыя Фурманава.
Фота: МК / Белсат

Уся сям’я сёння жыве надзеяй, хоць, назіраючы за судамі і прысудамі, якія ўжо адбыліся, веры застаецца ўсё менш.

«Хоць мы спачатку не падтрымлівалі актыўнасці Дзімы, цяпер, калі акунуліся ў гэтыя падзеі, асэнсавалі, чаму ён на гэта пайшоў… Мы пабачылі з боку сына і ягоных паплечнікаў праўду, што яны змагаюцца з хлуснёю, беззаконнем, а праўда заўсёды перамагае. Я перакананы, што ён не спыніцца ў сваёй барацьбе. Мы ўсе ўсёю душою падтрымліваем Дзіму. Мы ганарымся, што ў нас такі сын», – падсумаваў бацька палітычнага вязня.

Гісторыі
Неймаверная Марыя Калеснікава: «Я іду да канца і я заўсёды буду ў Беларусі»
2021.02.12 10:43
Гісторыі
«Маглі запомніць, бо быў у кашульцы з надпісам «Жыве Беларусь!»: што вядома пра гарадзенца, якога судзілі за гвалт над 6 сілавікамі
2021.01.29 09:41

Саша Праўдзіна, фота МК belsat.eu

Стужка навінаў