Святлана Ціханоўская: «Тыранам ніколі не ўдасца знішчыць паўстанцкі дух»


Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць герояў паўстання 1863–1864 гадоў у Вільні 21 студзеня. Таксама на цырымоніі былі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і амбасадар Украіны ў Літве Пётар Бешта.

Пётар Бешта, Святлана Ціханоўская, Анджэй Дуда, Гітанас Наўседа ў Вільні, Літва. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Прадстаўнікі краінаў наведалі Кафедральны сабор у Вільні, дзе прайшла святая Імша, а пасля адбылася ўрачыстая цырымонія на могілках Росы. Там пахаваныя выбітныя дзеячы вызваленчага руху часу паўстання – Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі.

Лідарка дэмсілаў Беларусі таксама выступіла з прамовай, якую прысвяціла нязломнасці духу беларускага народу і еднасці людзей у змаганні з тыраніяй, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

«Тыраны могуць знішчыць помнікі, перапісаць падручнікі, закатаваць людзей у турмах, але ім ніколі не ўдасца знішчыць гераічны паўстанцкі дух», – адзначыла Ціханоўская, кажучы пра дзеянні беларускіх уладаў. Нядаўна ў Лідзе сцерлі герб паўстання Кастуся Каліноўскага з помніка ксяндза і ўдзельніка паўстання Адама Фалькоўскага.

Святлана Ціханоўская выступае з прамовай у Кафедральным саборы ў Вільні, Літва. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Гэты дух сёння жыве ў мільёнах беларусаў. У тых, хто выходзіў на вуліцы ў 2020-м. У нашых бясстрашных ваярах, якія абараняюць Украіну. У нашых нязломных палітвязнях, якія праходзяць праз здзекі ў лукашэнкаўскіх турмах. Ён жыве ў нашых партызанах. У сумленных выкладчыках і музыках. Мастаках і актывістах.

Гэты дух жыве ва ўсіх нашых свабодалюбівых народах. І наш абавязак – давесці да канца справу, распачатую паўстанцамі. Я веру, што гэтым разам у нас усё атрымаецца. Тыранія пацярпіць паразу», – сказала Ціханоўская.

Hавiны
У Горадні знік памятны знак паўстанцам-1863. Спачатку фізічна, потым з памяці чыноўнікаў
2023.11.01 16:22

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў