У архікатэдры Яна Хрысціцеля 20 студзеня адбылася імша за Францыска Скарыну (1490–1540), выбітнага беларускага гуманіста, друкара, выдаўца і перакладчыка Бібліі.
Эўхарыстыю ў сталіцы Польшчы ўзначаліў дапаможны біскуп мітрапаліцкай архідыяцэзіі Міхал Яноха. На святую імшу былі запрошаныя прадстаўнікі цэркваў, звязаных з Польскім сусветным саборам. Падчас літургіі спяваў беларускі хор «Канкордыя».
Літургія адбылася ў трох сталіцах: Варшаве, Вільні і Празе. Літоўскі Сейм у гонар 500-годдзе выдання першай кнігі ў Вільні абвясціў 2022-ы Годам Скарыны.
Аліна Коўшык, вядоўца «Белсату», сузаснавальніца Цэнтру беларускай салідарнасці, была на імшы і адзначыла, што прамова біскупа Яноха надзвычай кранула прысутных, ягоныя словы закранулі тэму, якая не часта цяпер гучыць у Польшчы:
«Мяне кранула, як шмат мы маем супольнага, і што Францыск Скарына таксама быў у пэўным сэнсе рэвалюцыянерам, які змагаўся за свабоду. А гэтае падкрэсліванне нашай супольнай гісторыі ды еднасці насамрэч вельмі рэдка сустракаецца ў Польшчы. А цяпер акурат той момант, каб пра гэта казаць больш гучна. Я не чакала такога ад прамовы біскупа Янохі і вельмі ўсцешылася. Было адчуванне спалучэння нашых краінаў у гэты момант, што нашыя думкі сканцэнтраваны на адным, што мы молімся за адно. Атмасфера была неймаверная. Было шмат беларускіх актораў, якія чыталі інтэнцыі».
Урывак інтэнцыі «За што мы молімся»: «За доктара Францыска Скарыну, выдатнага еўрапейскага гуманіста і асветніка, выдаўца першай друкаванай Бібліі на старабеларускай мове і першай друкаванай кнігі ў Літве ды адначасова пакорнага слугу Божага, які імкнуўся да пашырэння ідэі ўсеагульнага спачування і мірнага суіснавання. Сёння ім ганарацца людзі добрай волі ў Беларусі, Чэхіі, Польшчы, Літве, Італіі ды іншых еўрапейскіх краінах. [Молімся] таксама за ўсіх людзей у свеце і побач з намі, якія пакутуюць і цярпяць пераслед толькі за тое, што стараюцца жыць згодна з хрысціянскімі каштоўнасцямі».
Да ўдзелу ў набажэнствах запрасілі беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы, прадстаўнікоў беларускай меншасці, польскіх установаў і асяродкаў, якія маюць дачыненне да дапамогі Беларусі, дыпламатычны корпус і ўсіх, каму блізкая спадчына Францыска Скарыны.
МГМ, belsat.eu