Як і дзе беларусам атрымаць карту паляка. Чытачы скардзяцца на складанасці


Беларусам стала больш складана атрымаць карту паляка, скардзяцца чытачы «Белсату». У жыхароў сталіцы дык і наогул мала варыянтаў – у Менску можна толькі працягнуць тэрмін дзеяння ужо атрыманай карты, атрымаць яе дублікат ці змяніць персанальныя звесткі. У МЗС Польшчы, куды «Белсат» звярнуўся з запытам, ні пра якія глабальныя прычыны ці новыя правілы і абмежаванні не паведамілі і далі некалькі парадаў, куды можна звяртацца.

Карта паляка.
Фота: gov.pl

Пра тое, што ў консульскім аддзеле амбасады Польшчы перасталі прымаць дакументы на карту паляка, нам паведамілі чытачы з Менску. Сапраўды на сайце амбасады паведамляецца, што зараз там можна толькі працягнуць тэрмін дзеяння выдадзенай раней карты, атрымаць яе дублікат ці змяніць персанальныя звесткі.

У консульстве ў Берасці даступныя гэтыя ж працэдуры, а таксама падача заявак на першую карту паляка ад асобаў старэйшых за 65 гадоў.

Hавiны
У Беларусі не даведаюцца пра карту паляка праз візу. Польшча рыхтуе візавыя змены
2023.11.20 17:09

Як вынікае з інфармацыі на сайце амбасады, ніякіх абмежаванняў няма толькі ў Горадні. Там пададзены нумар тэлефону праз які можна запісацца на прадаўжэнне тэрміну дзеяння карты, а асобам, старэйшым за 65 гадоў, – і на новую. Усім астатнім прапануюць дасылаць свае заяўкі ці на электронную ці на звычайную пошту.

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Польшчы прымаюць беларусаў у залежнасці ад месца рэгістрацыі, і жыхары Менску паехаць у Берасце ці Гародню не могуць.

Як паведамілі нашыя чытачы з Менску, іх спроба запісацца ў конульства ў Берасці поспеху не мела – там ім патлумачылі, што жыхары сталіцы могуць звяртацца па карты паляка толькі ў Менску або ў Польшчы.

Hавiны
«Лепш паведаміць». У МУС распавялі, што чакае тых, хто мае замежныя дакументы
2023.12.17 14:54

Чытачы «Белсату», якія распавядалі нам сваю гісторыю, спрабавалі скарыстацца і гэтым варыянтам, але найбольш папулярныя ў беларусаў ваяводствы – Падляскае і Мазавецкае – таксама прыпынілі запіс на падачу дакументаў на карту паляка.

«Запіс часова прыпынены», – паведамляецца на сайце Мазавецкага ваяводства.

На сайце Падляскага ваяводства з цэнтрам у Беластоку можна даведацца нават і пра прычыны таго, чаму заявы на карты паляка не рэгіструюць –  бо апрацоўваюць раней пададзеныя хадайніцтвы.

Такая ж гісторыя і у Велькапольскім ваяводстве ў Познані. «Ліміт месцаў для браніравання часова вычарпаны! Мы паведамім вам аб аднаўленні браніравання. Да гэтага часу рэгістрацыя будзе прыпыненая», – паведамляецца на сайце ўпраўлення.

З адказу міністэрства замежных справаў Польшчы на запыт «Белсату» вынікае, што ніякіх радыкальных змен ці забарон у пытанні выдачы карты паляка няма.

«Рэкамендуецца сачыць за магчымасцю падачы заявы пэўнаму консулу. Пры гэтым заяву на атрыманне ці прадаўжэнне тэрміну дзеяння карты паляка можна ў любым ваяводстве Польшчы», – нагадваюць там.

«Падача заявы на карту паляка ў Мазавецкім ваяводскім упраўленні часова прыпыненая», – пагаджаюцца ў МЗС Польшчы, і тлумачаць, што у сувязі з гэтым  падаць заяву можна ў канцэлярыі ўпраўлення Мазавецкага ваяводста або даслаць яе туды поштаю.

Каментар
«Гэтаму няма апраўдання». МЗС Польшчы пракаментавала ціск на ўладальнікаў карты паляка ў Беларусі
2023.07.08 13:18

Меркавана, што не ўсе ваяводствы прыпынілі прыём заявак на карту паляка. Напрыклад, як вынікае з інфармацыі на сайце Ніжнесілезскага  (Вроцлаў) і ў Люблінскага ваяводстваў, у іх дакументы прымаюцца. Прычым, падаць іх можна і ў самым Любліне і ў Белай Падлясцы.  У Малапольскім ваяводстве ў Кракаве абяцаюць узнавіць прыём у пачатку года.

Аб’ектыў
Карта паляка стала чорнай меткай для рэжыму Лукашэнкі
2023.05.04 22:35

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў