Карта паляка стала чорнай меткай для рэжыму Лукашэнкі


Рэжым Лукашэнкі прыраўняў карту паляка да чорнай меткі. Улады цяпер бачаць аднолькавую небяспеку што ў праціўніках рэжыму, што ва ўладальніках карты паляка. Апошніх адмаўляюцца браць на працу не толькі на кіроўныя пасады, але ўжо і проста ў дзяржаўныя ўстановы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Лідзе і Лідскім раёне прагрэсуе дыскрымінацыя польскай меншасці. Паводле інфармацыі «Нашай нівы», на працаўнікоў у сферы адукацыі ціснуць з мэтаю, каб яны адмовіліся ад карты паляка:

«Калі ў чалавека хутка заканчваецца кантракт, то яго папярэджваюць: не адмовіўшыся ад карты паляка, на яго працяг можна нават не разлічваць. Калі да канца кантракту яшчэ далёка, то пужаюць магчымым звальненнем. У некаторых выпадках ціснуць тым, што працаўнік з картаю паляка калі і застанецца працаваць, то можа нават не марыць пра павышэнне па кар’ернай лесвіцы», – кажа ананімная крыніца выдання.

«З картай паляка немагчыма трапіць на кіроўную пасаду ў дзяржаўных органах», – паведамляюць крыніцы «Нашай Нівы».

«Такое негалоснае правіла дзее на ўсёй Гарадзеншчыне ўжо прыкладна дзесяцігоддзе», – пацвярджае нашая крыніца.

«Трэба сказаць, што беларускія ўлады з самага пачатку, як польскі ўрад увёў карту паляка, былі супраць, намагаліся заблакаваць увядзенне карты паляка ў Беларусі. І пасля была інфармацыя, што сілавікі, напрыклад, не павінныя мець карты паляка. Мы атрымлівалі інфармацыю, што людзі ў адміністрацыі не павінныя мець карты паляка, настаўнікі – таксама», – тлумачыць былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка.

Калі казаць пра Лідскі раён, то ў ім кожны трэці мясцовы жыхар – этнічны паляк, а на ўсёй Гарадзеншчыне – кожны чацвёрты: там жывуць каля 190 тысячаў палякаў. Карты паляка выдаюць польскія консульствы, пры гэтым ніякай пазнакі ў пашпарт не ставіцца. Тады адкуль рэжым Лукашэнкі ведае, хто менавіта мае такі дакумент?

«Ёсць спецслужбы, якія гэтым займаюцца. Ёсць мяжа, дзе, калі чалавек мае візу нацыянальную польскую, то вялікая імавернасць таго, што ён яе атрымаў на падставе карты паляка, можа быць, яшчэ з дапамогай відэакамераў, якія стаяць каля амбасадаў, каля консульстваў», – мяркуе журналіст-фрылансер Ян Роман.

Летась на падставе карты паляка беларусы атрымалі 46 тысяч візаў, а ўсяго Польшча выдала каля 278 тысяч візаў тыпу «D» і «C».

«Яны думаюць, што чалавек, які мае карту паляка, будзе нелаяльны ў адносінах да беларускай улады, і намагаюцца з гэтым справіцца. Я не ведаю, які будзе вынік, бо людзі неахвотна аддаюць карту паляка, бо для іх гэта запасны варыянт: калі нешта здарыцца – можна неяк выкарыстоўваць гэта для сябе», – кажа былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка.

Польская меншасць у Беларусі цяпер пачуваецца нават горш, чым ва Украіне, дзе ідзе вайна, заявілі напярэдадні ў канцылярыі прэзідэнта Польшчы.

«Сёння палякі ўтрымліваюцца ў турме, як палітычныя вязні. Таксама там знішчаюцца польскія гістарычныя месцы, знішчаюцца месцы пахавання нашых герояў. Менавіта такую палітыку цяпер праводзіць Беларусь. Цяжка, што мы цяпер не можам наўпрост дапамагаць, але мы робім гэта іншымі спосабамі, якіх я тут не буду агучваць. Гэта самая цяжкая сітуацыя за ўвесь час», – заявіў намеснік міністра канцылярыі прэзідэнта Польшчы Анджэй Дэра.

Польскі бок пастаянна заяўляе пра свае спробы дамовіцца з уладамі Беларусі мірным шляхам, на якія рэжым Лукашэнкі не ідзе. Гэтак, цяпер уладальнікі карты паляка, каб не трапіць пад палітычны пераслед у Беларусі, вымушаныя хаваць яе наяўнасць.

Аліна Скрабунова, «Белсат»