У Генпракуратуры склалі 5 тамоў матэрыялаў пра «польскія злачынствы»


Дзяржаўны тэлеканал ОНТ паведаміў пра намер рэжыму Аляксандра Лукашэнкі перадаць у міжнародныя структуры матэрыялы крымінальнай справы «аб злачынствах польскіх сілавікоў у адносінах да ўцекачоў».

Афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў заявіў, што польскія ўлады нібыта «неаднаразова ажыццяўлялі незаконную дэпартацыю ў дачыненні да ўцекачоў і цяпер гэта робяць, ужывалі катаванні, іншыя акты жорсткасці». «У адносінах, па сутнасці, безабаронных людзей ужываліся, у тым ліку, ноччу дэманстратыўныя стрэлы ў паветра, выбухі, асляпляльнае асвятленне, спецыяльныя сродкі», – сказаў ён.

Паводле Брылёва, Генпракуратура Беларусі накіравала ў савет міністраў, а таксама ў Палату прадстаўнікоў копіі матэрыялаў крымінальнай справы ў пяці тамах на расейскай і англійскай мовах «з просьбай арганізаваць іх перадачу міжнародным і еўрапейскім структурам, у тым ліку Еўрапарламент, для дачы прававой ацэнкі». Чаму Генпракуратура Беларусі вырашыла шукаць «прававую ацэнку» у парламенцкіх структурах ЕЗ пры гэтым не тлумачыцца.

У эфіры ОНТ таксама паказалі некаторыя фрагменты матэрыялаў гэтай крымінальнай справы, якія сведчаць пра ўзровень «доказнай базы» і прапагандысцкіх маніпуляцыяў.

Фрагмент матэрыялаў справы. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

У прыватнасці, прыводзіцца вытрымка з паказанняў іракскага падлетка пра падзеі 16 лістапада 2021 году, які распавядае, што «ў нейкі момант польскія вайскоўцы сталі паліваць уцекачоў у мяжы вадой са спецыяльных машынаў, распыляць газ». Пры гэтым у паказаннях нічога не гаварыцца пра тое, што слезацечны газ і вадамёт польскія памежнікі выкарысталі ў адказ на спробу незаконнага сілавога прарыву мяжы – мігранты кідалі ў польскі бок камяні і прадметы, падобныя на святлошумавыя гранаты. Тады пацярпелі 12 польскіх службоўцаў.

Hавiны
Польская паліцыя лічыць, што ў нападзе на пераход «Кузніца» ўдзельнічалі беларускія сілавікі
2021.11.17 10:57

РР belsat.eu

Стужка навінаў