«Гэта не высылка». Кіраўнік НАУ растлумачыў прызначэнне міністра эканомікі амбасадарам у Кітаі


«Галоўная мэта – аднавіць стасункі, што пахіснуліся», – сказаў «Белсату» кіраўнік НАУ, колішні дыпламат Павел Латушка, каментуючы прызначэнне міністра эканомікі амбасадарам Беларусі ў Кітаі. Палітык мяркуе, што з дапамогаю новага пасла Лукашэнка разлічвае атрымаць ад Пекіна новыя інвестыцыі і крэдыты.

Аляксандр Чарвякоў прызначаны амбасадарам у Кітай.
Фота: conomy.gov.by

Аляксандр Лукашэнка сёння прызначыў новых кіраўнікоў амбасадаў Беларусі ў некалькіх краінах. Прадстаўніцтва ў Кітаі ўзначаліць міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Лукашэнка назваў гэтую дзяржаву асноўным партнёрам разам з Расеяй: «Дапамагаюць нам і тэхналагічна самымі высокімі тэхналогіямі, і ў фінансавым стаўленні». Ён, як паведаміла БелТА, «разлічвае, што досвед Чарвякова дазволіць узняць стасункі з Кітаем на вышэйшы ўзровень».

Новы амбасадар адзначыў, што ягоныя намаганні найперш будуць тычыцца эканомікі, «каб нашыя эканамічныя сувязі пашыраліся і паглыбляліся».

«Налета нашай мэтаю з’яўляецца дасягненне $2,5 млрд экспарту. А для гэтага неабходна выбудаваць правільную лагістыку, зняць барʼеры на шляху, забяспечыць каналы паставак і фінансавання», – сказаў Чарвякоў.

Летась, паводле яго, экспарт Беларусі ў Кітай склаў $1,6 млрд, сёлета – блізу $1,4 млрд.

Аналітыка
Ці кампенсуе Кітай страты ад санкцый для Беларусі?
2023.07.11 10:00

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў каментары «Белсату» адзначыў, што не выпадае лічыць высылкаю прызначэнне міністра эканомікі амбасадарам у Пекіне.

«Чарвякоў фармальна нават выканаў даручэнне Лукашэнкі ў росце прагнознага паказніка ВУП на 2023 год, аднак гэты рост назіраўся ад базы значнага падзення летась, таму назваць гэта ростам вельмі складана. Тым не менш караць яго пакуль няма за што», – заўважыў Латушка.

Ён упэўнены, што галоўнае ў гэтым кадравым рашэнні не звальненне з пасады міністра, а прызначэнне ў Кітай:

«Лукашэнка ўскладае на Чарвякова ўжо як на дыпламата вялікія надзеі, бо стасункі з КНР цяпер перажываюць не самыя лепшыя часы і перш за ўсё гэта тычыцца эканомікі, гэта значыць інвестыцыяў з Кітая і ўзаемнага гандлю дзвюх краінаў».

Кіраўнік НАУ нагадаў, што Лукашэнку не запрасілі на нядаўні форум «Адзін пояс – адзін шлях», а гэта «можа сведчыць, што кіраўніцтва КНР незадаволена палітыкай Лукашэнкі, гібрыднай вайною супраць краінаў ЕЗ – суседзяў Беларусі, якая тармозіць гандаль Кітая з Еўропай; для той жа Нямеччыны з 2016 года Кітай з’яўляецца галоўным гандлёвым партнёрам з абʼёмам двухбаковага гандлёвага абароту ў $300 млрд».

«Таксічны Лукашэнка з ягоным ростам напружанасці ля межаў з ЕЗ ломіць усе перспектывы гандлёвай супрацы Кітая і еўрапейскіх краінаў», – сказаў палітык.

Hавiны
Лукашэнка не паехаў у Кітай на форум «Адзін пояс – адзін шлях»
2023.10.17 13:08

Латушка таксама звярнуў увагу, што летась амбасадарам у Расею таксама быў прызначаны колішні міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.

«Паводле таго, хто прызначаўся на пасаду паслоў, можна зразумець галоўныя мэты Лукашэнкі ў Кітаі: прыцягнуць новыя інвестыцыі, новыя крэдыты, а таксама пашырыць у гэтай усходняй краіне сваю гандлёвую прысутнасць», – мяркуе суразмоўца «Белсату».

Новаму амбасадару давядзецца пастарацца аднавіць стасункі, што пахіснуліся, падкрэсліў Павел Латушка.

«Лукашэнка разумее, што без падтрымання Кітая ён застаецца сам-насам з Пуціным, што відавочна яму не вельмі падабаецца. Дыктатару вельмі неабходна мець падтрыманне і абарону з боку Кітая, а таксама далей развіваць з ім эканамічныя стасункі, якія ва ўмовах нежадання адмовіцца ад рэпрэсіяў і канфлікту з Захадам пакуль зʼяўляюцца адзінай альтэрнатывай стасункам з Расеяй», – падсумаваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Аналітыка
Тупік на Шаўковым шляху? Беларуска-кітайскі «Вялікі камень» спыняецца ў сваім развіцці
2023.08.18 08:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў