Пагроза аднаўлення наступу расейцаў на Украіну на паўночным фронце расце, аднак мэтай хутчэй за ўсё будзе не Кіеў, а заходняя частка Украіны, каб парушыць транзіт паставак узбраення з Захаду. Пра гэта паведаміў падчас брыфінгу намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ генерал Аляксей Громаў.
«Пагроза ўзнаўлення наступу ўзброенымі сіламі РФ на паўночным фронце расце. Гэтым разам напрамак наступу можа быць зменены на захад беларуска-ўкраінскай мяжы для пераразання асноўных лагістычных артэрыяў пастаўкі ўзбраення і вайсковай тэхнікі Украіне ад краінаў-партнёраў», – заявіў Аляксей Громаў.
Паводле яго, на тэрыторыі Беларусі ідзе разгортванне авіяцыйных падраздзяленняў і іншых відаў войскаў расейскай арміі.
Акрамя таго, паводле Громава, у Беларусі рыхтуюцца да схаванай мабілізацыі.
«У той жа час Рэспубліка Беларусь працягвае даваць сваю тэрыторыю для запуску балістычных ракетаў і дронаў. Яна размясціла на сваіх аэрадромах самалёты МіГ-31, якія могуць быць узброеныя крылатымі ракетамі тыпу «Калібр». Мы таксама на гэта рэагуем», – зазначыў прадстаўнік Генштабу.
Громаў запэўніў, што Генштаб ЗСУ адсочвае сітуацыю, і ў выпадку неабходнасці будуць зробленыя адпаведныя абарончыя захады:
«На дадзены час сіламі абароны праводзяцца мерапрыемствы для забеспячэнні надзейнага прыкрыцця дзяржаўнай мяжы Украіны і гораду Кіеў з паўночнага напрамку. У выпадку прыняцця супернікам адпаведнага рашэння аб адкрыцці так званага другога фронту, а менавіта вядзення наступальных дзеянняў з Рэспублікі Беларусь, мы будзем гатовыя да адэкватнага адказу».
Толькі ўчора, 19 кастрычніка, у ЗСУ казалі, што цяпер верагоднасць паўторнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі нізкая, але ўвесну яна можа значна вырасці.
Алена Рувіна belsat.eu