НАУ рыхтуе новыя доказы пра саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей


У Беларусь днямі прыехалі 48 дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, сярод іх – жыхары Севераданецку і Лісічанску, якія знаходзяцца на тэрыторыі самаабвешчанай ЛНР. Дзеці правядуць тры тыдні ў Наваполацку. Іх прыбыццё арганізаваў паралімпіец і праўладны актывіст Аляксей Талай, перадае БелТА.

Аднак вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый з’яўляецца злачынствам. За гэта Міжнародны суд ужо выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і ягонай падначаленай Марыі Львовай-Бяловай, якая арганізоўвала вываз і асіміляцыю дзяцей з Украіны. Такі ж ордар на арышт заклікалі выдаць для Аляксандра Лукашэнкі. «Белсат» пацікавіўся ў кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі, што ўжо зроблена, каб прыцягнуць як Лукашэнку, так і ягоных памагатых, да адказнасці за вываз украінскіх дзяцей.

Дзеці з акупаванага Данбасу на вакзале ў Менску. 18 верасня 2023 года.
Фота: БелТА

Павел Латушка расказаў, што яшчэ 8 траўня НАУ зрабіў адпаведную прэзентацыю ў Еўрапейскім парламенце, правёў сустрэчы з дэпутатамі і віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламенту, на якіх прадставілі інфармацыю аб учыненні Лукашэнкам ваенных злачынстваў, звязаных з незаконным вывазам украінскіх дзяцей.

У далейшым былі прынятыя адпаведныя рэзалюцыі, праведзена прэзентацыю ў Радзе Еўропы, Парламенцкая асамблея якой адрэагавала на гэта. Таксама Вярхоўная Рада Украіны ўнесла змены і дапаўненні, якія тычацца адказнасці і ролі Лукашэнкі ў гэтых злачынствах. На саміце ў Рэйк’явіку, які прайшоў у межах Рады Еўропы, на вышэйшым узроўні была згаданая роля Лукашэнкі.

27 чэрвеня каманда НАУ была на сустрэчы ў офісе пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, дзе падала пракурору доказы, якія сведчаць аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Таксама распавяла пра іх наступнае пераўтварэнне, інданкрынацыю, накіраваную на тое, каб змяніць іх успрыманне сваёй радзімы, сваёй нацыянальнасці і самасвядомасці, кажа Латушка.

Да таго ж днямі Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, дзе заклікаў прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку за ўчыненне гэтых злачынстваў.

Hавiны
Еўрапарламент назваў Лукашэнку суўдзельнікам злачынстваў Расеі супраць Украіны
2023.09.14 08:53

«Мы прадставілі, на думку юрыстаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, 100% доказы, якія пацвярджаюць учыненне гэтых злачынстваў. Яны тычыцца таго, што з верасня 2022 года па травень 2023 года з тэрыторыі акупаванай Украіны было вывезена больш за 2100 украінскіх дзяцей», – сцвярджае Латушка.

Таксама НАУ прадставіла інфармацыю аб арганізацыях, якія арганізуюць вываз украінскіх дзяцей у Беларусь. Гэта фонд Аляксея Талая і фонд «Дэльфіны», расейская арганізацыя, якая дзейнічае на акупаванай тэрыторыі Украіны.

Па словах Латушкі, у іх ёсць сведчанні аб тым, хто вінаваты ў гэтых злачынствах. Гэта Лукашэнка, Іван Галаваты, генеральны дырэктар «Беларуськалію», які таксама фінансуе вываз украінскіх дзяцей, і Дзмітрый Мезенцаў, дзяржсакратар саюзнай дзяржавы, бо Лукашэнка прымае і падпісвае дакументы па вывазе дзяцей у рамках саюзнай дзяржавы.

Цяпер рыхтуецца другая частка камунікацыі для Міжнароднага крымінальнага суда, якая папярэдне гатова. Яе плануюць перадаць у Гаагу і ў Генеральную пракуратуру Украіны, таму што перш за ўсё, звесткі павінны паступаць украінскаму боку, дадае Павел Латушка.

«Намі ўстаноўлены дадатковыя арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей. Гэта арганізацыя «Патрыёты Беларусі», а таксама асобы, якія гэтаму садзейнічаюць. Нехта грамадзянін Дзмітрый Казакоў, які таксама ўдзельнічае ў гэтых злачынствах», – кажа Латушка.

У бліжэйшы час гэтыя матэрыялы перададуць у Кіеў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў