У Кутаісі ўзброены мужчына захапіў аддзяленне банку. Патрабуе $ 2 мільёны, верталёт і сцяг Расеі


У грузінскім горадзе Кутаісі 20 верасня аб 11:00 мясцовага часу невядомы ўзброены мужчына захапіў аддзяленне «Банку Грузіі» на праспекце Руставэлі, паведамляе грузінскае МУС. У банку былі 12 чалавек (2 работнікі і 10 кліентаў), цяпер яны ў закладніках.

Аддзяленне «Банку Грузіі», дзе захопнік утрымлівае 12 закладнікаў.
Фота: Николай Левшиц – channel in Georgia / Грузия/Telegram

Мужчына апрануты ў камуфляжнае адзенне, твар схаваны пад маскаю. Да цела прымацаваныя прадметы, падобныя да выбухоўкі. Гэта відаць на відэа, апублікаванае ў сацсетках адным з закладнікаў: злачынца дазволіў яму выйсці ў жывы эфір.

На запісе чуваць, што злачынец патрабуе $ 2 мільёны цягам трох гадзінаў, да 15:00, машыну, верталёт, рацыю і расейскі сцяг. Нешта падобнае да выбухоўкі прымацаванае ў тым ліку да дзвярэй банку. Захопнік пагражае ўзарваць сябе разам з аддзяленнем, калі ягоныя патрабаванні не будуць выкананыя.

На 15:00 час, адведзены злачынцам на выкананне патрабаванняў, мінуў. Аддзяленне банку атачыла паліцыя. Журналістаў і сваякоў закладнікаў папрасілі адысці далей ад будынку. З’явілася інфармацыя, што злачынец нібыта адпусціў двух чалавек, аднак паліцыя гэтага не пацвярджае.

МУС Грузіі распачало расследаванне па факце нападу на адно з аддзяленняў «Банку Грузіі», тэрарыстычнага акту, захопу закладнікаў дзеля тэрарызму, а таксама незаконнага набыцця, захоўвання і нашэння боепрыпасаў.

Амаль 2 гады таму, у кастрычніку 2020-га, адбылося гучнае рабаванне аднаго з аддзяленняў «Банку Грузіі». Тады мужчына з аўтаматам і гранатай узяў у закладнікі работнікаў і наведнікаў банку, патрабаваў $ 500 тысячаў. Паліцыя выканала патрабаванні, злачынец уцёк, яго дасюль не знайшлі. Ніхто з закладнікаў тады не пацярпеў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў