Найміты могуць быць скарыстаныя супраць Лукашэнкі


Узброеныя сілы Беларусі працягваюць супольныя трэнінгі з наймітамі ПВК Вагнэра: пра гэта заявілі ў Міністэрстве абароны. Цягам тыдня падраздзяленні сілаў спецыяльных аперацыяў і вагнэраўцы будуць адпрацоўваць вучэбныя задачы на палігоне «Берасцейскі», што за 4 кіламетры ад мяжы з Польшчаю.

Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у Беларусь прыбылі ўжо 9 калонаў з наймітамі. Чым гэта можа пагражаць нашай краіне і суседзям, у жывым эфіры «Белсату» распавёў дэпутат Вярхоўнага Савету пачатку 1990-х, палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Сяргей Навумчык.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Ну, па-першае, гэта паказнік таго, што Лукашэнка паводзіць сябе абсалютна свавольна, не раячыся нават з тымі фармальнымі, бутафорскімі арганізацыямі, установамі, якія ў яго ёсць, кшталту Палаты прадстаўнікоў ці так званага Сенату. Гэта размяшчэнне ўзброеных людзей, такой баяздольнай вопытнай дывізіі на тэрыторыі абсалютна, падкрэсліваю, свавольна і абсалютна неканстытуцыйна. Гэта адно. А другое, вельмі важна адзначыць, што гэтыя людзі – дзесяць тысяч чалавек – гэта абсалютна не раўня падраздзяленням, якія ўваходзяць у беларускае войска. І не толькі таму, што там зарплата сяржанта больш, відаць, у пяць разоў, у дзесяць разоў, чым зарплата беларускага генерала. Гэтыя людзі маюць вопыт баявых дзеянняў, і не толькі баявых дзеянняў у класічным разуменні, але тое, што яны рабілі ў Афрыцы, што яны рабілі ў іншых кропках свету, ацэнена шэрагам дэмакратычных дзяржаваў як тэрарызм».

Эксперт падкрэслівае, што ПВК Вагнэра – вельмі небяспечная група, якая можа быць скіраваная на суседзяў Беларусі, а таксама на мірных беларусаў у выпадку небяспекі для лукашэнкаўскай улады. Не выключае Сяргей Навумчык і таго, што Крэмль вагнэраўцаў можа скарыстаць нават супраць самога Лукашэнкі, бо гэта грамадзяне Расеі і падпарадкоўвацца яны будуць Расеі. І тады Лукашэнкі не ўратуе нават ягоная ахова: Менск возьмуць за лічаныя гадзіны.

Беларускія вайскоўцы з байцамі ПВК Вагнэра адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы на палігоне «Берасцейскі» паблізу мяжы з Польшчаю. 20 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

«Абсалютна ясна, што, калі будзе загад ад іхных гаспадароў з Масквы, я маю на ўвазе, не абавязкова ад Пуціна, а з Масквы, яны яго выканаюць».

Вагнэраўцы, паводле эксперта, беларускае войска могуць шмат чаму навучыць, у першую чаргу – забіваць, бо яны ўжо даказалі, што робяць гэта прафесійна, бязлітасна і «без усялякіх тармазоў». Сяргей Навумчык наймітаў называе «прарасейскай ін’екцыяй» для беларускага войска, якое да гэтай пары, паводле інфармацыі адтуль, не імкнулася да ўдзелу ў вайне ва Украіне:

«Яны могуць накачаць гэтай імперскай атрутай значна больш моцна, чым гэта робяць цяперашнія зампаліты ў беларускім войску, якія, канечне, праводзяць таксама прарасейскую палітыку. Вагнэраўцы гэта будуць рабіць гэтак жа прафесійна, як яны могуць забіваць».

Галадаванне ў Вярхоўным Савеце. Другі злева – Сяргей Навумчык. Менск, Беларусь. 11–12 красавіка 1995 года.
Фота: Лявон Дзейка / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Лукашэнку ж, які даваў прысягу Беларусі 29 гадоў таму, Сяргей Навумчык называе «непарыўным» з тым, кім ён быў тады, і хто ён цяпер:

«Я не бачу ніякіх пераменаў. Гэта ўжо тады быў той самы чалавек, адданы, як мы кажам, “русскому миру”, які ніяк не ўспрымаў беларускай нацыянальнай ідэі, беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў».

Палітык упэўнены, што Лукашэнка ўвойдзе ў гісторыю як чалавек, які паслядоўна і мэтанакіравана знішчаў Беларусь і беларускасць.

«Ён проста кідаў кавалкі беларускага суверэнітэту пад ногі сваім амбіцыям. Цяпер ён кідае суверэнітэт Беларусі пад ногі Пуціну, каб проста ўтрымацца ва ўладзе», – падсумоўвае Сяргей Навумчык.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў