Кахоўская ГЭС: стратаў на мільярды, на ўзнаўленне пасля шкоды – дзесяцігоддзі


Мінула амаль паўтара месяца з дня, калі расейскія вайскоўцы падарвалі грэблю Кахоўскай ГЭС, у выніку чаго ўжо ў першыя дні былі затопленыя каля 600 тысячаў квадратных кіламетраў тэрыторыі па абодва берагі Дняпра. На сёння вада ідзе на спад, з’яўляецца магчымасць ацаніць шкоду, нанесеную ў выніку катастрофы: людзям, наваколлю, эканоміцы. Што вядома пра страты і працэс аднаўлення затопленых тэрыторыяў, дый беспасярэдне грэблі і станцыі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затопленыя дамы ў мястэчку акупаваным Расеяй мястэчку Алэшкі, Украіна. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: AP Photo / East News

Найбуйнейшая катастрофа ХХI стагоддзя

Затопленыя паселішчы, сотні разбураных дамоў, загінулая жывёла і, самае страшнае, чалавечыя ахвяры – усё гэта вынік адной з найбуйнейшых катастрофаў у Еўропе XXI стагоддзя.

Гэтая сумная падзея ўжо паўплывала на жыцці 100 тысячаў чалавек, эвакуяваных або перамешчаных з тэрыторыі, роўнай памерам Швейцарыі, адзначае «Forbes».

У выніку разбурэння грэблі Кахоўскай ГЭС пад вадой апынуліся 17 мясцовасцяў на правым беразе Дняпра, кантроль над якімі трымае Украіна, і 17 мясцовасцяў на левым, акупаваным Расеяй.

Згодна са звесткамі Кіеўскай школы эканомікі, спецыялісты якой вывучылі здымкі са спадарожніка, у выніку катастрофы з абодвух бакоў Дняпра цалкам былі затопленыя 11 тысячаў дамоў, часткова – 6500, а яшчэ больш за 33 500 былі пазначаныя як «імаверна затопленыя», бо аказаліся ў зоне паводкі.

На вялікі жаль, не абышлося без ахвяраў з боку мірных жыхароў: расейскі бок паведамляе пра 55 загінулых, хоць дакладна ацаніць звесткі пра чалавечыя страты вельмі цяжка, асабліва ва ўмовах вайны. Згодна са сведчаннямі валанцёраў, колькасць загінулых на тэрыторыі акупаванай Алэшкаўскай грамады можа дасягаць 200 чалавек. Пры гэтым яшчэ 22 чэрвеня Уладзімір Зяленскі заявіў, што расейскія акупацыйныя ўлады зарганізавалі спецыяльныя групы, якія намагаюцца схаваць целы ўкраінцаў, загінулых у выніку катастрофы. Паводле МУС Украіны, на тэрыторыях пад украінскім кантролем станам на 20 чэрвеня колькасць загінулых вырасла да 21 асобы, пяцёра сканалі ад прыцэльных стрэлаў акупантаў.

Hавiны
Колькасць ахвяраў падрыву Кахоўскай ГЭС набліжаецца да 70. Што там адбываецца?
2023.06.22 12:23

Цяпер вада дзень за днём ідзе на спад. Згодна з інфармацыяй Херсонскай адміністрацыі, станам на 12 ліпеня на правым беразе Херсоншчыны, падкантрольным Украіне, не засталося падтопленых дамоў.

У той жа час акупацыйныя расейскія ўлады заяўляюць, што на левым беразе Херсонскай вобласці застаюцца падтопленымі больш за 4 тысячы жылых дамоў. Паводле прадстаўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзіміра Сальда, вада застаецца ў нізінных участках у гарадах Алэшкі, Голая Прыстань і ў сяле Каханы.

Наступствы катастрофы

Адмыслоўцы ледзь не ў адзін голас гавораць пра тое, што дакладна ацаніць усе страты, нанесеныя катастрофаю, можна будзе значна пазней. Тым не менш ужо праз два тыдні пасля падрыву станцыі, калі пачаўся спад вады, сталі відавочнымі шмат якія праблемы, з якімі давядзецца сутыкнуцца ў будучыні ці проста цяпер. І трэба сказаць, што праблемы гэтыя выяўляюцца на значна больш вялікіх тэрыторыях, чымся тыя, што былі затопленыя.

Напрыклад, вядома, што ўжо сёння эколагі фіксуюць сур’ёзныя праблемы ў Чорным моры, выяўленыя пасля катастрофы. Гэта адбылося ў выніку таго, што забруджаны прамысловымі прадпрыемствамі глей, які дзесяцігоддзямі накопліваўся на дне Кахоўскага вадасховішча, з падрывам грэблі ўзняўся наверх і скіраваўся ў мора. Праз вялікую спёку і ўтрыманне шкодных рэчываў пачынаецца цвіценне водарасцяў, што прыводзіць да гібелі рыбы і марскіх сысуноў.

У самым вадасховішчы пачаўся мор рыбы ды іншай жывёлы, а ў выніку разліву вады былі затопленыя вялікія плошчы сушы, на якіх жылі рэдкія жывёліны і птушкі, пад пагрозаю апынулася 58 прыродных тэрыторыяў, што былі пад аховаю.

Больш за тое, паводле работніка кафедры водных біярэсурсаў і аквакультуры Херсонскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага ўніверсітэту Яўгена Каржова, наступствы катастрофы настолькі вялікія, што закранулі «не толькі тэрыторыі зоны паражэння ад Запарожжа да Днепра-Бугскага ліману, але і адпавядаюць пэўным негатыўным характарыстыкам нават у Чорным моры і даходзяць ужо да Міжземнага мора».

Навукоўцы папярэджваюць: таксічныя рэчывы, якія трапілі ў Чорнае мора, могуць выклікаць змены ў экасістэме. Паводле эколага Уладзіслава Балінскага, марское дно каля аднаго з пляжаў Адэсы пакрытае вялікаю колькасцю смецця, тут прыкметна зменшылася колькасць мідыяў і бычкоў, большасць з іх загінула ў выніку забруджання вады. На відэа эколаг паказвае, да якіх наступстваў прывяла катастрофа.

У той жа час вада ў Адэсе ўяўляе небяспеку не толькі жыхарам мора, але і чалавеку: на некалькіх пляжах былі знойдзеныя гэтак званыя халеравідныя вібрыёны. Паводле адмыслоўцаў, халеру выклікаць яны не могуць, але павышаюць рызыку выяўлення вострых кішачных разладаў. Таму ўлады заклікалі адэсітаў і надалей устрымлівацца ад купання ў моры.

Што датычыць чысціні марской вады вакол Крыму, то ў Міжрэгіянальным упраўленні «Расспажыўнагляду» па Крыме і Севастопалі заяўляюць, што ніякіх забруджванняў пасля разбурэнняў ГЭС няма.

У той жа час эксперты звяртаюць увагу, што існуе рэальная небяспека падхапіць інфекцыйнае захворванне. Размытыя магільнікі жывёлы, сметнікі, выграбныя ямы, змесціва якіх трапіла ў ваду, могуць спрычыніцца да распаўсюду інфекцыяў, уключаючы халеру. У звязку з гэтым праз 10 дзён пасля катастрофы, калі толькі-толькі пачала сыходзіць вада, адмыслоўцы раілі мясцовым жыхарам звяртаць увагу на тое, якую ваду яны п’юць і якую ежу ядуць, бо найбольшую небяспеку ўяўлялі кішачныя інфекцыі. Сапраўды, у Херсонскай вобласці былі выпадкі фіксавання халернай і кішачнай палачак у вадзе.

Тым не менш станам на 15 ліпеня пробы вады з Дняпра, якія зрабілі эколагі ў раёне Нафтагавані Херсону, паказалі, што «перавышэння максімальна дапушчальнай канцэнтрацыі для задавальнення гаспадарча-побытавых патрэбаў насельніцтва не выявілі». Таксама ў вадзе не было нафтапрадуктаў, а ўтрыманне кіслароду адпавядала норме, гэта значыць, што вада прыдатная да ўжывання.

Але вада з Дняпра нясе з сабою не толькі інфекцыі. Не меншую занепакоенасць выклікае тое, што ў раку трапіла найменей 150 тонаў алівы (з агульнай колькасці 450 тонаў) з агрэгатаў і трансфарматараў Кахоўскай ГЭС. І гэта толькі паводле папярэдніх ацэнак. Дакладную колькасць таго, што трапіла ў ваду, можна будзе ацаніць толькі пасля абследавання пашкоджаных трансфарматараў і турбінаў.

Затопленыя сховішчы таксічных адкідаў і ўгнаенняў, апрацаваныя пестыцыдамі палі – усё гэта патэнцыйна можа прывесці да забруджання як вады, гэтак і глебы, сцвярджаюць эксперты. У той жа час першыя аналізы глебы, зробленыя ў пачатку ліпеня пасля сыходу вады на Мікалаеўшчыне і ў Херсоне, паказалі, што 95 % пробаў адпавядалі гігіенічным патрабаванням, і толькі ў 5 % былі зафіксаваныя перавышэнні ў паразіталагічных паказніках.

Надзённыя праблемы

І ўсё ж калі глабальныя пытанні будуць даваць сябе адчуваць яшчэ праз некаторы час, то з надзённымі праблемамі жыхары тэрыторыяў вакол Кахоўскага вадасховішча сутыкаюцца ўжо сёння.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крытычна нізкі ўзровень вады Кахоўскага вадасховішча пасля падрыву Кахоўскай ГЭС ва Украіне. 5 ліпеня 2023 года.
Фота: Andre Luis Alves / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Гэтак, без пітной вады засталіся жыхары некалькіх паселішчаў у Запарожжы. Прычына ў тым, што ўзровень вады ў Дняпры ўпаў больш як на чатыры метры ніжэй за норму. Таму людзі, якія жывуць ніжэй за рэчышча, мусяць купляць пітную ваду, бо прывазной, на жаль, не стае.

Другая праблема – у тым, што мноства будынкаў у выніку катастрофы аказаліся непрыдатнымі для пражывання або патрабуюць значнага рамонту. У шмат якіх дварах, склепах дасюль стаіць вада, якую адпампоўваюць з дапамогай валанцёраў.

Паводле спецыялістаў, шмат якія дамы пасля таго, як высахнуць, маюць шанцы разбурыцца. Таму ўжо цяпер гучаць прапановы, што ў некаторых месцах прасцей зрабіць новую забудову, чымся аднаўляць пашкоджанае.

Страты ў эканоміцы

У канцы чэрвеня Міністэрства эканомікі і Міністэрства інфраструктуры Украіны супольна з Кіеўскаю школай эканомікі ды Офісам прэзідэнта Украіны папярэдне ацанілі страты ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС. Яны складаюць найменей 2 мільярды долараў.

Але, на думку дырэктара групы даследнікаў фінансавых рынкаў Лонданскай школы эканомікі Сімяона Дзянкова, эканамічныя страты краіны ад наступстваў катастрофы можна ацаніць на 4 мільярды долараў, а доўгатэрміновыя расходы складуць яшчэ каля 2 мільярдаў, што будзе абумоўлена праблемамі з пітною вадою, сістэмай арашэння, а таксама карабельствам па Дняпры.

Паводле Дзянкова, у агульную суму стратаў уваходзяць разбурэнні жыллёвага сектару ў паселішчах Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцяў. У апошняй былі затопленыя больш за 500 прыватных дамоў, што ж датычыць Херсонскай вобласці, то падлічыць дакладную лічбу праз тое, што частка яе акупаваная расейскімі войскамі, даволі цяжка. Калі лічыць паводле аэраздымкаў, то колькасць пацярпелых ад вады дамоў можа даходзіць да 20 тысячаў, а ў Херсоне найменей пацярпелі 150 шматпавярховых будынкаў. Шкоду ад затаплення прыватных дамоў ды інфраструктуры, звязанай з імі, ацэньваюць на 950 мільёнаў долараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знішчаная плаціна Кахоўскай ГЭС у Херсонскай вобласці, Украіна. 7 чэрвеня 2023 года.
Фота: AP Photo / East News

Праз немагчымасць падаваць ваду ў жывёлагадоўчыя фермы, размешчаныя на плошчы 584 тысячы гектараў, страты ў жывёлагадоўлі могуць скласці 200 мільёнаў долараў. Каля 600 тысяч гектараў зямлі часова застануцца непладароднымі праз страту ірыгацыйных сістэмаў. Як вынік – аб’ёмы экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны сёлета скароцяцца на 1,5 мільярда долараў.

Страты ў энергетычным сектары ацэньваюцца на 600 мільёнаў долараў, а штогадовыя страты праз разбурэнне ГЭС будуць складаць каля 100 мільёнаў долараў.

Шкода прамысловым прадпрыемствам была крыху нівеляваная тым, што шмат хто пераехаў з гэтых тэрыторый раней – у звязку з расейскай акупацыяй. Тым не менш разбурэнні на Кахоўскай ГЭС прынеслі дадатковыя страты прамысловасці на 150 мільёнаў долараў.

І, нарэшце, каб узнавіць Кахоўскую ГЭС той жа магутнасці, адзначае Дзянкоў, спатрэбіцца каля 1 мільярда долараў.

Узнаўленне станцыі

Дарэчы, пра ўзнаўленне Кахоўскай ГЭС можна пачуць усё часцей – пра гэта гавораць як у Кіеве, гэтак і акупацыйныя расейскія ўлады.

Паводле прадстаўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзіміра Сальда, Кахоўская гідраэлектрастанцыя будзе ўзноўленая, «як толькі дазволіць ваенная абстаноўка». Бо ГЭС адыгрывала важную ролю ў водным балансе паўднёвых рэгіёнаў, ад яе залежала арашэнне стэпаў на Херсоншчыне, у Запарожскай вобласці і паўночнага Крыму. Менавіта вадасховішча, на думку Сальда, адыгрывала больш важную ролю, а вытворчасць электрычнасці была другасным момантам.

У Кіеве таксама заявілі пра намеры адбудаваць станцыю, агучыўшы пры гэтым часавую і фінансавую ацэнку працаў для аднаўлення ГЭС на месцы разбуранай станцыі. У «Укргідроенерго» яшчэ 26 чэрвеня паведамілі пра пачатак працы над праектам будоўлі часовай грэблі ў раёне Кахоўскай станцыі, а таксама адзначылі, што пры будаўніцтве часовай дамбы будуць улічаныя захады для аднаўлення стратэгічнай дарогі, чыгуначнага маставога пераходу, газаправоду, якія злучалі левы і правы берагі Херсонскай вобласці.

А вось на тое, каб адбудаваць новую станцыю, на думку гендырэктара «Укргідроенерго» Ігара Сыраты, спатрэбіцца сем гадоў і 1–1,2 мільярда долараў. Пры гэтым ён адзначыў, што працам для адбудовы станцыі будуць папярэднічаць абследаванне тэрыторыяў пасля вызвалення ад расейскіх войскаў, дэмантажныя ды іншыя захады, на якія таксама спатрэбіцца час.

Hавiны
Кахоўскае вадасховішча ператвараецца ў пустэльню
2023.06.28 16:45

Нагадаем: 6 чэрвеня 2023 года расейскія войскі падарвалі Кахоўскую ГЭС, якая больш за год была пад іхным кантролем. У выніку з Кахоўскага вадасховішча выцекла 18 кубічных кіламетраў вады.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў