У Менску ўсё менш амбасадараў. Чаму так адбываецца


Пастанова Украіны адклікаць свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацыяў на няпэўны тэрмін – яшчэ адзін выпадак паніжэння ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва. У Менску пасля жніўня 2020 года засталіся лічаныя дыпламатычныя прадстаўнікі заходніх краінаў узроўню амбасадара. Расказваем, як выглядае сітуацыя.

Украіна 19 красавіка пастанавіла адклікаць свайго амбасадара ў Беларусі Ігара Кізіма пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком непрызнанай Данецкай Народнай Рэспублікі (а фактычна – тэрарыстычнага фармавання) Дзянісам Пушыліным. Дэ-факта адкліканне амбасадара для кансультацыяў – гэта паніжэнне ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва.

Прадстаўніца Еўрапейскага Звязу ў Беларусі і дыпламаты краінаў-чальцоў віншуюць амбасадара Ігара Кізіма з Днём Незалежнасці Украіны і набыццём статусу кандыдата на чалецтва ў ЕЗ. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Посольство України в Республіці Білорусь / Facebook

Да Украіны ўзровень прадстаўніцтва, толькі ўжо дэ-юрэ, панізіла Чэхія. 15 лютага стала вядома, што на той момант надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Чэхіі ў Беларусі Томаш Пэрніцкі зойме пасаду ў адміністрацыі абранага прэзідэнта Пэтра Паўла. 9 сакавіка прайшла інаўгурацыя, дзеля якой Пэрніцкі вярнуўся ў Прагу. На змену яму прыедзе часовы павераны. Гэта і ёсць паніжэнне ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва.

«Ёсць палітыка Еўрапейскага Звязу – не прызнаваць Лукашэнку як прэзідэнта. І значыць, немагчыма ўручаць яму даверчыя лісты. У такім разе немагчыма дасылаць сюды амбасадараў, бо любы амбасадар павінен гэтыя лісты ўручаць. Таму ў працэсе таго, як заканчваецца тэрмін працы амбасадараў, яны адыходзяць і на іхным месцы не зʼяўляецца новых, а зʼяўляюцца толькі часовыя павераныя ў справах», – патлумачыў у інтэрвʼю «Белсату» палітолаг Валер Карбалевіч.

Рэспубліка Беларусь мае ўсталяваныя адносіны са 183 дзяржавамі свету. Паводле даведніка МЗС, на тэрыторыі Беларусі дзейнічае 54 амбасады і прадстаўніцтвы ЕЗ. Разам з прадстаўніцтвам ЕЗ у 22 амбасадах пасля лета 2020 года панізіўся ўзровень дыпламатычнага прадстаўніцтва.

Некаторыя еўрапейскія краіны (напрыклад, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Італія, Польшча) пакуль яшчэ прадстаўленыя дыпламатамі рангу надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара. Аднак нязменна працуе адна схема: усе дзейныя ў Беларусі амбасадары краінаў Захаду былі прызначаныя і ўручалі даверчыя лісты да фальсіфікаваных выбараў 2020 года.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі ў інтэрв’ю «Белсату» адзначыў, што далейшае паніжэнне ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва з боку краінаў Захаду ды іх саюзнікаў непазбежнае для рэжыму Лукашэнкі. «На ўзроўні амбасадара не так і шмат што можна рабіць у Беларусі», але заходнія краіны пакідаюць пэўную дыпламатычную прысутнасць, каб выдаваць візы беларусам, прысутнічаць у судах, сачыць за сітуацыяй, наведваць сем’і палітвязняў, каб, урэшце, «мець уласную першасную інфармацыю пра тое, што адбываецца».

Кіраўнікі і прадстаўнікі размешчаных у Менску дыпламатычных місіяў ЕЗ і краінаў ЕЗ, Японіі, Швейцарыі, Вялікай Брытаніі і ЗША зладзілі акцыю ў Міжнародны дзень супраць гвалту. 2 кастрычніка 2020 года.
Фота: European Union in Belarus / Facebook

Кучынскі паведаміў, што паралельна ідзе і іншы працэс – расце колькасць краінаў, якія ўсталёўваюць і мацуюць дыпламатычныя стасункі з дэмакратычнай Беларуссю.

«Але ёсць і альтэрнатыва. Ёсць магчымасць дасылаць дыпламатычных спецпрадстаўнікоў у Вільню, як тое зрабіла Польшча, як рабілі ЗША, як нядаўна зрабіла Эстонія, якая даслала спецпрадстаўніка, каб непасрэдна працаваць з офісам Святланы Ціханоўскай, з Аб’яднаным кабінетам, з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Дзеля гэта міністрам замежных справаў Эстоніі была прынятая адмысловая пастанова. Гэта добры прыклад дыпламатычнай рашучасці краінаў пры наладжванні адносінаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і адна з формаў дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі», – падкрэсліў Кучынскі.

На адрозненне ад Лукашэнкі, які ездзіць у Расею, Кітай і такія экзатычныя краіны, як Зімбабвэ, абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пасля жніўня 2020 сустрэлася з кіраўнікамі амаль што ўсіх краінаў Еўропы, а таксама ЗША і Канады. Злучаныя Штаты Амерыкі яна наведала двойчы.

«Захаваць беларускі парадак дня ў міжнародных пытаннях, працягнуць і, можа, павялічыць заходняе падтрыманне беларускай дэмакратыі, падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць, беларускую дыяспару. Гэта відавочныя стратэгічныя задачы, што ставіць перад сабой кабінет. І, вядома ж, узмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі», – адзначыў Валер Карбалевіч.

Пакуль што са Святланаю Ціханоўскаю не сустракаўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Але і ў гэтым кірунку магчымыя змены. Пра гэта ў інтэрвʼю «Белсату» 19 красавіка расказаў кіраўнік Камітэту вонкавай палітыкі ў Вярхоўнай Радзе Украіны Аляксандр Мэрэжка.

«Змены могуць адбыцца. Але пытанні прызнання ці непрызнання – гэта кампетэнцыя прэзідэнта, а не парламенту. Што тычыцца мяне, то я мяркую, што неабходна падтрымліваць дыялог са Святланай Ціханоўскай, паколькі яна валодае пэўным узроўнем легітымнасці», – заявіў Аляксандр Мэрэжка.

Мэрэжка слухаў выступы Ціханоўскай на канферэнцыях у Вашынгтоне, калі яна была з візітам у ЗША. Украінскі палітык упэўнены, што беларуская лідарка займае праўкраінскую пазіцыю, і называе сябе прыхільнікам дыялогу Кіева са Святланай Ціханоўскай. Ён зазначае, што «такі дыялог, хаця б на міжпарламенцкім узроўні, патрэбны».

Каментар
Украінскі палітык Аляксандр Мэрэжка: Лукашэнка перайшоў перадапошнюю чырвоную рысу
2023.04.20 08:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў