У Кіеў прыехаў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг 20 красавіка прыехаў у Кіеў, паведамляе ў «Тўітэры» «Kyiv Independent». Загадзя ягоны візіт не анансаваўся.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг у Кіеве. 20 красавіка 2023 года.
Фота: president.gov.ua

У аўторак, 18 красавіка, генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу заявіў, што NATO мусіць яшчэ больш дапамагаць Украіне зброяй, паведамляла CNN.

«Мы прызнаём, што ўжо перадалі Украіне вялізную колькасць зброі, боепрыпасаў, матэрыялаў, але мы мусім зрабіць яшчэ больш. Бо нам трэба забяспечыць украінцам такое становішча, каб яны маглі прабіць расейскія пазіцыі, у тым ліку праз мінныя палі, і маглі вызваліць, вярнуць тэрыторыі», – казаў Стольтэнбэрг.

Украіна хоча ўвайсці ў NATO, аднак на сённяшні дзень краіны – удзельніцы Паўночнаатлантычнага альянсу не маюць згоды наконт такой перспектывы. У прыватнасці, газета «Financial Times» згадвала пра занепакоенасць Вашынгтону, што гэта можа згуляць на руку наратыву Пуціна пра вайну паміж Расеяй і NATO і прывесці да эскалацыі канфлікту, у тым ліку да выкарыстання ядравай зброі, піша Расейская служба ВВС.

Фота: president.gov.ua

У той жа час прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага запрасілі на саміт NATO, які пройдзе ўлетку 2023 года. Зяленскі заявіў, што паўдзельнічае ў саміце толькі ў тым выпадку, калі пабачыць рэальныя крокі насустрач чалецтву Украіны ў NATO, а менавіта – наданне пасляваенных гарантыяў бяспекі ці больш блізкую супрацу з Альянсам.

У сакавіку генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг прадставіў краінам – удзельніцам Альянсу дакументы з практычнымі і палітычнымі прапановамі для Кіева, у тым ліку з новай дэкларацыяй аб дачыненнях Кіева і NATO, што грунтуецца на заяве 2008 года пра тое, што Украіна ў нейкі момант стане чальцом Альянсу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў