Найбуйнейшая ракета-носьбіт з караблём «Starship» выбухнула праз хвіліны пасля пуску


Амерыканскі вытворца касмічнай тэхнікі «SpaceX» 20 красавіка правёў выпрабаванні звышцяжкай ракеты «Super Heavy», якую спецыялісты называюць самай магутнай ракетай у гісторыі, і касмічнага карабля «Starship», аднак усё скончылася няўдала. Пасля дасягнення вышыні ў 38 км ракета ўвайшла ў некантралюемае кручэнне і ўзарвалася праз чатыры хвіліны.

Запуск ракеты з караблём «Starship». Скрыншот з відэа: elonmusk / Twitter

Падчас трансляцыі «SpaceX» сітуацыю назвалі «некантралюемым разлучэннем» і заявілі, што праца над «Starship» працягнецца, а ўзніклыя праблемы будуць даследаваны.

«Starship падвергнуўся хуткай незапланаванай разборцы перад падзелам прыступак. Каманды будуць працягваць аналізаваць дадзеныя і працаваць над нашым наступным лётным выпрабаваннем. У такім тэсце поспех залежыць ад таго, што мы даведаемся, і сённяшні тэст дапаможа нам павысіць надзейнасць Starship, паколькі SpaceX імкнецца зрабіць жыццё шматпланетным», – так у кампаніі рэзюмавалі выпрабаванні.

Згодна з планам палёту, ракета «Super Heavy» павінна была здзейсніць жорсткую пасадку ў Мексіканскім заліве прыкладна праз восем хвілін пасля ўзлёту, да гэтага падняўшыся на вышыню ў 234 км. Верхняя прыступка «Starship» тым часам павінна была зрабіць частковы круг вакол Зямлі і ўпасці ў Ціхім акіяне ў Гаваяў прыкладна праз 90 хвілін пасля старту.

План палёту ракеты з караблём «Starship». Крыніца: spacex.com

У гэтым выпрабавальным запуску ні людзей, ні спадарожнікаў на борце не было.

Кіраўнік «SpaceX» Ілан Маск ужо заявіў у Twitter, што наступны пуск плануецца праз некалькі месяцаў.

«Віншую каманду SpaceX з займальным тэставым запускам Starship. Мы шмат чаго даведаліся для наступнага выпрабавальнага запуску праз некалькі месяцаў», – напісаў Маск.

Гэта была другая спроба кампаніі вывесці на арбіту касмічны карабель з пляцоўкі ў Тэхасе, з новага прыватнага касмадрома ў Бакі-Чыка. Першую спробу 17 красавіка адмянілі за дзевяць хвілін да старту. Тады ўзніклі праблемы з клапанам ціску.

Паводле адкрытых інтэрнэт-крыніц, поўная ўзлётная маса комплексу «Super Heavy – Starship» вышынёй 120 метраў дасягае 5000 тон, што роўна вазе 600 гружаных чыгуначных вагонаў. Яна вышэй любой іншай ракеты, калі-небудзь створанай у свеце. Папярэдні рэкорд належаў сістэме «Сатурн V – Апалон» з масай 2900 тон, якая ў 1969 годзе адправіла чалавека на Месяц.

Ілан Маск разлічвае на тое, што ракета «Starship» цалкам пераверне індустрыю ракетабудавання і асваення космасу. Ён разглядае яе як транспартны сродак, які можа адкрыць эру міжпланетных падарожжаў для звычайных людзей і, па задуме Маска, зможа здзяйсняць некалькі рэйсаў у дзень, дастаўляючы на арбіту людзей ці грузы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў