У Берасці за данат у 13 долараў «каліноўцам» для айцішніка запрасілі 5 гадоў калоніі


12 і 14 лютага 2024 года Берасцейскі абласны суд разглядаў крымінальную справу супраць 39-гадовага айцішніка Аляксандра Сысоева. Пра гэта паведамляе «Берасцейская вясна».

Байцы палка Кастуся Каліноўскага.
Фота: Белсат

Мужчыну затрымалі 5 ліпеня 2023 года, з таго часу ён знаходзіцца пад вартай. Аляксандру Сысоеву ў віну ставяць тое, што ён праз Facebook з дапамогай плацежнай сістэмы «PayPal» пералічыў грошы палку Каліноўскага. Перавод склаў 12,91 долараў з беларускай карткі. Дзяржабвінавачванне кваліфікавала гэта як «фінансаванне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з бакоў, што змагаюцца, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях».

12 лютага пракурор Аляксандр Богуш запатрабаваў для Сысоева 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прыгавор абвяшчалі 14 лютага. Што вырашыў суддзя Руслан Сянько, невядома, але праваабаронцы адзначаюць, што «ў абсалютнай большасці выпадкаў у палітычных справах берасцейскія суддзі прысуджаюць тое, што просяць пракуроры».

Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што ў Беларусі мінімум 58 чалавек асуджаныя па артыкуле за «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (або ў сукупнасці з іншымі) на тэрміны ад 1,5 да 19 гадоў калоніі. За данаты ў структуры, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», у Беларусі пагражае да 5 гадоў калоніі, нават на момант, калі яны не былі прызнаныя такімі. Акрамя таго, адзначае «Вясна», за данаты судзяць па артыкуле аб «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці» – па ім ужо асудзілі як мінімум 2 чалавек на 9,5 і 8,5 гадоў калоніі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў