Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту ў парадку спецыяльнай вытворчасці скончыла папярэдняе расследаванне ў дачыненні Івана Краўцова – сакратара Каардынацыйнай рады. Пра пачатак спецвытворчасці ў дачыненні яго было абвешчана менш як месяц таму.
Івана Краўцова вінавацяць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варожасці, махлярстве ў асабліва буйным памеры, змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і ў стварэнні «экстрэмісцкага фармавання».
Крымінальная справа перададзеная Генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.
Краўцоў быў каардынатарам штабу Віктара Бабарыкі і арганізацыйнага камітэту партыі «Разам». Ён сакратар Каардынацыйнай рады з моманту яе ўтварэння ў 2020 годзе. У верасні 2020 года ён быў затрыманы і прымусова вывезены за мяжу Беларусі.
Пра пачатак спецвытворчасці ў дачыненні Краўцова паведамлялася 23 студзеня.
Якуб Хруст belsat.eu