Расея захапіла Аўдзееўку, але з пазіцыйнага тупіка не выйшла. Тлумачым, што адбываецца


Цаною вялізарных стратаў Расея захапіла Аўдзееўку і працягвае атакаваць украінскія пазіцыі адразу на шэрагу кірункаў. Аднак перадумоваў для шырокага прарыву ўкраінскага фронту цяпер няма. Пазіцыйны тупік у вайне бліжэйшым часам будзе захоўвацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведвае Аўдзееўку, Данецкая вобласць, Украіна. 29 снежня 2023 года.
Фота: Ukrainian Presidency / abacapress.com / East News

Пра тое, што Збройныя сілы Украіны выходзяць з Аўдзееўкі і займаюць абарону на пазіцыях па-за межамі гораду, новы галоўнакамандуючы Аляксандр Сырскі абвесціў 17 лютага. Пастанова не стала сюрпрызам: пра тое што ўкраінцам раней ці пазней прыйдзецца пакінуць горад, эксперты казалі ўжо некалькі месяцаў. На ўзроўні камандавання ЗСУ такі сцэнар таксама раней агучваўся. З улікам недахопу боепрыпасаў, які быў выкліканы крызісам заходняй дапамогі, адыход украінскіх вайскоўцаў на новыя пазіцыі ўвогуле стаў выглядаць непазбежнасцю.

Аўдзееўка з’яўляецца важным вузлом данецкай агламерацыі, кантроль за якім дае пэўныя тактычныя перавагі. Аднак стратэгічнага значэнне гэтае мястэчка плошчай у 29 км² не мае. Таму абараняць Аўдзееўку любой цаной не было сэнсу.

Камандаванне ЗСУ не стала паўтараць сцэнар Бахмуту, калі ўкраінскія вайскоўцы да апошняга чапляліся за кожны будынак, нават разумеючы, што паселішча не ўтрымаць. Цяпер камандаванне ЗСУ правяло планавы адыход з гораду. Аперацыя адводу войскаў прайшла не ідэальна: пэўная колькасць байцоў 110-й асобнай механізаванай брыгады трапіла ў палон на апорным пункце «Зеніт». Шасцярых з іх (у тым ліку чатырох параненых) расейцы, імаверна, расстралялі – Кіеў ужо звярнуўся ў міжнародныя арганізацыі ў сувязі з гэтым ваенным злачынствам. Аднак у цэлым адступленне прайшло без вялікіх праблемаў: падраздзяленні ЗСУ адышлі арганізавана і замацаваліся на новых пазіцыях.

«Вывад войскаў з Аўдзееўкі быў настолькі паспяховым, наколькі гэта дазвалялі абставіны», – заявіў прадстаўнік групоўкі ЗСУ «Таўрыя» Дмытро Лыхавій, і гэтую ацэнку можна лічыць досыць аб’ектыўнаю.

Цана пуцінскай перамогі

Цяпер Расея спрабуе выціснуць з акупацыі Аўдзееўкі максімальны прапагандысцкі эфект. Аднак падобна на тое, што гэта была «пірава перамога».

Масіраванае наступленне на Аўдзееўку пачалося 10 кастрычніка 2023 года і суправаджалася вялізарнымі стратамі з боку РФ. Пра гэта казалі ўсе – украінская вайскоўцы, заходнія спецслужбы, незалежныя медыі і нават частка Z-каналаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удалечыні відаць горад Аўдзееўка ў кантраляванай Расеяй частцы Данецкай вобласці, Украіна. 19 лютага 2024 года.
Фота: Stringer / AFP / East News

У лістападзе вайсковы аглядальнік газеты «Bild» Юльян Рэпке называў колькасць загінулых расейскіх жаўнераў пад Аўдзееўкай «унікальнай» – часам каэфіцыент смяротнасці складаў каля 20:1 на карысць ЗСУ. У снежні амерыканскія спецслужбы сцвярджалі, што кожны квадратны кіламетр заваяванай тэрыторыі каштуе расейцам прыкладна 1 тысячу байцоў. Сваякі расейскіх мабілізаваных наракалі, што генералы хацелі паспець узяць Аўдзееўку да «прамой лініі» Пуціна або да Новага году, таму ў акопы гналі нават вайскоўцаў з раненнямі сярэдняй і лёгкай цяжкасці. «Муж кажа, яны там па трупах ходзяць, імі проста ўсё завалена», – распавядала журналістам жонка аднаго з расейскіх вайскоўцаў.

У ЗСУ агульныя страты расейскага боку ў выніку бітвы за Аўдзееўку ацанілі ў 47 тысячаў асобаў, з іх 17 тысячаў – загінулымі. Гэтую лічбу можна было б назваць фантастычнай і спісаць на звыклае жаданне канфліктуючых бакоў завысіць страты праціўніка. Аднак некаторыя Z-каналы, якія дазваляюць сабе спрачацца з афіцыйнай лініяй Крамля, прыводзяць блізкія лічбы. Расейскі вайсковец і мілітарысцкі блогер Андрэй Марозаў (тэлеграм-канал «Нам пишут из Янины») сцвярджае, што незваротныя страты Расеі пад Аўдзееўкай склалі 16 тысячаў асобаў (гэта больш, чым страціў СССР за 10 гадоў вайны ў Афганістане). Пры гэтым Украіна, паводле ацэнак Марозава, страціла ў «найлепшым выпадку» ў 2,5–3 разы меней (у найлепшым, натуральна, для агрэсара).

Незалежная даследчая суполка «Conflict Intelligence Team» мяркуе, што ўсе гэтыя лічбы завышаныя, але разам з тым прызнае: «несумненным з’яўляецца той факт, што УС РФ панеслі за гэтыя чатыры месяцы вялізарныя страты».

Акрамя таго, задачы, якія ставіла перад сабою Расея ў гэтай бітве, нельга лічыць выкананымі. Расейцы першапачаткова мелі намер узяць Аўдзееўку ў абцугі і акружыць абаронцаў гораду. Гэтаму спрыяла сама канфігурацыя ўкраінскіх пазіцыяў – лінія фронту на гэтым участку ўтварала выступ. Аднак стварыць «кацёл» не атрымалася, на што цяпер адкрыта наракаюць некаторыя Z-каналы.

«Аўдзееўку нам аддалі. Баяздольныя часткі праціўніка адступілі на падрыхтаваныя загадзя абарончыя рубяжы. Праціўнік не быў знішчаны, абяскроўлены, аслаблены. Тэхніка не была знішчаная. Праціўніка адпусцілі», – абураецца тэлеграм-канал «Северный ветер».

«Сырскі ўмела выцягнуў з «катла» ў Аўдзееўцы, якую «бралі доўга і з працай», нават тую невялікую частку ўкраінскіх войскаў, якую яшчэ можна было там «прышчаміць», – прызнаў эфектыўнасць дзеянняў новага галоўкама тэлеграм-канал «Нам пишут из Янины».

Ці варта чакаць аператыўнай паўзы?

Сітуацыя на Аўдзееўскім кірунку застаецца напружанай. Украінскія крыніцы паведамляюць пра атакі расейцаў на пасёлак Ластачкіна, дзе праходзіць новая лінія абароны ЗСУ. Гэтыя атакі ўкраінцы адбіваюць.

Сітуацыя на Аўдзееўскім кірунку, Украіна. 20 лютага 2024 года. Мапа: deepstatemap.live

Камандзір аднаго з падраздзяленняў 3-й асобнай штурмавой брыгады ЗСУ Мікола Волахаў 20 лютага падчас нацыянальнага тэлемарафону заявіў, што Аўдзееўскі кірунак застаецца «самай гарачай кропкай расейска-ўкраінскай вайны і самай гарачай кропкай у свеце». Нават пад Бахмутам не было настолькі складана, прызнаўся афіцэр.

Разам з тым, амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) канстатуе, што тэмпы расейскага прасоўвання (і без таго марудныя) рэзка знізіліся. Брытанская выведка прыйшла да высновы, што расейскай арміі не хапае баяздольнасці, каб скарыстацца захопам Аўдзееўкі. Прычына – падраздзяленні агрэсара фактычна знясіленыя. Ім патрэбен час на рэарганізацыю і адпачынак.

«Расейскім сілам, імаверна, давядзецца ўзяць аператыўную паўзу, перш чым аднавіць значныя наступальныя аперацыі ў Аўдзееўскім кірунку, або прыйдзецца перакідваць на ўчастак дадатковыя рэзервы з іншых участкаў фронту», – зазначаюць у ISW.

Аналітыкі канстатуюць, што такія рэзервы ў Расеі ёсць, але сведчанняў пра іх перакідванне пад Аўдзееўку пакуль няма. Прадстаўнік украінскай групоўкі «Хортіца» Ілля Еўлаш мяркуе, што чакаць гэтага не варта: хутчэй наадварот расейцы перакінуць частку сілаў з-пад Аўдзееўкі на іншыя ўчасткі фронту. Напрыклад, на поўнач, бліжэй да Купянску (Харкаўшчына).

Расейцы працягваюць атакаваць на розных кірунках у Данецкай, Запарожскай і Харкаўскай абласцях. У апошнія дні агрэсар чыніць актыўныя штурмавыя дзеянні пад Работына Запарожскай вобласці: расейцы здолелі тут прасунуцца, але паселішча па-ранейшаму ўтрымліваюць байцы ЗСУ.

«Учорашняя ноч была складанай. Атакі на Запарожскім кірунку ўсё адбітыя. Расейцы знішчаныя. Сітуацыя – кантраляваная», – паведамілі 20 лютага ў аператыўным камандаванні «Захід».

Суполка CIT пры гэтым заўважыла цікавую дэталь: пад Работына расейскае камандаванне кінула ў бой нават танкі сталінскіх часоў – імаверна, Т-54 узору 1951 году.

Двое расейскіх вайскоўцаў з інжынерных падраздзяленняў ідуць па Аўдзееўцы пасля ліквідацыі міннай небяспекі ў горадзе. 19 лютага 2024 года.
Фота: Russian Defense Ministry Press Service / AP / East News

Атакі «на куражы» і дэфіцыт боепрыпасаў

Вайсковы аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка не згодны з тым, што Расея пасля Аўдзееўкі возьме аператыўную паўзу. Ён мяркуе, што камандаванне расейскай арміі «на куражы» пасля захопу Аўдзееўкі паспрабуе не толькі прадэманстраваць, што яны могуць наступаць, але і скарыстацца «акном магчымасцяў», калі ўкраінская армія адчувае «востры дэфіцыт боепрыпасаў».

«З улікам той колькасці стрэлаў, што ў содні робіць украінская артылерыя, можна лічыць, што мы цяпер ваюем без артылерыі», – наракае Каваленка.

Прычыны дэфіцыту снарадаў добра вядомыя: прыпыненне дапамогі з боку ЗША. Рэспубліканцы і дэмакраты ў Кангрэсе ніяк не могуць дамовіцца наконт фінансавання Украіны і Ізраілю, спрэчкі наконт гэтага пытання цягнуцца з восені.

Разам з тым, нават у гэтых неспрыяльных умовах Каваленка не прагназуе «істотнага прарыву фронту». Максімум – страту асобных лакацыяў. Гэты прагноз у цэлым супадае з ранейшымі высновамі незалежных аналітыкаў з ISW і CIT, якія яшчэ ў канцы снежня тлумачылі, што ніякіх маштабных прарываў на фронце не будзе як мінімум да вясны. Тое, як доўга і з якімі стратамі расейцы выціскалі ўкраінцаў з Аўдзееўкі, паказвае, што перадумоваў для выхаду з пазіцыйнага тупіка няма дасюль.

Сітуацыя можа змяніцца, калі крызіс заходняй дапамогі паглыбіцца і дэфіцыт боепрыпасаў стане катастрафічным. Выглядае на тое, што падставаў для такога песімістычнага сцэнару пакуль няма. На мінулым тыдні падчас Мюнхенскай канферэнцыі прэзідэнт Чэхіі Пэтр Павэл заявіў, што ў гэтым пытанні быў дасягнуты істотны прагрэс: чэхі «знайшлі» паўмільёна снарадаў калібру 155 мм, 300 тысячаў снарадаў калібру 122 мм і гатовыя іх пераправіць ва Украіну цягам некалькіх тыдняў.

Праўда, як патлумачыў чэшскі прэзідэнт, для гэтага яшчэ трэба знайсці фінансаванне, а практыка паказвае, што падобныя пытанні на Захадзе могуць вырашацца вельмі марудна.

Аналітыка
Чаму ЗША дасюль не ўхвалілі дапамогу Украіне? Тлумачым, што адбываецца
2024.02.05 19:45

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў