Расейскі дэпутат прапанаваў адрадзіць ГУЛАГ, каб там «радасна махалі кайлом»


Дэпутат Дзяржаўнай думы ад «Адзінай Расеі» генерал Андрэй Гурулёў заявіў, што для ўсіх, хто «ідзе супраць дзяржавы» неабходна адрадзіць сістэму ГУЛАГ. Пра гэта ён заявіў у эфіры тэлеканалу «Царьград».

ГУЛАГ.
Фота: ausstellung-gulag.org / Wikimedia.org

«Мне зараз кажуць: «Ты хочаш зладзіць зноў ГУЛАГ». Ну, я сапраўды кажу, што жадаю, каб тыя, хто сёння шкодзіць нашай Радзіме тут усярэдзіне, радасна махалі кайлом у раёне Калымскага тракту. Гэта праўда. І не толькі я хачу, і народ хоча гэтага», – заявіў дэпутат.

Гэта не першая падобная прапанова Андрэя Гурулёва. У 2023 годзе ён прапаноўваў «уводзіць паняцце «вораг народу», ворагі ёсць, а паняцця няма» і казаў, што хоча вярнуць сталінскія рэпрэсіі.

А пазней дэпутат прапаноўваў, каб 20% расейцаў, «уся вось гэтая гнілата, якая засталася», была «калі не ізаляваная, то хаця б неяк знішчаная».

Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў (ГУЛАГ) ажыццяўляла кіраўніцтва месцамі зняволення ў 1930–1959 гадах. У ім сярод іншага актыўна выкарыстоўвалася прымусовая праца зняволеных. Паводле афіцыйных звестак, усяго праз сістэму лагераў, турмаў і калоніяў АДПУ і НКУС у 1921–1953 гадоў прайшло 7,6 млн асобаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў