У Менску асудзілі маці і дачку, якія працавалі ў «МТБанку», за перадаванне звестак у «ЧКБ»


У Менскім гарадскім судзе 20 студзеня вынеслі прысуд працаўніцам «МТБанку» Іне і Валерыі Глінскім – 7 і 6,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму адпаведна, паведамляюць праваабаронцы. Маці і дачку судзілі за перадаванне ў 2020 годзе звестак сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі». 

Іна і Валерыя Глінскія на судзе. Скрыншот з відэа: viasna96/Telegram

Іну і Валерыю Глінскіх затрымалі 28 снежня 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіКу, іх амаль год трымалі ў СІЗА № 1.

Глінскіх абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестак»), арт. 352 («Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй»). Справу разглядала суддзя Таццяна Фалькоўская, працэс быў адкрыты.

У справе праходзілі пяцёра пацярпелых – міліцыянты і суддзя. Напрыклад, на адно з паседжанняў асабіста прыйшла супрацоўніца Партызанскага РУУС Менску Ліліяна Жылянкова з маці. Тады паведамлялася, што ў адной з прыватных медычных установаў, у якой раней абслугоўвалася супрацоўніца, сказалі, што цяпер ёй у медычных паслугах адмаўляюць.

Іна і Валерыя Глінскія на судзе.
Фота: spring96.org

Тэлеграм-канал «Чорная Кніга Беларусі» быў створаны пасля выбараў 2020 года дзеля пошуку імёнаў і фота адказных за пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі. З верасня 2020 года і да канца траўня 2021 года ў каманду «ЧКБ» трапіў агент ГУБАЗіКу Артур Гайко. Цягам дзевяці месяцаў ён мог бачыць асабістыя звесткі інфарматараў праекту: нікнэймы і нумары тэлефонаў, калі карыстальнікі іх не схавалі. Дакладна не вядома, якая інфармацыя праз гэта стала даступная сілавікам. Былая рэдактарка «Чорнай кнігі» Яніна Сазановіч першая агучыла гэтую інфармацыю ў медыях.

Пасля гэтага прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці заклікалі тых, хто штосьці дасылаў у «ЧКБ», змяніць нумар тэлефона і выдаліць ​​акаўнт у Telegram. А тым, у каго ёсць такая магчымасць, раілі пакінуць Беларусь.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў