Ад рэдакцыяў першых газетаў да ўлюбёнага бару Караткевіча: беларускія месцы Вільні


Працягваем наш шпацыр па беларускіх месцах нашай страчанай сталіцы ВКЛ. Гэтым разам прапаноўваем прайсціся шляхамі людзей, зброяй якіх было слова і асвета, падыхаць паветрам, якім дыхалі беларускія літаратары, журналісты і выдаўцы.

Агляд
Шляхамі Каліноўскага і паўстанцаў: вандруем па беларускіх месцах Вільні
2022.10.29 08:30

Францішак Багушэвіч і палац Тышкевічаў (Trakų 1 – Pylimo 26)

Пачнем нашае маленькае падарожжа з пачынальніка найноўшай беларускай літаратуры – Францішка Багушэвіча. Беларускі паэт, ідэолаг нацыянальнага беларускага адраджэння, удзельнік паўстання 1863 г., легендарны адвакат, Францішак нарадзіўся ў фальварку Свіраны (Віленшчына). Пасля атрымання адукацыі далучыўся да антырасейскага паўстання 1863 г. пад кіраўніцтвам Каліноўскага. Быў паранены, пасля чаго вымушана жыў ва Украіне. Скончыў юрыдычны ліцэй. Вярнуўшыся ў Вільню, распачаў актыўную літаратурную і юрыдычную дзейнасць. Менавіта ў віленскі перыяд Багушэвіч інтэнсіўна разгарнуў сваю літаратурную, публіцыстычную і юрыдычную дзейнасць. Пра яго адвакацкія здольнасці і смеласць хадзілі легенды. У час, калі Багушэвіч пачаў выдаваць свае творы, беларуская мова была афіцыйна забароненая царскімі ўладамі.

Палац Тышкевічаў. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Віленскі акруговы суд, у якім працаваў Францішак Багушэвіч, размяшчаўся ў палацы Тышкевічаў (Trakų 1 – Pylimo 26). Пазней, у 1907 г., тут працавала рэдакцыя легендарнай беларускай газеты «Наша Ніва». На месцы былога дому па вуліцы Арклю (Arklių g.), дзе Францішак Багушэвіч жыў з 1884 да 1898 г., усталяваная ў ягоны гонар мемарыяльная табліца.

Францішак Скарына

Выданне беларускіх кніг у Вільні мае вельмі доўгую гісторыю. Пра гэта сведчыць выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны, кнігі якога сталі першымі друкаванымі выданнямі ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Важным месцам для беларусаў першай паловы ХХ ст. была друкарня імя Францішка Скарыны на вуліцы Піліма (Pylimo g. 6), якая была на свой час даволі паспяховай. Ёй кіравалі чальцы БХД. Акрамя перыядычных выданняў – «Беларуская крыніца», «Хрысціянская Думка», «Калоссе» – тут надрукавалі больш за 100 розных беларускіх кніг.

Друкарня імя Францішка Скарыны. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

У гонар першадрукара ў Вільні ўсталяваная мемарыяльная табліца на дзвюх мовах, літоўскай і беларускай (Didžioji g. 19). Акрамя гэтага, у дворыку дому, дзе жыў Скарына, стаіць скульптура летапісца (скульптар Вацлавас Круцініс, Vaclovas Krutinis, 1973 г.). Уваход у дворык праз арку са Шкляной вуліцы (Stiklių g. 4).

Адам Міцкевіч

Да Вільні належыць значны перыяд жыцця выбітнага беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча (1798–1855). Яму прысвечаны музей, помнік і тры мемарыяльныя табліцы ў гістарычным цэнтры гораду. Музей Адама Міцкевіча месціцца ў доме, дзе паэт жыў у 1822 годзе (Bernardinu g. 11). Помнік Адаму Міцкевічу з’явіўся ў 1986 годзе каля касцёлу Святой Ганны (Maironio g. 8).

Дом-музей Адама Міцкевіча. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Пасля сканчэння Віленскага ўніверсітэту (1819) паэт жыў у Літаратурным завулку (Literatu 22), дзе сёння ёсць мемарыяльная табліца. Яшчэ дзве размешчаныя на былым Базылянскім кляштары (Aušros Vartu g. 7а), дзе зняволены расейскімі ўладамі Міцкевіч адбываў пакаранне як адзін з арганізатараў таемных моладзевых таварыстваў – філаматаў і філарэтаў, і на вуліцы Вялікай (Didžioji g. 22), адкуль Міцкевіч, з’язджаючы ў высылку, назаўжды пакінуў Вільню.

Друкарня Марціна Кухты (Universiteto g. 4)

Пасля таго, як у 1906 годзе была адменена забарона выкарыстоўваць беларускую мову, у Вільні была заснаваная друкарня Марціна Кухты, які актыўна дапамагаў як беларусам, так і літоўцам. Друкарня месцілася непадалёк ад Віленскага ўніверсітэту. Там выдаваліся першыя беларускія газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва», а таксама кнігі Я. Коласа, М. Гарэцкага, «Кароткая гісторыя Беларусі» В. Ластоўскага і шматлікія іншыя выданні.

Друкарня Марціна Кухты. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Беларускае выдавецкае таварыства (Kaštonų g. 5)

Беларускае выдавецкае таварыства – адзін з найбуйнейшых выдавецкіх асяродкаў беларусаў у Вільні. Кіравалі дзейнасцю Таварыства вядомыя беларускія дзеячы культуры і асветы. Лічыцца, што месцам заснавання Таварыства быў дом 5 на вуліцы Каштону. Выдавецтва мела сваю сталую кнігарню на адрасе Піліма 5 (Pylimo g. 5), а пасля гэтага – у доме каля Вострай Брамы. За час свае працы Беларускае выдавецкае таварыства выдала некалькі дзясяткаў беларускіх кніг.

Бібліятэка Барыса Даніловіча (Gedimino pr. 2)

Вельмі важнай для беларусаў таго часу была бібліятэка віленскага мецэната Барыса Даніловіча. У 1914 годзе бібліятэка была перададзеная ў распараджэнне Антона Луцкевіча і ўвайшла ў літаратурную скарбніцу беларускага нацыянальнага руху. Вядомыя некалькі адрасоў бібліятэкі, бо ў розныя гады яна месцілася ў розных будынках, але спынімся на адным з першых, на праспекце Гедзіміна 2. Тут яна была з 1907 да 1911 г.

Беларускае выдавецкае таварыства «Наша хата». Пры мясцовай бібліятэцы Барыса Даніловіча працаваў Янка Купала. Беларускі нацыянальны камітэт (падчас нацыстоўскай акупацыі). Вільня, Літва.
Фота: Белсат

У бібліятэцы нейкі час па пераездзе ў Вільню ў 1908 г. зарабляў на жыццё Янка Купала. У 1918 г. Іван Луцкевіч перадаў бібліятэку і ўнікальныя калекцыі Беларускаму навуковаму таварыству, што стала асновай Беларускага музею. Да 1918 г. кватэра Луцкевічаў была цэнтрам беларускага адраджэнскага руху, «сюды ішлі ўсе прагрэсіўныя прадстаўнікі грамадскасці, каб пагаварыць аб справах нашага краю». У доме № 2 на Гедзіміна падчас нацысцкай акупацыі працаваў Беларускі нацыянальны камітэт на чале з адраджэнцам Вацлавам Іваноўскім і месцілася рэдакцыя газеты «Biełaruski hołas», якую рэдагаваў слынны драматург Францішак Аляхновіч.

Рэдакцыя газеты «Наша Доля» (Vilniaus g. 21)

У 1905–1906 гг. Вільня была галоўным цэнтрам і фарпостам усяго актыўнага беларускага рэвалюцыйнага руху пачатку ХХ ст. Тут пад кантролем Беларускай сацыялістычнай грамады выходзілі нелегальныя агітацыйныя выданні, літаратура і першая легальная беларуская газета «Наша Доля». Рэдактарам-выдаўцом газеты быў Іван Тукеркес. «Наша Доля» пачынае выходзіць у 1906 годзе, і ўжо ў 1907 годзе яна была забаронена. Агулам выйшла толькі 6 нумароў газеты.

Адрас першай рэдакцыі «Нашай Долі». Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Рэдакцыі газеты «Наша Ніва»

«Наша Ніва» – газета, якая дала назву цэламу перыяду беларускай гісторыі. «Нашаніўскай парой» называюць адцінак беларускай гісторыі, які звязаны з моцным нацыянальным уздымам у грамадска-палітычным, літаратурным і асветніцкім жыцці беларусаў таго часу.

Першы віленскі адрас, звязаны з газетай, – вул. Басанавічуса 17 (J. Basanavičiaus g. 17). Тут месцілася рэдакцыя «Нашай Нівы» у 1906 годзе.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» на пачатку 1907 г. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Газета «Наша Ніва» мела больш за 3000 карэспандэнтаў-сялянаў з самых розных куткоў Беларусі. За першыя некалькі гадоў працы газета змясціла на сваіх старонках амаль тысячу карэспандэнцыяў. Для тысяч беларусаў яна стала першаю прачытанай імі газетаю, першаю крыніцай інфармацыі на зразумелай для іх мове. У 1907 годзе рэдакцыя «Нашай Нівы» пераехала на новае месца (Pylimo g. 51). У тым жа годзе яна часова працавала і ў палацы Тышкевічаў.

З 1908 да 1910 г. рэдакцыя «Нашай Нівы» месцілася на Віленскай вуліцы (Vilniaus g.). Але будынак быў знішчаны ў часе Другой сусветнай вайны. Тры гады працы, з 1911 да 1913 г., былі для рэдакцыі аднымі з самых плённых (Піліма 5 – дом на скрыжаванні з вуліцаю К. Каліноўскага (K. Kalinausko g. 1). Тут праходзілі самыя розныя сустрэчы, у якіх удзельнічалі не толькі беларусы, але і літоўцы.

Мемарыяльная табліца ў гонар Янкі Купалы і «Нашай Нівы». Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Апошнім месцам, дзе працавала рэдакцыя газеты, быў дом на Віленскай 14. Рэдакцыя пад кіраўніцтвам легендарнага беларускага паэта Янкі Купалы размяшчалася там з 1913 да 1914 г. Цяпер на гэтым месцы ёсць мемарыяльная табліца ў гонар Янкі Купалы і «Нашай Нівы». Пасля закрыцця газеты ў 1915 г. працу паспрабавалі аднавіць у 1920 г., але без поспеху. Толькі ў 1991 г. газета была адноўленая.

Дом настаўніка (Vilniaus g. 39)

Класік беларускай літаратуры Янка Купала доўгі час жыў і працаваў у Вільні, і нават адна з вуліцаў насіла раней ягонае імя. Камедыя «Паўлінка» ягонага аўтарства была ўпершыню пастаўленая на вялікай сцэне ў віленскім Доме настаўніка (Vilniaus g. 39). Гэта стала магчымым дзякуючы высілкам віленскага беларускага музычна-драматычнага гуртка, у які ўваходзіў шэраг вядомых беларускіх дзеячаў культуры. Прэм’ера спектаклю адбылася ў 1913 годзе. На ёй прысутнічаў і аўтар.

Дом настаўніка. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (Aušros Vartų g. 6)

У будынку, які сёння займае адзін з самых дарагіх гатэляў Вільні, з 1926 да 1936 г. размяшчаўся Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (Aušros Vartų g. 6). Інстытут падтрымоўваў і развіваў сельскую гаспадарку, народныя рамёствы, беларускую духоўную культуру, беларускую асвету і мову. Пры ім дзейнічала тэатральная секцыя Пятра Булгака, працавала бібліятэка. З дапамогаю беларускай друкарні імя Францішка Скарыны Інстытут выдаў больш за дзесяць кніг вядомых беларускіх аўтараў.

Улюбёны бар Караткевіча

Ва ўспамінах «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» слынны навуковец-беларусіст Адам Мальдзіс згадваў, што, быўшы ў Вільні, яны любілі зайсці ў бар «Bociu» на рагу вуліц Святога Ігната і Татарскай (Šv. Ignoto g. 4), прыводзячы двухрадкоўе Караткевіча: «Па дарозе ў «Бочу» нікуды ня збочу». На месцы бару цяпер рэстаран «Stikliu Bociai».

Улюбёны бар Уладзіміра Караткевіча «Bociu». Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Улюбёная кавярня Купалы (Gedimino g. 12)

На першым паверсе дому № 12 на былым Георгіеўскім праспекце, дзе ў 1904 г. адчынілася бібліятэка «Знание», з пачатку ХХ ст. і да Другой сусветнай вайны працавала ўлюбёная кавярня Янкі Купалы «Красный Штраль».

Бонус: Станіслаў Манюшка

Напрыканцы нашага падарожжа дадамо крышку музыкі. Кампазітар, дырыжор, стваральнік польскай і беларускай нацыянальнай класічнай оперы Станіслаў Манюшка (1819–1872) пражыў у Вільні з 1840 да 1858 г., працуючы арганістам, кампазітарам, педагогам і арганізатарам музычнага жыцця гораду. У скверы ля касцёлу Святой Кацярыны (Vilniaus g. 30) ёсць бюст кампазітара. Паблізу касцёлу на доме № 26 па вуліцы Вокіецю (Vokieciu g.), дзе жыў кампазітар, можна ўбачыць мемарыяльную табліцу. Бюст Манюшкі ёсць і ў касцёле Святога Яна (Šv. Jono g. 12).

Агляд
Беларускія месцы ў Вільні: шляхамі адраджэнцаў
2022.11.06 13:33

Саша Гоман

Стужка навінаў