Знік палац? Якія наступствы будуць у расследавання «BELPOL» аб новай рэзідэнцыі Лукашэнкі


У расследаванні «BELPOL» пра новую раскошную рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі прыводзяцца вельмі падрабязныя планы: супольнасць былых беларускіх сілавікоў ведае, дзе ў будынку месціцца ледзь не кожная разетка. Наколькі сур’ёзны выцек планаў новага палацу Лукашэнкі, «Белсату» тлумачыць украінскі контрвыведнік у запасе.

Новы палац Лукашэнкі, трэці паверх. Фрагмент матэрыялаў з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Малюнак: BELPOL

Палкоўнік контрвыведкі Службы бяспекі Украіны ў запасе Міхайла Прытула распавядае «Белсату», што выцек такога кшталту робіць уразлівай першую асобу любой краіны: ворагі могуць скарыстацца матэрыяламі для фізічнай ліквідацыі чалавека ці хаця б праслухоўвання ягоных размоваў і кантролю кожнага кроку.

«Гэта не абавязкова будзе, – удакладняе Міхайла Прытула. – Як правіла, перад тым як першая асоба засяляецца ў такое памяшканне, праходзіць вельмі стараннае правяранне ўсіх месцаў яе знаходжання».

Але ёсць спосабы праслухоўвання, якія не злавіць ніякімі прыборамі пры правяранні. Прытула ўспамінае гісторыю «The Great Seal Bug» пра праслухоўванне амбасадара Злучаных Штатаў у Савецкім Саюзе: за некалькі тыдняў да заканчэння Другой сусветнай вайны СССР падарыў Штатам велізарны герб ЗША «ў падзяку», у ім ніякага выпраменьвання не знайшлі, герб вісеў у амбасадара шэсць гадоў і перадаваў размовы амбасадара Саветам ледзь не раней, чым пра іх даведвалася амерыканскае кіраўніцтва. Прыбор не меў батарэі і актыўных электрычных кампанентаў – не выпраменьваў нічога, пакуль яго не апрамянялі спецыяльным радыёсігналам з суседняга памяшкання.

Маскве важна трымаць пад кантролем Беларусь, канстатуе Міхайла Прытула. Таму ў чарговай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі цалкам могуць усталяваць нешта падобнае. А падрабязныя планы рэзідэнцыі, не сумняваецца Прытула, дапамогуць расейскім спецслужбам у праслухоўванні і кантролі, а можа, і ў «закладках» з пэўнымі рэчывамі, якія дазволяць ліквідаваць першую асобу ў патрэбны момант.

Але гэта ў тэорыі, а што стане рабіць Расея на практыцы, невядома, падкрэслівае ён. Можа, планы дапамогуць нават не Расеі, а вайсковай выведцы Украіны.

Гісторыі
Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»
2023.09.18 10:39

Калі планы ўжо выцеклі, што павінна рабіць служба бяспекі першай асобы? У першую чаргу будуць правяраць, адкуль адбыўся выцек праектнай дакументацыі, адказвае Прытула. Выкананні дакументацыі могуць адрознівацца, паводле гэтага можна звузіць кола падазраваных. Затым могуць праверыць усё памяшканне на наяўнасць «закладак». Гэта, кажа контрвыведнік, «амаль штатная сітуацыя», і яна не азначае, што «ўсё прапала».

«Планы могуць быць, а вось далейшае насычэнне электронікай і сістэмамі аховы, арганізацыя працэсу аховы прэзідэнта – гэта ўжо зусім іншая праца, – удакладняе Прытула. – І як правіла, тыя людзі, якія арганізоўваюць працэс аховы першай асобы, улічваюць той момант, што планы могуць быць у руках ворага».

Удзельнікі «BELPOL» ужо даўно ўключаныя ў «спіс датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Навошта «тэрарыстам» раскрываць, якую інфармацыю аб рэзідэнцыі яны маюць?

Прытула разважае: можа, яны хацелі такім чынам падставіць, «спаліць» канкрэтную службовую асобу, якая дапусціла выцек. Магчыма, хтосьці камусьці недаплаціў за гэты праект, а хтосьці за гэта адпомсціў злівам. Можа, хацелі «нагнаць параною» ў гэтую рэзідэнцыю (а параноя, адзначае Прытула, гэта і так «прафесійная рыса аховы першай асобы»), а дзеяць, магчыма, збіраюцца ў зусім іншым месцы і ў іншай сітуацыі.

Але відавочна, што калі б сапраўдныя тэрарысты рыхтавалі нейкі замах, то маўчалі б пра гэта, заўважае Прытула. Значыць, рэзюмуе ён, раскрыццё звестак аб рэзідэнцыі мела зусім іншыя мэты: або «нагнаць параноі», або падставіць кагосьці.

Яраслаў Сцешык, Алесь Наваборскі / ІР belsat.eu

Стужка навінаў