Палітзняволеных Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну ўнеслі ў «тэрарыстычны спіс» КДБ


КДБ Беларусі абнавіў свой спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці – 17 жніўня туды былі дададзеныя 12 чалавек.

Валерыя Касцюгова і Таццяна Кузіна. Калаж: Гомельская вясна/Telegram

Сярод іншых, у спіс унеслі палітзняволеных Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну, асуджаных да 10 гадоў зняволення.

Валерыя Касцюгова – палітолаг, заснавальніца і рэдактарка сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніку» і кіраўніца групы экспертаў для маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года. Абвінавацілі ў закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК РБ), у змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (арт. 357 КК) і распальванні варожасці (арт. 130 КК).

Таццяна Кузіна – сузаснавальніца Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA, экспертка даследчага праекту «bipart». Была затрыманая ў Менску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года. Таццяне выставілі тыя ж абвінавачванні, што і Валерыі Касцюговай.

10 жніўня стала вядома, што абедзвюх жанчын перавялі з СІЗА ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомлі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў