У Клайпедзе канфліктавалі праціўнікі і прыхільнікі Лукашэнкі. Ці сапраўды там «чырвона-зялёнае лобі»?


Беларусы, якія пераехалі ў Клайпеду, расказалі «Белсату» пра недавер да беларускай суполкі «Крыніца», якую прадстаўляюць сярод іншага прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі і чырвона-зялёнага сцяга. Кіраўнік «Крыніцы» запэўнівае, што далёка не ўся арганізацыя складаецца з «чырвона-зялёнага лобі». А што рабіць у Клайпедзе тым, каму Лукашэнка не падабаецца?

Чырвона-зялёны сцяг на парадзе на Дні мора
Чырвона-зялёны сцяг на парадзе на Дні мора. Клайпеда, Літва. 29 ліпеня 2019 года.
Фота: Белорусская община “Крынiца” города Клайпеды – Литва / Facebook

Клайпеда – буйны партовы горад, трэці паводле велічыні ў Літве, насельніцтва – звыш 150 тысяч чалавек. Там жыве нямала беларусаў: паводле перапісу насельніцтва 2021 года, 1835 чалавек, або 1,21 % насельніцтва, – і пасля 2021 года ў горад таксама прыязджалі беларусы. У горадзе дзейнічае некалькі суполак: немцаў, расейцаў, украінцаў, але суполка беларусаў толькі адна, беларуская абшчына «Крыніца».

Некалькі беларусаў, якія пераехалі ў Клайпеду, распавялі журналісту «Белсату», што прадстаўнікі «Крыніцы» дагэтуль выкарыстоўваюць чырвона-зялёныя сцягі, застаюцца прыхільнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, канфліктавалі з тымі, хто выходзіць пад бел-чырвона-белым сцягам.

Ад Літвы такога не чакалі

Алег (імя змененае) згадвае, што пераехаў у Клайпеду год таму, стаў шукаць, дзе збіраюцца беларусы, але нават уявіць не мог, што знойдзе нешта, як ён кажа, «казэшнае» (ад КЗ – «красно-зелёный»). Маўляў, глядзеў на актыўнасць беларусаў Варшавы і думаў, што ў Літве будзе тое ж самае, пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

«У мінулым годзе было свята нацыянальных культураў, – кажа Алег. І мы такія: «Усё, трэба ісці, паглядзім, пазнаёмімся з беларусамі!« Мы прыйшлі – стаяў адзін намёт, былі раскладзеныя кнігі тыпу Канстытуцыі Беларусі, ручнікі і тры бабулі сядзелі, расказвалі, што «Лукашэнка малайчына», людзям, якія падыходзілі».

Прадстаўнікі «Крыніцы», расказвае Алег, паслядоўна выкарыстоўваюць на публічных імпрэзах чырвона-зялёны сцяг і канфліктуюць з тымі, хто хоча выкарыстоўваць бел-чырвона-белы або не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Людзей з чырвона-зялёнымі сцягамі бачылі і на леташнім Свяце мора (ці не самае масавае свята ў партовым горадзе), і на сёлетнім Дні нацыянальных культураў.

«Крыніца», дадае Алег, ні разу з 2020 года не арганізоўвала акцыяў пад бел-чырвона-белымі сцягамі, супраць рэпрэсіяў у Беларусі ці ў падтрымку палітвязняў, не расказвала пра сапраўдныя праблемы Беларусі (хоць на Facebook выказвала, напрыклад, спачуванні ахвярам землятрусу ў Турэччыне), а ладзіць пераважна імпрэзы вакальнага ансамблю «Купалінка», ды больш «ніякіх прыкольных канцэртаў, нічога».

Hавiны
Мітынгі, перформансы, напісанне лістоў. Як беларусы адзначылі Дзень палітвязня
2023.05.21 22:11

Сапраўды, у публікацыях «Крыніцы» ў Facebook відаць, што публічная дзейнасць абшчыны абмяжоўваецца «Купалінкай» – і што падчас першай хвалі рэпрэсіяў-2020 дзеці ў «Крыніцы» малявалі чырвона-зялёныя сцягі. Алег абураецца: не зразумела, як Літва такое падтрымлівае, не праверыўшы, чым арганізацыя займаецца.

Дзве «нацыянальныя культуры»?

На Дні нацыянальных культураў у 2023 годзе ў выніку было два намёты беларусаў: «бел-чырвона-белы» і «чырвона-зялёны».

Намёт «Крыніцы» на Дні нацыянальных культур
Намёт «Крыніцы» на Дні нацыянальных культураў. Клайпеда, Літва. 28 траўня 2023 года.
Фота: чытач «Белсату»

Гэтыя здымкі рабіў не Алег. Аўтар гэтых фота, які пажадаў застацца ананімным, расказвае: на пытанне аб тым, хто дазволіў выкарыстоўваць чырвона-зялёны сцяг, прадстаўніца «Крыніцы» адказала: «Я нарадзілася пад гэтым сцягам, пад ім і памру», а на прапанову ў такім разе ехаць у Беларусь не адказала нічога.

У той дзень, расказвае Алег, было таксама шэсце нацыянальных меншасцяў, мясцовыя беларусы прыйшлі туды з бел-чырвона-белым сцягам і хацелі прайсці пад гэтым сцягам у калоне. Але калі яны паспрабавалі ўстаць у калону, прадстаўнікі «Крыніцы» распачалі канфлікт, сталі казаць, што «вы тут не зарэгістраваныя» і «ў Беларусі іншы сцяг, а гэты экстрэмісцкі», крычаць «ідзіце адсюль». Сварыліся па-расейску, а на просьбу перайсці на беларускую сталі размаўляць па-літоўску. У выніку арганізатар шэсця, дырэктар Цэнтру нацыянальных культураў, папрасіў людзей з бел-чырвона-белым сцягам «ісці прэч», бо яны «не зарэгістраваныя».

Аналітыка
«Сталае адчуванне бяздомнасці». Як беларуская грамадзянская супольнасць жыве ў выгнанні
2023.06.14 08:00

Пасля шэсця на свяце ладзілі кірмаш – менавіта там былі два беларускія намёты. У адным прадстаўнікі «Крыніцы» прымацавалі маленькія чырвона-зялёныя сцяжкі, павязалі чырвоныя і зялёныя стужкі. Але дырэктар «Крыніцы» даў праціўнікам Лукашэнкі яшчэ адзін намёт – у «бел-чырвона-белым» намёце дзяўчаты смажылі дранікі.

Алег расказвае, што да таго намёту прыйшлі іншыя беларусы, якія расказалі, што пераехалі паўгода таму і шукалі, у які беларускі гурток аддаць дзіця. Знайшлі «Крыніцу», а ў «прыёмнай камісіі» жанчына зладзіла ім ледзь не допыт: «чаму з’ехалі», «а дакладна не палітычныя», некалькі разоў перапытвала гэта.

Што адказаў кіраўнік «Крыніцы»

Кіраўнік «Крыніцы» Мікалай Логвін, былы ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе, расказвае «Белсату», што ягоная суполка была ўтвораная ў 2001 годзе людзьмі сталага веку, якія прыехалі ў Клайпеду ў 1960–1970-я гады, заснавальнікам і галоўным актывістам цяпер 60, 70 і больш гадоў. Многія, заўважае ён, дагэтуль не ведаюць літоўскай мовы, глядзяць расейскую тэлевізію – і «якая там прапаганда ідзе, вы ведаеце». Адпаведна, такі светапогляд пераносяць на атачэнне. Ён пытае:

«Сталыя людзі, якія падтрымліваць Лукашэнку – куды іх падзець? На Месяц іх не вышлеш. Яны стваралі гэтую арганізацыю і лічаць, што маюць права на свой голас».

Логвін звяртае ўвагу на тое, што ў статуце «Крыніцы» напісана, што арганізацыя займаецца толькі культурай і гісторыяй, «прапагандай Беларусі», але «ніякай палітыкі». Не задаволеныя «Крыніцай» не вераць у ейную «апалітычнасць» – Логвін прызнае, што «ад палітыкі нікуды не падзецца», але кажа, што «Крыніца» вырашыла не выкарыстоўваць ніякай сімволікі і ладзіць толькі культурныя імпрэзы.

На мінулых імпрэзах, тлумачыць ён, «адзін ці два чалавекі» ўжывалі чырвона-зялёную сімволіку. Логвін расказвае, што ў «Крыніцы» ёсць актывістка, якая падтрымлівае Лукашэнку, але «адзін чалавек не адказвае за ўсю «Крыніцу». Магчыма, у гісторыі з «амаль допытам» менавіта яна магла спужаць бацькоў, дапускае ён. Канфлікт падчас Дня нацыянальных культураў у 2023 годзе Логвін тлумачыць тым, што адна «надта бойкая» актывістка пачала абурацца бел-чырвона-белымі сцягамі, а іншая прапанавала тым стаць «крыху збоку». У з’яўленні чырвона-зялёных сцягоў ён вінаваціць «новапрыбылых» – гэта ў адказ на іхныя сцягі з’явіліся чырвона-зялёныя. Распавядае, што ў Клайпедзе і ва ўсёй Літве агулам шмат пуціністаў і лукашыстаў.

«Казаць, што ўся «Крыніца» гэта прыхільнікі Лукашэнкі – дык трэба лічыць, што і тыя, хто прыехаў у 2020 годзе як палітычныя, таксама прыхільнікі ўладаў у Беларусі, бо яны прыходзяць на мерапрыемствы «Крыніцы», – смяецца Логвін.

Як прыклад імпрэзы «Крыніцы» Логвін прывёў «Дзень (не)расстралянай паэзіі» – акцыі ў памяць аб літаратарах, забітых у час сталінскіх рэпрэсіяў. Туды, кажа ён, «прыйшлі толькі два чалавекі новапрыбылых, якія за БЧБ-флагі, і дванаццаць старых бабулек, якія прыйшлі паслухаць беларускую паэзію». Анонсаў і наогул згадак імпрэзы ў памяць рэпрэсаваных паэтах не ўдалося знайсці ў сацсетках «Крыніцы» – анонс адшукаўся толькі ў чаце беларусаў Клайпеды, і на афішы няма згадак аб «Крыніцы». Логвін тлумачыць гэта тым, што не ён займаецца Facebook-старонкай суполкі, а ёй, напэўна, займаецца тая самая «актывістка». Пазней ён прывёў прыклады іншых мерапрыемстваў «Крыніцы» на гістарычную тэматыку.

Ён таксама заяўляе, што і на іншыя імпрэзы для беларускамоўных дзяцей «прыходзіць 5–6 чалавек», і калі атрымалі грошы на лагер для беларускіх дзяцей, прыйшло 9 асобаў з амаль паўсотні вядомых дзяцей адпаведнага ўзросту. «Хто скардзіцца, самі нічога не робяць», заяўляе ён, бо «палаяцца-паскардзіцца» гатовыя, а з імпрэзаў «тое ім не трэба, гэта ім не патрэбна», і не вядома, «хто іх і чым пакрыўдзіў». Алег завочна адказвае на гэтыя прэтэнзіі: не ходзяць, бо розныя палітычныя погляды, аб чым Логвіну казалі.

Логвін заклікае, каб «усе, хто з’ехаў з Беларусі, прыйшлі ў «Крыніцу», правялі сход, прынялі рашэнне – і тых «ябацек» будзе 5–10 %». Кажа, хай сабе выберуць новага кіраўніка, бо «я на гэтай пасадзе ўжо дванаццаць гадоў, я гэтым наеўся, партфель аддам і ключы ад офісу аддам». Пры тым заяўляе, што «Клайпеда – адзіны горад у Літве, дзе больш-менш наладжваецца кантакт паміж беларусамі са старой дыяспары і новапрыбылымі». І ён абураецца, што «Белсат» размаўляў не так і не з тымі.

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

Логвін у 2015 годзе быў прызначаны ўладамі Беларусі ганаровым консулам, таксама ён старшыня Аб’яднання беларускіх грамадскіх арганізацыяў Літвы. У навінах аб гэтым рашэнні гаварылася, што консульства стваралася дзеля ўмацавання эканамічных сувязяў, павелічэння грузаперавозак праз Клайпедскі порт. Таксама згадвалася, што Логвін працаваў у расейскай кампаніі «Корабли и люди». На падазрэнні аб сувязях з рэжымам Лукашэнкі або Расеяй Логвін адказвае: ён быў пазбаўлены пасады ганаровага консула за выказванне сваёй пазіцыі ў 2020 годзе, падпісанне супольнага ліста беларускіх дыяспараў супраць рэпрэсіяў. Ён звяртае ўвагу на тое, што такім чынам звольнілі толькі двух ці трох чалавек з дзвюх соцень – маўляў, калі б падтрымліваў рэжым, пасады не страціў бы. А сувязі афіцыйнага Менску з портам Клайпеды, кажа, былі наладжаныя без ягонага ўдзелу.

Што рабіць, каб была «бел-чырвона-белая» альтэрнатыва

Праціўнікі рэжыму Лукашэнкі думалі пра тое, каб адасобіцца ад «Крыніцы» і ладзіць уласныя імпрэзы. Але, тлумачыць Алег, сутыкнуліся з юрыдычнымі абмежаваннямі. Каб зрабіць суполку, аналагічную «Крыніцы», патрэбнае літоўскае грамадзянства.

Беларусы Клайпеды кажуць, што некалі хтосьці спрабаваў звязацца з дэмакратычнымі сіламі наконт «Крыніцы», але гэта ні да чаго не прывяло. «Белсату» не ўдалося знайсці ў офісе Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінеце і Каардынацыйнай радзе тых, хто чуў бы пра гэтую справу. Але ў «дыяспарнай» фракцыі Каардынацыйнай радзе чулі пра «дыяспары Макея» – арганізацыі беларусаў за мяжою, з якімі прынамсі раней трымалі кантакт улады Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш годнасці з нагоды трэцяй гадавіны выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік аддзелу вонкавых сувязяў офісу Ціханоўскай Данііл Гаркавы кажа, што беларусам Клайпеды варта перадусім звярнуцца да іншых беларускіх суполак Літвы, – напрыклад, віленскай «Разам»: можа, хтосьці з іншых суполак прапануе дапамогу ў рэгістрацыі альтэрнатыўнай арганізацыі. Ён таксама раіць сфармаваць каманду актывістаў, гатовых да рэгулярных агітацыйных дзеянняў: можна пікетаваць ці пратэставаць побач з месцам, дзе на імпрэзах выкарыстоўваюць чырвона-зялёныя сцягі або агітуюць за Лукашэнку.

«Скардзіцца на «Крыніцу» мясцовым уладам, не прыняўшы ў першую чаргу праактыўных дзеянняў, не будзе мець сэнсу, на мой погляд, бо супрацьлеглы бок на дадзены момант не парушае законаў Літвы і не прапагандуе забароненых каштоўнасцяў», – разважае Гаркавы.

Ён расказвае, што офіс Ціханоўскай пакуль не займаўся тэмай «чырвона-зялёных дыяспараў» праз абмежаванасць чалавечых рэсурсаў, але дадае, што «пытанне цікавае»: наўрад ці можна неяк «дырэктыўна» на іх паўплываць, бо Літва ж не забараняе чырвона-зялёны сцяг або згадваць Аляксандра Лукашэнку.

Юрыстка фонду «Краіна для жыцця», якая пажадала застацца ананімнай, расказала «Белсату», што зыходзіць трэба не з таго, якія дакументы маюць ахвочыя зарэгістраваць аб’яднанне, а з таго, чым аб’яднанне хоча займацца.

Для камерцыйных арганізацый у Літве ёсць форма, падобная да беларускага таварыства з абмежаванай адказнасцю – Uždaroji Akcinė Bendrovė (UAB). Яшчэ ёсць малое прадпрыемства – Mažoji Bendrija (MB). У абедзвюх гэтых формах можна весці бізнес, ладзіць платныя гурткі для дзяцей або арганізоўваць беларускія канцэрты. З другой формаю можа быць крыху прасцей, кажа юрыстка.

Для некамерцыйнай арганізацыі (калі на праекты будуць атрымліваць гранты, гурткі для дзяцей будуць бясплатныя, а прыбытак з канцэртаў аддадуць на дабрачыннасць) у залежнасці ад мэтаў можна рэгістраваць дабрачынны фонд або аналаг беларускай установы – Viešoji įstaiga (VšĮ). Юрыстка кажа, што асацыяцыю зарэгістраваць цяжэй, таму некаторыя арганізацыі беларусаў, якім лагічна было б зрабіцца асацыяцыямі, рэгіструюць VšĮ праз працэдурныя моманты.

Паводле юрысткі, для рэгістрацыі такіх арганізацыяў будзе дастаткова легальнага перабывання на тэрыторыі краіны, часовага віду на жыхарства хопіць. Юрыстка перадала праз «Белсат» свае кантакты нашым суразмоўцам з Клайпеды і казала, што зможа дапамагчы ім пашукаць людзей, якія займаліся рэгістрацыяй арганізацыяў у Літве.

Hавiны
Ціханоўская выказалася пра сітуацыю з беларусамі, якіх прызналі «пагрозай нацбяспекі Літвы»
2023.08.04 23:09

У самакіраванні Клайпеды «Белсат» папрасілі выслаць свае пытанні электронным лістом. Цягам 14 дзён з адпраўкі ліста адказу не прыйшло. Калі ён з’явіцца, мы дадамо яго ў гэты артыкул.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў