Дзяўчына перарабіла тату «апазіцыйнага характару» з сімваламі пратэсту


У тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў, з’явілася відэа з дзяўчынай, якая перабіла тату «апазіцыйнага характару». 

Перабітае тату. Скрыншот з відэа: guBAZA / Telegram

На руцэ дзяўчыны было набітае тату з сімвалам аб’яднанага дэмакратычнага штабу падчас выбараў 2020 года. Відаць, сілавікі прымусілі дзяўчыну перабіць гэтае тату пасля затрымання. На відэа яна кажа, што больш не прытрымліваецца ніякіх палітычных поглядаў.

Раней канал паказваў «пакаяннае» відэа, на якім гэтая ж дзяўчына расказвала, што набіла тату ў падтрыманне мужа, які заняў «апазіцыйны бок палітыкі». Са словаў затрыманай, пазней яны з мужам развяліся.

Пасля гэтага дзяўчына перабіла тату і паказала яго ў новым роліку сілавікоў. Ад ранейшага малюнка засталося толькі сэрца.

За тату з выявай сімвалаў пратэсту ў Беларусі выклікаюць у міліцыю, заводзяць адміністратыўныя і нават крымінальныя справы. Так, напрыклад, летась гарадзенскага музыканта і гітарыста беларускамоўнага панк-гурта «Deviation» Паўла Бялянава абвінавацілі ў «знявазе прэзідэнта» (арт. 368 КК РБ), відаць, за тату з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі без вачэй. Праз два месяца яго адпусцілі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў