Фрыдман: Наступны кіраўнік Беларусі можа здаць Лукашэнку ў Гаагу, каб вырашыць свае пытанні


Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская параўнала рэзалюцыю Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы аб датычнасці Аляксандра Лукашэнкі да дэпартацыі дзяцей з «гебельсаўскай прапагандай». І гэта не першая падобная рэакцыя беларускага рэжыму на гэтую тэму. Разам з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам мы паразважалі, чаму беларускія афіцыйныя ўлады рэагуюць гэтак нервова на тэму выдачы ордара ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка ГААГА
Калаж з фота: MICHAEL KOOREN / Reuters / Forum / kremlin.ru

Лукашэнка баіцца паўтарэння лёсу іншых дыктатараў

Аляксандр Фрыдман лічыць, што ў такой рэакцыі адыгрывае ролю шэраг фактараў. Найперш – пачуцці самога Аляксандра Лукашэнкі. Ускосна выглядае так, што тэма для яго вельмі непрыемная, таму што ён асабіста ведаў і ведае людзей, якія трапілі ў падобную сітуацыю. Напрыклад, Слабодана Мілошавіча або наступнага кандыдата на тое, каб патрапіць у Гаагу, – былога суданскага прэзідэнта Умара аль-Башыра. І ўсё гэта людзі, з якімі Лукашэнка быў знаёмы і размаўляў асабіста. Таму для беларускага кіраўніка, лічыць палітычны аглядальнік, зусім не абстрактнай з’яўляецца праблема, калі чалавек знаходзіўся ва ўладзе, а потым апынуўся (а ў выпадку Мілошавіча і скончыў там сваё жыццё) у Гаазе.

Другі момант, які стаіць перад вачыма ў Лукашэнкі, на думку Аляксандра Фрыдмана, гэта справа Пуціна. Ён бачыць, што і на Пуціна, кіраўніка ядравай дзяржавы, быў выдадзены ордар, і цяпер расейскі прэзідэнт сутыкнуўся з сур’ёзнымі праблемамі. Лукашэнка не жадае апынуцца ў такім жа становішчы.

Сістэма пад пагрозай

На думку Аляксандра Фрыдмана, беларуская прапаганда пэўны час тэму ордара ў дачыненні да Лукашэнкі ад сябе адганяла. Але чым далей, тым гэтай тэмы становіцца ўсё больш і больш у палітычным кантэксце. Гаворка пачынае весціся пра тое, што пэўны ордар сапраўды можа быць выдадзены і супраць беларускага кіраўніка.

І вось пралукашэнкаўскі бок пачынае рэагаваць на гэтую тэму і робіць гэта эмацыйна, нервова. Але ўсе гучныя заявы робяцца, на думку палітычнага аглядальніка, тымі чыноўнікамі, якія дакладна ведаюць пачуцці Лукашэнкі і тое, як ён ставіцца да гэтай тэмы. Таму, робячы такія гучныя заявы, гэтыя чыноўнікі бачаць для сябе магчымасць, каб дадаткова паказаць сваю лаяльнасць да Лукашэнкі.

Аляксандр Фрыдман адзначае, што ўсё гэтае чынавенства выдатна разумее, што калі будзе нешта зроблена супраць Лукашэнкі, то ў іх, як у часткі гэтага рэжыму, таксама могуць узнікнуць праблемы. Таму гэты ордар, калі ён усё ж будзе выдадзены, мае вельмі негатыўнае значэнне для стабільнасці сістэмы. Адсюль і такая нервовая рэакцыя.

Лукашэнка ў абмен на вырашэнне пытанняў

Аляксандр Фрыдман лічыць, што ў выпадку, калі ордар на арышт Лукашэнкі ўсё ж будзе выдадзены, то пазней у тых, хто прыйдзе да ўлады пасля Лукашэнкі, з’явіцца магчымасць вырашыць пэўную колькасць пытанняў шляхам выдачы Лукашэнкі суду ў Гаазе.

Так, калі паглядзець на Сербію, кажа гісторык, то можна ўбачыць, што тыя людзі, якія прыйшлі да ўлады пасля Мілошавіча, вырашылі цэлы шэраг пытанняў, калі выдалі былога дыктатара трыбуналу. Па-першае, абазначылі вектар развіцця краіны, курс на збліжэнне з Захадам, бо без выдачы Мілошавіча гэтага б не атрымалася. Па-другое, пазбавіліся моцнага палітычнага канкурэнта, у якога былі сур’ёзныя шанцы на рэванш і які карыстаўся пэўнай падтрымкай у тыя часы ў Сербіі.

Таму, лічыць Аляксандр Фрыдман, Лукашэнка гэта ўсё добра разумее і бачыць, што наступны кіраўнік краіны, нават чалавек з ягонага атачэння, праз выдачу Лукашэнкі можа палепшыць свае адносіны з Захадам, а таксама імідж рэжыму. Маўляў, глядзіце: гэта Лукашэнка адказвае за саўдзел у расейскай вайне супраць Украіны, ён адказвае, што ў Беларусь была прывезеная ядравая зброя і гэтак далей. Падобная спакуса прысутнічае, і для Лукашэнкі гэты момант непрыемны.

Ордар – фінальная кропка

«І нарэшце, – кажа Аляксандр Фрыдман, – выдача ордару абмяжоўвае. Мы бачым, што адбываецца з Пуціным. Усе гэтыя кулуарныя пытанні наконт наступнага саміту БРІКС у Паўднёвай Афрыцы. Гэта вельмі важнае пытанне для Пуціна, але якое ж яно цяжкое! І Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, і Расея імкнуцца знайсці нейкае выйсце, бо калі Пуцін прыедзе туды [на саміт], то мясцовыя ўлады мусяць яго арыштаваць. А куды ён можа паехаць, калі існуе хаця б 1% ці 2% верагоднасці, што ён можа быць арыштаваны?» – задае рытарычнае пытанне Аляксандр Фрыдман.

У Лукашэнкі пакуль такіх праблем няма: так, на Захад ён паехаць не можа і не збіраецца, але ёсць шэраг краін, у якія з задавальненнем ездзіць. Лукашэнку гэта патрэбна, яму цесна толькі ў Беларусі, ён жадае гуляць на міжнародным узроўні.

Эксперт таксама лічыць, што калі ордар на арышт Лукашэнкі будзе выдадзены, то гэта будзе фінальнай кропкай, бо ставіць крыж на ўсялякіх перамовах з Захадам. Лукашэнка канчаткова зразумее, што яго ўжо ніхто ніколі не пакіне ў спакоі. А ён чалавек у сталым узросце, і гэтага спакою яму насамрэч вельмі хацелася б. Таму гэтая гісторыя з ордарам не толькі фармальная, яна сапраўды для Лукашэнкі вельмі-вельмі непрыемная, лічыць Аляксандр Фрыдман.

Каментар
Чым Лукашэнку пагражае расследаванне дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
2023.05.24 19:55

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў