Беларуская гандбалістка, якая падтрымала народ у 2020 годзе, завяршыла гульнявую кар'еру


Як стала вядома «Белсату», Валянціна Несцярук 35-гадовая разыграўца, завяршае гульнявую карʼеру, апошні сезон берасцейка правяла ў клубе наймацнейшага польскага дывізіёна Eurobud JKS Jarosław.

Фота: Валянціна Несцярук атакуе браму «KPR Kobierzyce».

Яе каманда ў гэтым сезоне ў чэмпіянаце Польшчы заняла пятае месца і згуляла ў фінале Кубка Польшчы. Цікава, што ў серыі за пятае месца каманда з Ярослава перамагла львоўскую «Галычанку», украінскі клуб быў прыняты ў чэмпіянат Польшчы ў знак салідарнасці. Сама Валянціна Несцярук у 28 матчах закінула 104 мячы.

Цяпер Несцярук плануе заставацца жыць у Польшчы, дзе прайшла большая частка яе карʼеры, і трэнаваць дзяцей.

Несцярук уваходзіць у дзясятку лепшых бамбардзіраў зборнай Беларусі за ўсю гісторыю. Нават пусціўшы карані ў Польшчы, яна працягвала прыязджаць у нацыянальную зборную сваёй краіны, пакуль у канцы 2020 года, Валянціну перасталі выклікаць у нацыянальную каманду Беларусі праз яе грамадзянскую пазіцыю. А ў 2022 годзе ўвесь беларускі гандбол патрапіў пад санкцыі праз падтрыманне кіраўніцтвам краіны вайны Расеі супраць Украіны.

Падчас пратэстаў 2020 года Валянціна актыўна падтрымлівала беларускі народ, падпісала ліст вольных спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары. А ў 2022 годзе яна распавяла «Zerkalo»:

«Калі ўзяць тое, што адбывалася пасля выбараў у 2020-м годзе, дык спачатку я была злая. Не ўяўляла, як многія ў стане заплюшчваць вочы, калі робіцца такое бязмежжа. Пасля спрабавала ўвайсці ў становішча: напрыклад, у кагосьці ёсць цяжкасці ў сямʼі, не кожны, як я, выступае за мяжой і можа казаць адкрыта. А апошняя фаза – абыякавасць. Ужо нецікава, чаму спартоўцы баяцца выказвацца, што ў іх у галаве. Але нейтральная пазіцыя – самае жудаснае. Чалавек як флюгер – куды падзьме вецер, туды і паляціць. Я таксама нечым ахвярую: не магу прыехаць дадому, убачыць родных. Але не веру, што нічога нельга зрабіць. Няма бязвыхадных сітуацый. Кожны спартовец выбірае сваю дарогу. Я не ведаю, чым пазакрывалі раты ў Беларусі. Заробкамі, стаўкамі? Няма нічога даражэй за свабоду. Мяне бацькі так выхавалі, што трэба казаць наўпрост. Не заўсёды гэта заканчвалася прыемна, але галоўнае – выказацца і выслухаць адно аднаго. Вельмі ўдзячная ім за такі падыход. Ведаеце, нам, спартоўцам, вельмі пашчасціла. Мы сумяшчаем працу з улюбёнай справай. Не ўсе людзі так могуць. Калі ты лічыш сябе прафесіяналам, то не павінен баяцца, перадусім, рызыкаваць. А атрымліваецца, што спартоўцы – як зайчыкі. У іх забралі ўсё, а яны працягваюць маўчаць і глядзець, як усё памірае. Пра беларускі спорт зараз можна проста забыцца».

Цікава, што 16 чэрвеня жаночую зборную Беларусі ўзначаліў новы трэнер – Валерый Пяўніцкі. Сама каманда цяпер у нармальным рэжыме існаваць не можа, а адзіны яе супернік – зборная Расеі, якой таксама няма месца ў гандбольнай сямʼі.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў