Палітвязні, тунеядцы, прызыў, рэлакацыя. Адкрылася бясплатная юраптэчка для беларусаў


Юрысты з групы ананімнай юрыдычнай дапамогі беларусам запусцілі спецыяльны сайт legalkit.help з рэкамендацыямі, як вырашаць складаныя юрыдычныя праблемы ў Беларусі і за мяжой. Аб гэтым «Белсату» расказала прадстаўніца сэрвісу legalhub.help.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Henry Nicholls / Reuters / Forum

Ананімны сэрвіс бясплатнай юрыдычнай дапамогі беларусам «Legal Hub» запусціў спецыяльны сайт legalkit.help з рэкамендацыямі, алгарытмамі дзеянняў і памяткамі на выпадак складаных сітуацый для беларусаў, якія жывуць унутры краіны альбо збіраюцца рэлакавацца ці ўжо пераехалі ў Польшчу і Расею. Як расказала «Белсату» прадстаўніца сэрвісу Аляксандра, новы сайт – гэта свайго роду аптэчка, якая дапаможа самастойна адказаць на пытанне «што рабіць?» пры самых распаўсюджаных праблемах, з якімі сутыкаюцца грамадзяне Беларусі. Калі знайсці адказ самастойна не атрымалася, можна звярнуцца за анлайн-кансультацыяй да спецыялістаў і пры патрэбе атрымаць дапамогу адвакатаў.

У аснове рэкамендацыяў вопыт кансультацыяў, якія аказалі юрысты праекту «Legal Hub» за паўтары гады яго існавання. Яны аформленыя ў выглядзе пакрокавых інфакартак з апісаннем дзеянняў, якія трэба рабіць, каб юрыдычна правільна абараніць свае правы альбо вырашыць праблему.

«За 18 месяцаў працы праекта мы аказалі ўжо больш за тры тысячы кансультацый. На іх аснове юрысты рыхтавалі напамінкі, рэкамендацыі, інфармацыйныя матэрыялы, якія тлумачаць тыя ці іншыя пытанні, даюць нейкія алгарытмы дзеянняў, зыходзячы з самых запатрабаваных сітуацый. Яны напісаны простай мовай.  У нейкі момант мы звярнулі ўвагу, што іх назапасілася ўжо шмат, таму вырашылі дадаткова стварыць праект з юрыдычнай аптэчкай», – патлумачыла прадстаўніца «Legal Hub».

legalkit.help уяўляе сабой сайт-платформу, на якой размешчаны ўсе матэрыялы, якія ўжо ёсць у юрыстаў сэрвісу, і рыхтуюць новыя, якія будуць публікавацца па меры назапашвання.

«Гэта такая глабальна пляцоўка, дзе мы дзелімся матэрыяламі, якія рыхтавалі па рэальных зваротах людзей, на замову партнёраў і сродкаў масавай інфармацыі. Усё аформлена досыць чытэльна, мы стварылі інфаграфіку, якую кожны можа спампаваць, альбо пачытаць анлайн. Для стварэння інфаграфікі з намі працуе асобны дызайнер. Для напаўнення сайта матэрыяламі створана невялікая рэдкалегія», – расказала Аляксандра.

У юраптэчку паклалі матэрыялы, якія тычыцца заканадаўства Рэспублікі Беларусь па пытаннях знаходжання ў краіне. Асобныя раздзелы прысвечаны пытанням людзей, які выехалі з Беларусі, але ўсё яшчэ маюць нейкія інтарэсы ці праблемы ў краіне.

Сярод тэм пытанні выезду з Беларусі, пытанні легалізацыі за мяжой, правільнага працаўладкавання, якія дакументы трэба падрыхтаваць, збіраючыся за мяжу, што трэба для паступлення на вучобу за мяжой. Па польскай тэматыцы кансультуюць дасведчаныя юрысты, якія прайшлі павышэнне кваліфікацыі ў Польшчы.

Топ-6 самых запатрабаваных напамінак ад «Legal Hub». Скрыншот: legalkit.help

У спісе самых папулярных сёння 5-6 тэмаў. Сярод іх, напрыклад, памяткі для так званых дармаедаў – людзей, якія трапілі ў адпаведную базу ў Беларусі. Паводле суразмоўцы, гэта вялікая праблема для тых, хто ў Беларусі не можа знайсці працу, асабліва пасля 2020 года. Апроч таго, тыя, хто зʼехаў з краіны, патрапляючы ў базу дармаедаў, фармальна пачынаюць атрымліваць камунальныя падарожжы па поўным кошце. Таму юраптэчка ад «Legal Hub» расказвае як пазбегнуць трапляння ў гэтыя спісы, альбо як з іх выйсці ці як правільна ўсё аплочваць.

Папулярная ў беларуса і тэма атрымання беларускага пашпарта за мяжой. У многіх людзей заканчваецца тэрмін дзеяння дакументаў і паўстаюць пытанні, што рабіць далей. Апроч таго, у Беларусі зараз пачалі выдаваць так званыя электронныя пашпарты і мы тлумачым, у чым спецыфіка.

Цікавіць людзей і афармленне даверанасцяў. Таму мы распрацавалі цэлае агульнае кіраўніцтва, дзе сабрана вельмі шмат адказаў на пытанні, як правільна аформіць даверанасць, каб можна было лёгка вырашаць пытанні у Беларусі і за яе межамі.

У юраптэчцы ёсць тлумачэнні юрыста па пытаннях прызыву і мабілізацыі. Скрыншот: legalkit.help

Паводле Аляксандры, суперпапулярнай тэмай зараз зʼяўляецца тэматыка, звязаная са службай у войску – прызывам, мабілізацыяй, адтэрміноўкамі, паўторным выклікамі ў ваенкамат асоб, якія раней атрымалі на рукі ваенны білет ці адтэрміноўку ад прызыву.

У бліжэйшых планах – завесці раздзел, звязаны з правамі жанчын паводле беларускага заканадаўства, пытанні звязаныя з сямейнымі стасункамі. Таксама збіраюцца завесці асобны блок, прысвечаны правам бацькоў, асабліва правам бацькоў-школьнікаў для таго, каб расказаць ім, як яны могуць правільна ўзаемадзейнічаць са школай, як яны могуць супрацьстаяць выкарыстанню дзяцей у прапагандысцкіх мэтах.

У камандзе праекту больш за 20 юрыстаў, мы маем досвед па 65 кірункаў юрыдычнай практыкі і тэматыкі. Юрысты працуюць ананімна, у большасці сваёй яны зʼехалі з Беларусі пасля падзеяў 2020 года. Усе яны да апошняга дапамагалі людзям у Беларусі, усе кампетэнтныя і дасведчаныя, з вялікім стажам. Таксама каманда сэрвіса паклапоцілася і пра абарону звестак тых, хто да іх звяртаецца за ананімнымі кансультацыямі, выкарыстоўвацю ананімныя абароненыя каналы.

«Сэрвіс ананімны і дазваляе ніякім чынам не падставіць ніводны з бакоў якія ўдзельнічаюць у такой працы», – падкрэслівае Аляксандра.

Супрацоўнікі сэрвісу актыўна адсочваюць развіццё сітуацыі ў Беларусі, усе змены і абнаўленні заканадаўства, маюць доступ да ўсіх неабходных прававых баз, камунікуюць з калегамі, якія яшчэ працуюць унутры краіны. У працы кіруюцца прынцыпам даступнасці, каб даць людзям у адказ на іх звароты праўдзівую і дэталёвую кансультацыю, кіруючыся якой па кроках можна вырашыць праблему. «Мы стараемся дапамагаць людзям так, каб даць ім максімальна адэкватнае тлумачэнне, у чым іх праблема, як рухаецца іх справа. А не так, як ім могуць расказваць у офісах дзяржорганаў, у судзе, ці якія-небудзь ангажаваныя адвакаты з Беларускай калегі адвакатаў».

Вокладка кіравання па пытаннях тунеядцаў. Скрынштот: legalkit.help

Апроч таго, юрысты «Legal Hub» гатовыя аказаць кансультацыю і па пытаннях адвакацыі. «Мы можам дапаможам раскласці сітуацыю і расказаць аб тым, якія ёсць варыянты дзеянняў. Можам дапамагчы чалавеку скласці дакументы, з якімі ён будзе звяртацца. У нас ёсць некаторыя кейсы, якія мы вядзем па некалькі месяцаў, нават паўгода. А калі мы не зможам памагчы, то накіруем на дружалюбныя сэрвісы да калег якія знойдуць правераных адвакатаў», – расказала суразмоўца.

За паўтара гады працы супрацоўнікі «Legal Hub» выйшлі на сярэдні паказальнік у 300 кансультацый штомесяц, пачынаючы ад жыллёвых пытанняў, абароны правоў спажыўцоў і працоўных праваадносін, заканчваючы крымінальным пераследам, адміністрацыйнымі працэсамі і пытаннямі «экстрэмізму» у Беларусі.

Важна, што сэрвіс не кансультуе па медычных запытах, на пытаннях падаткаў і па любых пытаннях, звязаных з вядзеннем бізнесу.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў