Альянс расследавальнікаў Беларусі: Што трэба, каб пасадзіць «прэзідэнцкія» кавуны?


Што трэба, каб пасадзіць кавун? Зямля і насенне. Але гэта калі мы гаворым пра звычайную і нармальную сітуацыю. У Беларусі патрэбныя дзясяткі чыноўнікаў і тоны дакладных запісак.

Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Цяцерын, Наталля Эйсмант і іншыя падчас уборкі ўраджаю кавуноў.
Фота: Andrei Stasevich / TASS / Forum

У 2016 годзе цікавасць да «прэзідэнцкіх» кавуноў праявіў Сяргей Багаценка з Асіповічаў. Ён нават звярнуўся з запытам у Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, якое на той момант узначальваў Віктар Шэйман. І вось каб даць адказ на дробнае пытанне, спатрэбілася двое вялікіх чыноўнікаў: першы намеснік кіраўніка справамі Лукашэнкі Мікалай Селіванаў і начальнік Галоўнага ўпраўлення абслугоўвання дыпламатычнага корпусу і афіцыйных дэлегацыяў «Дыпсэрвіс» А. Г. Асмалоўскі (раней працаўнік асабістай аховы Аляксандра Лукашэнкі). Асмалоўскі не змог самастойна адказаць на пытанне грамадзяніна і вымушаны быў пісаць дакладную запіску на імя Селіванава, які на той момант займаў пасаду першага намесніка Шэймана. Сэнс дакладной запіскі – гэта ўзгадненне пазіцыі наконт кавуноў.

Вялікія чыноўнікі, як вядома, самі папераў не пішуць. Ёсць выканальнікі. Дакументы носяць, сакратары дакладваюць. Паводле самых сціплых падлікаў, пяць радкоў адказу запатрабавалі некалькіх дакументаў: спачатку гэта ўжо згаданая дакладная запіска і праект адказу грамадзяніну. У выпадку, калі першы намеснік кіраўніка справамі Селіванаў пагодзіцца з прапановамі сваіх падначаленых, то такім жа суправаджальным лістом узгоднены праект адказу будзе вернуты ў Дыпсэрвіс для таго, каб там на бланку раздрукавалі ўжо фінальны адказ, пасля чаго зноў жа суправаджальным лістом пераслалі для подпісу Селіванаву. Затым у зваротным парадку: падпісаны Селіванавым дакумент вернуць у Дыпсэрвіс, дзе выканальнік аднясе яго ў канцылярыю для адпраўкі грамадзяніну поштай. Як тут не ўспомніць анекдоту пра перабіранне бульбы або замену лямпачкі. Ніводнае самае простае пытанне ў краіне, дзе пераможаная бюракратыя, не абыходзіцца без дакладу самаму галоўнаму начальніку.

Дакумент перададзены рэдакцыі
Дакумент перададзены рэдакцыі

 

Метазвесткі дакладной запіскі і праекту адказу заяўніку – грамадзяніну Багаценку С. С. Дакумент перададзены рэдакцыі

На падставе метазвестак можна зразумець, што наўпроставым рыхтаваннем дакументаў займаўся яшчэ адзін высокі чыноўнік Дыпсэрвісу – начальнік юрыдычнага сектару В. Цімохаў.

З перапіскі мы даведаемся, што на тэрыторыі афіцыйнай рэзідэнцыі Лукашэнкі ў 2016 годзе вырошчвалася два сарты кавуноў: «раманза F1» і «топган F1». Беларускія форумы паведамляюць: сорт «раманза F1» мае выдатны вонкавы выгляд, высокія смакавыя якасці і рэкамендуецца для атрымання ранняй прадукцыі ў паўднёвых і цэнтральных вобласцях Рэспублікі Беларусь. А «топган F1» адрозніваецца непатрабавальнасцю, высокай ураджайнасцю, выдатнай транспартабельнасцю.

Але ўжо ў 2021 годзе лінейка сартоў пашырылася. Як паведамлялі прапагандысты, на прэзідэнцкім падворку высаджвалі пяць відаў кавуноў: «топган», «раманза», «мірсіні», «бедуін» і «беларускі ранні».

Навошта нечае асабістае хобі ўзводзіць у культ, абсалютна незразумела. Але гэта чарговы раз даказвае, што ўсе дыктатуры аднолькавыя. Толькі хтосьці саджае кукурузу, а хтосьці – кавуны. Або знішчае вераб’ёў у маштабах усёй краіны.

Альянс расследавальнікаў Беларусі (АРБ) займаецца расследаваннем і фіксацыяй злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Тут можна паглядзець расследаванне АРБ аб прыватным бізнесе Віктара Шэймана, які ён сумяшчаў з пасадай кіраўніка справамі Лукашэнкі.

Альянс расследавальнікаў Беларусі

Стужка навінаў