«Усё даведаюцца, не выходзячы з кабінету». Якія звесткі пра беларусаў можа атрымаць СК


У Беларусі рыхтуюцца змены ў законы аб Следчым камітэце. Паводле прапанаваных новаўвядзенняў, СК зможа атрымліваць онлайн персанальныя звесткі з інфармацыйных сістэмаў без згоды людзей. «Белсат» пагаварыў з прадстаўніком «BELPOL» Андрэем Астаповічам і даведаўся, да чаго з’явіцца доступ у СК і ці мяняе гэта нешта для беларусаў.

Супрацоўнік Следчага камітэту. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Следственный комитет Беларуси / Telegram

Сілавікі даўно збіраюць усе звесткі пра беларусаў

Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні законапраект аб змене законаў аб Следчым камітэце 17 красавіка. Новаўвядзенні будуць прынятыя, калі праект падпіша Лукашэнка. Але гісторыя пачалася яшчэ ў кастрычніку 2022 года, калі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, што дазволіў аператыўна-вышуковым органам патрабаваць ад дастаўцаў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў стварыць інфармацыйную сістэму электроннага ўзаемадзеяння з сілавікамі. Звесткі карыстальнікаў інтэрнэт-крамаў, даставак, таксі і іншых маюць сцякацца ў гэтую сістэму.

Цяперашні праект закону, паводле якога Следчы камітэт можа таксама атрымліваць звесткі беларусаў, – працяг таго, што пачалося ўвосень 2022 года, адзначае Андрэй Астаповіч:

«Увосень 2022 года ААЦ і КДБ быў дадзены доступ да асаблівых інфармацыйных сістэмаў. Тады гаварылася, што інтэрнэт-рэсурсы мусяць будуць перадаваць усе звесткі онлайн са сваіх сервераў, якія ў Беларусі ці вядуць сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

Там нават было ўказанне, што калі сервер ці іншае абсталяванне не пасуюць з тэхнічных прычынаў для падлучэння да гэтай адзінай сістэмы, то ўладальнік мусіць за свой кошт правесці мадэрнізацыю».

Цяпер доступ да сістэмы атрымае Следчы камітэт.

«Следчы камітэт заўсёды самы пакрыўджаны, яму ў самым канцы нейкія навінкі ў справе доступу даюць. Напрыклад, КДБ, аператыўнікі МУС вышукваюць людзей і затрымліваюць, у тым ліку палітычных. У іх больш аператыўная праца, а не доказная, як у следчых. Таму яны першыя атрымліваюць доступ. І шмат каго затрымліваюць дзякуючы гэтым звесткам», – працягвае прадстаўнік «BELPOL».

Далей звесткі, якія могуць атрымаць аператыўнікі, трэба неяк легалізаваць і растлумачыць следству, адкуль яны зʼявіліся, працягвае суразмоўца.

Інтэрв’ю
Як улады праслухоўваюць беларусаў? Пра ўласны досвед распавядае Павел Латушка
2022.03.07 12:13

«Людзі ў Следчым камітэце, натуральна, маюць самі бачыць гэтыя дакументы. Таму пачаўся гэты працэс – доступ будуць даваць і следчым, каб яны маглі праводзіць свае расследаванні і перадаваць гэтыя звесткі ў суд. Груба кажучы, каб у судзе ўсё добра прайшло», – кажа Астаповіч.

Для беларусаў гэта мала што мяняе, мяркуе суразмоўца:

«Пасля 2020 года ўсё вельмі моцна змянілася. Фактычна ў 2020-м яны сталі проста незаконна атрымліваць патрэбныя ім звесткі, як толькі ў іх зʼявіліся магчымасці. Ніхто нікога не пытаўся. Чаму гэта было адкрыта спачатку для ААЦ і КДБ? Ды таму, што яны да гэтага доступ ужо даўно мелі.

Але, калі справы даходзяць да суда, паўстае пытанне: „А як вы гэтыя звесткі атрымлівалі?” Для суддзяў гэта дысананс, прынамсі ў мой час гэта былі людзі з вышэйшай юрыдычнай кваліфікацыяй, доўгім стажам працы, велізарнымі ведамі. І ў іх узнікалі пытанні, яны ўвесь час білі трывогу, пытаючыся, як гэта ўсё праводзіцца. Таму паціху сталі легалізаваць захады, якія аператыўнікі і так ажыццяўлялі».

Прадстаўнік «BELPOL» не выключае і выкарыстання асабістых звестак беларусаў сілавікамі ў сваіх мэтах:

«Ніякага выканання закону ж няма. Дапусцім, пазнаёміўся з дзяўчынай – узяў і праверыў усю яе паднаготную. Калі раней гэта былі базы афіцыйныя, напрыклад, пашпартавая, цяпер у іх ёсць доступ да ўсіх сервераў. Гэта значыць, можна даведацца, дзе ты. Калі сервер правайдара, то бачаць наведанне сайтаў, дзе заводзіліся профілі: абсалютна ўсё, што можна даведацца, не выходзячы з кабінету».

Узроставы парог працаўладкавання ў СК хочуць павялічыць

Таксама, згодна з новаўвядзеннямі, павышаецца парог прыёму на службу ў СК. Пакуль трапіць у Следчы камітэт могуць людзі не старэйшыя за 25 гадоў. У выпадку прыняцця законапраекту будзе павышэнне на тры гады – не старэйшыя за 28 гадоў.

На думку прадстаўніка «BELPOL», рэч у нястачы кадраў і агульным павышэнні пенсійнага веку:

«Раней сілавікі маглі пачаць атрымліваць пенсію з 45 гадоў, а цяпер – з 48. Мусіць быць 20 гадоў стажу.

Калі я ў 17 гадоў, дапусцім, паступіў у Акадэмію МУС, то бок адмысловую ВНУ, то 5 гадоў адвучыўся і 15 трэба адпрацаваць. Атрымліваецца 20 гадоў стажу, бо ў мяне вучоба сумяшчалася з працай. І ў 37 гадоў ужо ёсць выслуга гадоў і права на пенсію, якую мне пачынаюць плаціць з 48 гадоў.

Улічваючы, што тры гады дадалі да выхаду на пенсію, цяпер ссоўваюць і дыяпазон для СК. Калі супрацоўнік Следчага камітэту прыходзіць да 28 гадоў і ён не з Акадэміі МУС, а з грамадзянскай ВНУ, то ён атэстуецца, 20 гадоў адпрацоўвае і ў прынцыпе ў 48 можа сыходзіць».

Разбор
Што новага «накапаюць» на беларусаў сілавікі? Глядзім на новы ўказ пра сачэнне за інтэрнэтам
2022.10.25 11:15

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў