80 гадоў з пачатку паўстання ў Варшаўскім гета. Але першымі габрэі паўсталі ў Беларусі


19 красавіка спаўняецца 80 гадоў з пачатку паўстання ў Варшаўскім гета. Гэта адзін з найвядомейшых прыкладаў супраціву габрэйскага народу нацыстам. Першыя ж у Еўропе ўзброеныя паўстанні габрэяў у гета супраць нацыстаў адбыліся ў Беларусі.

Паўстанне ў Варшаўскім гета

750 паўстанцаў амаль месяц змагаліся з нацыстамі ў Варшаўскім гета, у якім на плошчы 306 га першапачаткова тулілася каля паўмільёна чалавек. 300 тысяч з іх да часу паўстання ўжо былі дэпартаваныя ў канцлагер у Трэблінцы, яшчэ 100 тысяч памерлі ад хваробаў і голаду, у выніку на красавік 1943 года ў Варшаўскім гета заставалася каля 70 тысяч чалавек. Паўстанне выбухнула, калі нацысты ўвайшлі ў гета для правядзення чарговай дэпартацыі напярэдадні татальнай зачысткі.

23-гадовы кіраўнік паўстання Мардэхай Анелевіч (Mordechaj Anielewicz) занатаваў: «Здзейснілася мара майго жыцця: габрэі гета ўзняліся на барацьбу». Прадстаўнікі супраціву выдатна разумелі сваё становішча, але ім у любым выпадку пагражала смерць. Нездарма адзін з паўстанцаў запісаў: «Мы не збіраемся ратаваць сябе. З нас ніхто не выжыве. Мы хочам выратаваць гонар народу».

Габрэі, схопленыя нацыстамі падчас Варшаўскага паўстання. Крыніца: Энциклопедия Холокоста

16 траўня паўстанне зазнала паразу. Каля 7 тысяч чалавек былі расстраляныя нацыстамі, каля 6 тысяч загінулі падчас пажараў, рэшта насельнікаў Варшаўскага гета – дэпартаваныя і знішчаныя. Але паўстанне дало магчымасць уратавацца тром тысячам чалавек, якія здолелі ўцячы, каля тысячы з іх пазней удзельнічалі ў Варшаўскім паўстанні. Нацысты ж падчас баёў страцілі ад 16 (паводле сведчанняў нацыстаў) да 86 (паводле сведчанняў паўстанцаў) забітымі і ад 85 да 420 чалавек параненымі.

За год да паўстання ў Варшаўскім гета серыя ўзброеных выступленняў ахапіла тэрыторыю Беларусі, дзе паўстанні габрэяў сталіся першымі ў Еўропе.

Нясвіжскае гета

Да Другой сусветнай вайны ў Нясвіжы жылі каля 3,3 тысячы габрэяў, да якіх у верасні 1939 года далучыліся ўцекачы з Польшчы. У першыя ж месяцы нацысцкай акупацыі ўлетку 1941 года ў Нясвіжы, як і ў шматлікіх іншых гарадах і мястэчках Беларусі, акупанты стварылі гета – ізаляваную тэрыторыю, куды гвалтоўна перамяшчалі габрэяў, пераважную большасць з якіх складалі жанчыны з дзецьмі і людзі сталага веку. За спробу ўцёкаў нават асобных насельнікаў гета астатнім жыхарам пагражалі карнымі аперацыямі.

Ужо ў першы ж месяц акупацыі нацысты знішчылі ў Нясвіжы 700 чалавек з ліку інтэлігенцыі, 30 кастрычніка 1941 года – яшчэ 2,7 тысячы вязняў. У выніку ў гета засталося менш за тысячу чалавек, якія стварылі падпольную арганізацыю і пачалі здабываць усімі магчымымі спосабамі зброю, у тым ліку крадучы яе ў мясцовай камендатуры.

Шалом Халяўскі, кіраўнік паўстання ў Нясвіжскім гета; Аба Каўнер (Aba Kowner), кіраўнік падполля ў Віленскім гета; Іцхак Цукерман, адзін з лідараў паўстання ў Варшаўскім гета. Фотаздымак зроблены 19 красавіка 1948 года, у дзень адкрыцця помніку героям гета ў Варшаве. Крыніца: ynet.co.il

18 ліпеня 1942 года, калі стала вядома пра знішчэнне гета ў суседняй Гарадзеі, пастанавілі распачаць паўстанне ў той момант, калі нацысты ўвойдуць у гета. Нягледзячы на адгаворы з боку кіраўніцтва гета (юдэнрат), удзельнікі падполля распрацавалі план: калі пачнецца карная аперацыя нацыстаў, трэба адцягнуць іх увагу пры дапамозе пажару ў гета, пад прыкрыццём якога знішчыць агароджу з калючага дроту і збегчы.

20 ліпеня жыхарам Нясвіжскага гета канчаткова стаў зразумелы іх лёс. У гэты дзень мясцовая ахова з тутэйшых беларускіх калабарацыяністаў была замененая паліцыяй з ліку прыбылых для правядзення карнай аперацыі літоўцаў.

Да гэтага часу прадстаўнікі падпольнай арганізацыі здолелі здабыць некалькі дзясяткаў адзінак зброі, у тым ліку кулямёт, які па частках пранеслі ў гета і размясцілі ў сінагозе. Загадзя былі абазначаныя месцы для прарыву агароджы і вызначаны сігнал для пачатку паўстання. Але ўначы на 21 ліпеня паліцыя ў Нясвіжскае гета не ўвайшла, здавалася, што страшны лёс яго абміне, і таму паўстанне пастанавілі адкласці. На світанні 21 ліпеня ў гета з’явіліся немцы і пачалі зганяць людзей да сінагогі, быццам бы для таго, каб адабраць пазасталую моладзь у працоўны лагер.

Удзельнікі Нясвіжскага паўстання, якія далучыліся да партызанаў, каля парэштак сінагогі ў Нясвіжы, якая стала цэнтрам паўстання. Фотаздымак зроблены 2 сакавіка 1946 года. Крыніца: yadvashem.org

Пачаліся хваляванні, у адказ адзін з немцаў не стрымаўся і стрэліў. Нясвіжскія габрэі пачалі разбягацца па хатах, каб узяць загадзя падрыхтаваную зброю. У гэты час мясцовы жыхар па прозвішчы Дукер ускараскаўся на дах сінагогі і пачаў страляць па нацыстах з кулямёта. Тыя да такога не былі падрыхтаваныя, бо прызвычаіліся не сустракаць супраціву падчас гвалту над безабароннымі людзьмі. А тут застракатаў кулямёт і як па знаку іншыя жыхары гета хто з чым кінуўся на салдатаў і паліцаяў. У выніку, пакуль да нацыстаў падышло падмацаванне, 40 з іх былі забітыя. У гета, у якім пачаўся вялікі пажар, пачалася зачыстка. Ахвярамі яе сталі каля 700 чалавек. Толькі 25 жыхароў Нясвіжскага гета здолелі ўратавацца. Сярод іх і кіраўнік паўстання – настаўнік з Ліды Шалом Халяўскі, які ў 1948 годзе прысутнічаў на адкрыцці помніку героям Варшаўскага гета, пасля чаго здолеў эміграваць у Ізраіль. У 1977 годзе Халяўскі абараніў першую ў гісторыі дысертацыю, прысвечаную габрэйскаму падполлю ў Беларусі. Ён памёр у 2011 годзе ва ўзросце 97 гадоў.

Помнік у памяць пра загінулых удзельнікаў Нясвіжскага паўстання. Па-беларуску і па-ангельску паўстанне датуецца па-рознаму. Крыніца: Вікіпедыя

Клецкае гета

У адзін дзень з паўстаннем у Нясвіжы адбылося ўзброенае выступленне ў Клецку. Да вайны горад налічваў каля 9 тысяч чалавек, з якіх 6 тысяч былі габрэі. Большасць з іх нацысты знішчылі ў першыя месяцы пасля акупацыі. На 22 ліпеня 1942 года, калі пачалося паўстанне ў Клецку, тут налічвалася толькі 1,5 тысячы габрэяў, 200 з іх арганізаваліся для супраціву.

Памятны знак у гонар загінулых падчас паўстання ў Клецкім гета 22 ліпеня 1942 года. Крыніца: jewishmuseum.by

Як і ў выпадку Нясвіжу, жыхарам Клецку ўдалося набыць і пераправіць у гета кулямёт, а таксама дзве вінтоўкі, 8 пісталетаў і нават 10 гранатаў.

Пра хуткую карную аперацыю клецкія габрэі, якія працавалі на лесапілцы, даведаліся ад ваколічных сялянаў, якія раілі ім далучыцца да партызанаў. 21 ліпеня, калі па вязняў гета не прыйшлі, каб суправадзіць іх на працу, стала канчаткова зразумела, што нацысты рыхтуюць карную аперацыю. Клецкія падпольшчыкі пайшлі шляхам нясвіжскіх: падчас нацысцкай карнай аперацыі пастанавілі завязаць бой, падпаліўшы гета, адначасова перарваць калючы дрот у некалькіх месцах, каб даць магчымасць як мага большай колькасці людзей уцячы.

Уначы на 22 ліпеня ў гета ўвайшлі нацысты, якіх тут жа пры ўваходзе закідалі гранатамі Іцхак Фінкель і Аўраам Пажарнік. Застракатаў кулямёт, усталяваны ў акенцы сінагогі насупраць уваходу ў гета. Нацысцкіх салдатаў і паліцыянтаў людзі закідвалі камянямі і кідаліся на іх з рыдлёўкамі і сякерамі. Былі забітыя тры нямецкіх салдата і чатыры паліцыянты.

Клецкая сінагога. Фотаздымак 1923 года. Крыніца: polona.pl

Падпаліўшы свае хаты, людзі спрабавалі пакінуць гета праз праробленыя ў калючым дроце праходы. Але толькі некалькі дзясяткаў на чале з Альтэрам Меяровічам, якому дапамог мясцовы беларускі паліцыянт, здолелі збегчы. Усяго ж цягам аднае ночы 22 ліпеня падчас паўстання ў Клецкім гета былі забітыя 1,4 тысячы чалавек. Страты падчас паўстанняў былі вельмі жудасныя, але гэта дазваляла няхай і некалькім дзясяткам людзей, але ўсё ж пазбегнуць таго лёсу, які нацысты прадвызначылі ім планам «Ост» – поўнае вынішчэнне.

Леў Гільчык пасля вайны. Крыніца: Газета «Слава Працы»

У той жа дзень, калі адбыліся паўстанні ў Нясвіжы і Клецку, паўсталі і вязні гета ў Капылі, якое таксама падлягала знішчэнню. У час карнай аперацыі паўстанцы забілі трох паліцыянтаў, пасля чаго 200 чалавек здолелі збегчы. Адзін з іх, Леў Гільчык, заснаваў з ліку былых вязняў нясвіжскага, капыльскага і клецкага гета партызанскі атрад імя Жукава, які паспяхова дзейнічаў у Беларусі.

Усяго ж на тэрыторыі Беларусі адбылося больш дзясятка паўстанняў у габрэйскіх гета, сярод якіх вылучаліся выступленні ў Слоніме, Міры, Камянцы, Лахве і Глыбокім. Тым самым габрэі паказалі, што яны не «авечкі на закланне», міф аб чым нацысты актыўна навязвалі ў перыяд Галакосту.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў