МАК назваў палітызацыяй спорту расейскія Гульні дружбы. І заклікаў не ўдзельнічаць у іх


Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў краіны не ўдзельнічаць у арганізаваных Расеяй Гульнях дружбы. Адпаведная дэкларацыя супраць палітызацыі спорту была апублікаваная 19 сакавіка.

Сцяг Міжнароднага алімпійскага камітэту.
Фота: olympics.com

Паводле МАК, правядзенне Гульняў дружбы груба парушае Алімпійскую хартыю, рэзалюцыі ААН і выказвае непавагу да спартоўцаў і прынцыпу сумленных спартовых спаборніцтваў. У дэкларацыі адзначаецца, што Гульні дружбы – гэта палітычна матываваная падзея. Для прыцягнення ўдзельнікаў Расея ўжывае «інтэнсіўны дыпламатычны наступ» з выкарыстаннем урадавых дэлегацыяў, паслоў і міністэрскіх органаў, але наўмысна дзее ў абыход спартовых арганізацыяў у мэтавых краінах, кажуць у МАК.

«Гэта цынічная спроба Расейскай Федэрацыі палітызаваць спорт. Камісія спартоўцаў МАК, якая рэпрэзентуе ўсіх алімпійскіх спартоўцаў свету, выступае катэгарычна супраць выкарыстання спартоўцаў з мэтаю палітычнай прапаганды. Камісія нават бачыць рызыку таго, што ўрады прымусяць спартоўцаў удзельнічаць у такой цалкам палітызаванай спартовай падзеі, тым самым выкарыстоўваючы іх як частку палітычнай прапагандысцкай кампаніі», – гаворыцца ў дэкларацыі.

У сувязі з гэтым падкрэсліваецца, што Алімпійскі рух рашуча асуджае «любыя ініцыятывы поўнай палітызацыі спорту, у прыватнасці стварэнне расейскім урадам цалкам палітызаваных спартовых спаборніцтваў». МАК заклікаў спартоўцаў і ўрады адмовіцца ад любога ўдзелу і падтрымання такіх ініцыятываў.

Расея плануе правесці Гульні дружбы ў верасні 2024 года – праз месяц пасля Алімпійскіх гульняў у Парыжы, на якія спартоўцаў з Беларусі і РФ дапусцяць толькі ў нейтральным статусе. Як заяўляецца, свой удзел у расейскіх спаборніцтвах ужо пацвердзілі спартоўцы прыблізна з 30 краінаў. Адмяняць гульні з увагі на дэкларацыю МАК не плануецца, заявіў генеральны дырэктар Гульняў дружбы Аляксей Сарокін.

Аб’ектыў
Як Парыж рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў
2024.03.09 21:43

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў