«Карыфей журналістыкі». Што вядома пра Ігара Карнея, якому пагражае 6 гадоў няволі


У Менску 19 сакавіка пачалі судзіць журналіста Ігара Карнея. Яго абвінавачваюць ва «удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Журналісту пагражае да 6 гадоў калоніі. Гэты тэрмін адпавядае трэнду на ўзмацненне жорсткасці рэпрэсій у тым ліку супраць журналістаў, распавёў «Белсату» кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. Даведаліся, што вядома пра Ігара Карнея і якая сітуацыя з пераследам незалежных журналістаў у Беларусі.

Ігар Карней у Менскім гарадскім судзе. 19 сакавіка 2024 года.
Скрыншот: CTVBYvideo / YouTube

Ігара Карнея абсалютна слушна можна назваць карыфеем незалежнай беларускай журналістыкі, лічыць Барыс Гарэцкі.

«Ён паспеў папрацаваць і ў позні савецкі час, і фактычна ад самага пачатку незалежнай беларускай прэсы працаваў у розных выданнях. Гэта чалавек з вялікім журналісцкім досведам. Мне даводзілася разам з ім пісаць журналісцкія матэрыялы і ездзіць у працоўныя паездкі. Ігар шмат тэмаў заўсёды ахопліваў.

У апошнія гады ён працаваў на “Радыё Свабода”, да пазбаўлення акрэдытацыі. Ігар Карней чалавек з вялізным бэкграундам, у журналістыцы заўсёды імкнуўся паглыбіцца ў сітуацыю», – кажа Барыс Гарэцкі.

Ігар Карней падвяргаўся рэпрэсіям і раней, адзначае кіраўнік БАЖ.

«Усе беларускія журналісты траплялі пад рэпрэсіі раней і Ігар у тым ліку. І думаю, што ў 2020 годзе гэта была не першая яго адсідка на Акрэсціна. У 2020 годзе ён адбываў пакаранне там, потым яго перавялі ў Жодзіна. Мы яшчэ публікавалі тады яго турэмныя нататкі. Яго пазбавілі акрэдытацыі, як і многіх іншых журналістаў. І нягледзячы на небяспеку, ціск, магчымае затрыманне, ён працягваў заставацца ў Менску», – кажа Гарэцкі.

Агулам сітуацыя з рэпрэсіямі беларускіх журналістаў толькі пагаршаецца.

«У Беларусі 34 прадстаўнікі і прадстаўніцы медыя за кратамі. Улады працягваюць рэпрэсаваць не толькі рэшткі тых журналістаў, якія засталіся і спрабуюць працягваць нейкую працу. Але і людзей, якія калісьці працавалі на незалежныя медыя. Калі казаць пра Ігара Карнея, гэта як раз той выпадак, калі чалавек быў актыўным журналістам, меў акрэдытацыю ад “Радыё Свабоды”, не з’ехаў з Беларусі і, магчыма, за гэта трапіў за краты.

На жаль, лічба зняволеных калег не памяншаецца. І калі раней мы мелі турэмныя тэрміны ў выглядзе двух – трох гадоў зняволення па артыкуле нібыта за ўдзел у масавых беспарадках, то цяпер гэта вялізныя тэрміны нібыта за ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях», – працягвае Барыс Гарэцкі.

Суд над журналістам адбываецца ў Менскім гарадскім судзе. Справу разглядае суддзя Сяргей Кацэр.

Ігара Карнея затрымалі 17 ліпеня. У яго ўдома адбыўся вобшук. Спачатку яго пакаралі 10 соднямі арышту нібыта за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы», а пасля распачалі крымінальную справу.

Дзяржпрапаганда вінаваціць Карнея ў тым, што ён «па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці працягваў супрацоўнічаць з экстрэмісцкай арганізацыяй БАЖ, якая была ліквідаваная рашэннем Вярхоўнага суда яшчэ ў 2021 годзе, але насуперак закону працягвала сваю працу. Ужо ў лютым 2023 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў БАЖ экстрэмісцкай арганізацыяй».

Hавiны
Беларусь апынулася на трэцім месцы па колькасці зняволеных журналістаў
2024.01.18 19:09

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў