«Страціць Беларусь было б вялікай памылкай» – дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі аб пераменах на канале і падтрыманні незалежных медыяў


«Белсат» зазнае скарачэнне фінансавання, але ўспрымае гэта як штуршок да пазітыўных пераменаў. Як зменіцца канал, на што бюджэту не хопіць і чаму беларускі медыярынак губляе падтрыманне – пра гэта ў размове з Аляксеем Дзікавіцкім, які цяпер выконвае абавязкі дырэктара «Белсату».

Дырэктар тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. Варшава, Польшча. 18 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Аляксею, нядоўга беларуская прапаганда піла шампанскае – існаванню «Белсату» пакуль хіба нічога не пагражае. Але ці нашмат скароціцца бюджэт тэлеканалу?

– Бюджэт, калі браць пад увагу наш план на год, хаця, вядома, планы не абавязаныя былі здзейсніцца, значна зменшыцца – прыкладна на траціну. Ёсць пазіцыі, на якіх мы сапраўды можам ашчадзіць, а на некаторых, як тэхнічнае падтрыманне, заробкі, зэканоміць нельга. Нам давядзецца заняцца даволі радыкальнымі рэформамі, нейкія праекты зрабіць таннейшымі, а ад некаторых, на жаль, зусім адмовіцца.

– З боку Міністэрства замежных справаў Польшчы акурат прагучала жаданне зменаў на «Белсаце», магчыма, гэтая патрэба наспела і ў самой камандзе. Што зменіцца і на чым вы будзеце ашчаджаць?

– Сапраўды, наш галоўны донар, Міністэрства замежных справаў, мае жаданне, каб, як я пачуў, сетка вяшчання «Белсату» зрабілася больш прывабнай. Гэта сур’ёзная справа, якую мы пачалі абмяркоўваць у тым ліку з камандай. Але і незалежна ад пажаданняў тых, хто нас фінансуе, «Белсат», я перакананы, патрабуе пераменаў. Калі была беларуская рэвалюцыя, пачалася вайна, мы надавалі ўвагу перадусім жывому вяшчанню і было не да пераменаў. Беручы пад увагу, што сітуацыя ў пэўным сэнсе стабілізавалася і нам трэба ашчаджаць, я ўспрымаю крызісны момант як шанец разварушыць нашую сетку вяшчання. Ад часткі праграмаў трэба адмовіцца, частку зрабіць больш свежымі. Я маю намер прыцягнуць як мага больш творчых людзей, якія раней не маглі супрацоўнічаць з «Белсатам», бо былі ў Беларусі, а цяпер яны ў эміграцыі. Шмат хто з іх меў дачыненне да тэлебачання і разумее, пра што ідзе гаворка. Бо не раз нам прапаноўвалі рэчы абсалютна невыканальныя, давайце, маўляў, зробім «The Voice of Belarus». Але ніхто нам не дасць ліцэнзіі на спадарожнікавае вяшчанне такой праграмы. Да таго ж, як мы будзем вывозіць людзей для ўдзелу? Думаю, творчыя колы беларусаў будуць у стане запрапанаваць нам новыя ідэі і фарматы.

Журналісты Ігар Віняўскі ды Ірэна Кацяловіч запісваюць інтэрв’ю з дырэктарам тэлеканалу «Белсат» Аляксеем Дзікавіцкім. Варшава, Польшча. 18 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Калі мы кажам пра работнікаў «Белсату», часта гэта людзі, якія рызыкнулі калі не ўсім, то шмат чым дзеля таго, каб працягваць працу. Ці давядзецца, праходзячы праз гэтую зону турбулентнасці, кагосьці звольніць?

– Гэта будзе самы апошні крок. Калі ў нас не атрымаецца знайсці дадатковае фінансаванне, а ўсіх ашчаджанняў, якімі мы цяпер займаемся, будзе недастаткова, можа, да гэтага і дойдзе, але я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб гэтага не дапусціць. Я лічу, самая вялікая каштоўнасць «Белсату» – гэта працаўнікі. Тыя ж палякі, амерыканцы, людзі з іншых краінаў часта не разумеюць, што ў нас няма тэлевізійнага рынку. Калі нейкі, напрыклад, чэшскі тэлеканал звольніць 30 прафесіяналаў, дык яны пойдуць на працу ў іншае месца, а гэты канал атрымае больш фінансавання на наступны год, дасць абвестку і знойдзе новых працаўнікоў – у чым праблема? Мы ж бярэм на працу пераважна людзей, якія не мелі дачынення да тэлебачання, працэс навучання такога працаўніка займае ад 3 да 6 месяцаў, і не абавязкова ён зможа выконваць свае абавязкі на адпаведным узроўні. Пры гэтым у нас вельмі прафесійныя інфармацыйная частка і людзі, якія займаюцца праграмамі. Акрамя гэтага «Белсат» заўсёды ставіў на прысутнасць на ўсіх магчымых платформах. Мы павінны быць падрыхтаваныя – калі ў Расеі забаранілі «Фэйсбук», ну дык нас можна глядзець на «Ют’юбе» ці чытаць у «Тэлеграме». Калі, не дай Божа, а мы ведаем, што падрыхтоўка да гэтага вядзецца, у Беларусі забароняць «Ют’юб» – нас можна будзе глядзець у «Інстаграме», на «Фэйсбуку», праз спадарожнік. Усё патрабуе людзей і высілкаў, каб распаўсюджвацца паўсюль. Таксама скарбам ёсць шматмоўнасць нашых людзей. Мы робім тэлевізійныя праграмы прынамсі на чатырох мовах – перадусім па-беларуску, таксама па-расейску, крыху па-ўкраінску і для нашых партнёраў з «TVP World» па-англійску. Не думаю, што шмат у якіх рэдакцыях на свеце людзі могуць так спакойна пераскокваць з мовы на мову, згубіць такі скарб проста недаравальна.

– «Белсат» хіба адзіны стала ўкладаецца ў беларускае незалежнае кіно, летась пад канец года нават прэзентаваў свой першы ігравы серыял «Працэсы». Ці пацярпіць праз скарачэнне бюджэту вытворчасць кіно, дакументальнага ды ігравога?

– Некалькі гадоў таму, памятаю, з’явілася інфармацыя, што паводле паказніку, які адлюстроўвае, наколькі краіна абзнятая дакументальным кіно, Беларусь на адной з найгоршых пазіцыяў. Калі дзяржава дае грошы на дакументальнае кіно, мы ведаем: гэта або прапаганда, або яно не закранае важных балючых, канфліктных момантаў. Мы заўсёды лічылі патрэбным у гэта ўкладацца, калі была магчымасць здымаць на тэрыторыі Беларусі, рабілі, бывала, 10 фільмаў за год. Цяпер, вядома, столькі дакументальнага кіно ў Беларусі мы не здымаем, але можна працягваць ва Украіне, у месцах, дзе шмат беларусаў, ёсць розныя тэмы. І мы пастараемся некаторыя сродкі ў сёлетнім бюджэце на дакументальнае кіно пакінуць. Што тычыцца серыялу, гэта вялізны ўнёсак у скарбонку беларускага ігравога кіно. Спачатку ўва мне было крыху страху, падавалася, што паказаць тэрор, гора, масавае няшчасце ў Беларусі, каб гэта не было пераборам, гратэскам, будзе цяжка. Але творцы серыялу справіліся выдатна. Я лічу, мы павінны рабіць штосьці, што застанецца, як калісьці зрабілі «Народны альбом. 20 гадоў» у добрай якасці, зноў жа дарагі праект. Інфармацыя, бягучыя публіцыстычныя праграмы важныя, але праз некаторы час яны будуць цікавыя толькі даследнікам, а кіно будуць глядзець. Гэта дарагія рэчы, хаця мы адносна нядорага зрабілі чатыры серыі, і сёлета ў нас пакуль няма такіх грошай. Але я думаю, трэба максімальна торгаць донараў ці дзяржаўныя ўстановы, каб мець на гэта асобныя сродкі. Донары павінны добра прыгледзецца – мы паказалі, што гэта магчыма і магчыма вельмі якасна.

Дырэктар тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі на запісе інтэрв’ю ў студыі. Варшава, Польшча. 18 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Цяпер заўважна скарачаецца падтрыманне беларускіх незалежных медыяў, у тым ліку і «Белсату». Тлумачэнні бываюць рознымі: то недастатковая колькасць гледачоў-чытачоў, то Беларусь быццам бы «страчаная». Як вам падаецца, якія ў гэтага сапраўдныя прычыны?

– Мы бачым, што Украіне недастаткова падтрымання ад Захаду, і калі ўзважваць, даць сродкі на беларускія незалежныя медыі або на Украіну, вядома, першасныя патрэбы ва Украіны. Але гэта не зусім дальнабачна, страціць Беларусь было б вялікай памылкай: з пункту гледжання еўрапейскай (і не толькі) геапалітыкі, наша краіна мае вялізнае значэнне. Мне таксама падаецца, што мы, беларусы за мяжой, мусім фармаваць пазітыўны вобраз Беларусі, а не толькі «дапамажыце, палітвязні, рэпрэсіі», пра што, вядома, трэба гаварыць увесь час. Я сам любое спатканне з замежнымі дыпламатамі ці кімсьці яшчэ пачынаю з палітвязняў, у тым ліку з нашых журналістаў, якія сядзяць у турме.

Але што па-за гэтым – па-за палітвязнямі, санкцыямі, рэпрэсіямі? Нам трэба прэзентаваць пазітыўны парадак дня: што Беларусь у выпадку пераменаў, якія будуць звязаныя з падзеннем перадусім крамлёўскага рэжыму, зможа хутка трансфармавацца ад дыктатуры да дэмакратыі, прыстасавацца да патрабаванняў Еўрапейскага Звязу і нават быць лакаматывам ува ўсім рэгіёне. Гэта краіна працавітых, дысцыплінаваных людзей, мае добрую інфраструктуру. Цяпер у Польшчы, Літве, Нямеччыне вялізная колькасць беларускіх эмігрантаў, і я ніколі не бачыў беларусаў, якія стаяць у чэргах па выплаты паводле беспрацоўя – паглядзіце, колькі аўтасэрвісаў, кавярняў, салонаў прыгажосці яны адкрылі. Гэта павінна пра штосьці казаць. Нашыя людзі здольныя да працы ў зусім іншых, рынкавых умовах. Падсумоўваючы, нам трэба ствараць вобраз Беларусі, якая не толькі цярпіць ад хунты, але і здольная да хуткіх пераменаў і да таго, каб хутка стацца саюзнікам і часткай дэмакратычнага свету.

Чытайце таксама інтэрв’ю з Аляксеем Дзікавіцкім, якое падрыхтавалі нашыя калегі з праекту «Вот Так». У прыватнасці ў ім дырэктар «Белсату» адказвае на пытанне, што стане з расейскамоўнай часткай канала і якой ён бачыць місію «Белсату».

Размаўляла Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў