«Лепш не паказваць». Як чыноўнікі хавалі смяротнасць ад COVID-19 у Беларусі


«Белсат» з дапамогаю ініцыятывы «Кіберпартызаны» даведаўся, як падчас эпідэміі каронавірусу чыноўнікі абмяркоўвалі статыстку смяротнасці, дамаўляліся «расказваць казкі» пра прышчэпкі, называлі яшчэ жывых пацыентаў дохлымі і рэзервавалі расейскі «Спутник» для Лукашэнкі і ягонай сям’і – хоць сам палітык запэўніваў, што вакцынуецца толькі беларускім прэпаратам.

«Белсат» атрымаў ад «Кіберпартызанаў» запісы званкоў чыноўнікаў ад медыцыны ад красавіка да чэрвеня 2021 года. Гэта канец другой хвалі захворванняў, калі панаваў штам «Амікрон».

Каардынатар Цэнтру медычнай салідарнасці, заснавальнік валанцёрскай ініцыятывы «ByCovid19» Андрэй Ткачоў кажа, што сістэма аховы здароўя не была гатовая да эпідэміі:

«Ложкі, што стаяць у калідорах. Лекары без сродкаў індывідуальнай абароны. Вялізная-вялізная колькасць хворых, чэргі з «хуткіх», якія стаялі ў прыёмнае аддзяленне, і жах у вачах лекараў, бо яны не разумелі, што адбываецца. Яны былі фактычна кінутыя на амбразуру барацьбы з ковідам без сродкаў індывідуальнай абароны, без пратаколаў лячэння, без лекаў».

Пры гэтым у падкантрольных медыях дзяржава стварала ілюзію, што ўсё нібыта добра. Да прапагандысцкіх сюжэтаў старанна рыхтаваліся, як вынікае з тэлефоннай размовы Наталлі Баярскай з галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Менскага аблвыканкаму і галоўнай лекаркі Крупскай цэнтральнай раённай больніцы Алены Клешчанок:

– У аўторак у вас будзе мерапрыемства з удзелам ВДЛаў (вышэйшых службовых асобаў – заўвага «Белсату»). Скажы мне, калі ласка, ці зможаш зарганізаваць палату рэанімацыйную?

– Ну, мы рабілі ўжо так, як для прэзідэнта, згодна з…

– І там асобны без ковіду ўваход і ўсё астатняе, так?

– Усё будзе асобна, і чысты ўваход.

Прэс-сакратарка міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун у размове з Баярскай прасіла знайсці пацыентаў для «правільных» каментароў:

– Гэтым таварышам усім, маю на ўвазе галоўных лекараў, трэба сказаць, каб мелі хаця б аднаго-двух пацыентаў, якія не супраць сказаць, што яны хочуць вакцынавацца ну вельмі-вельмі-вельмі.

Hавiны
Прымусовая вакцынацыя ў Беларусі: даплаты, пагрозы, звальненні і патрабаванні
2021.08.06 08:30

Лічбы смяротнасці ад COVID хавалі. Замест гэтай сапраўднай прычыны пазначалі, напрыклад, пнеўманію, хваробы сістэмы кровазвароту. З ускосных падлікаў вынікае, што ад вірусу памерлі да трыццаці тысячаў чалавек. Згодна са звесткамі Белстату, сярэднегадавая лічба смерцяў у Беларусі ў 2020 годзе вырасла амаль да 48 тысячаў чалавек. У 2018 і 2019 гадах смяротнасць была ўтрая меншаю.

Вось як Наталля Баярская абмяркоўвала з Аленай Богдан з міністэрства аховы здароўя «лічбы, пра якія мы не вельмі кажам»:

– Вось чытаю інфармацыю з Дзяржынску. Алена Леанідаўна, а лічбы тыя, пра якія мы не вельмі кажам, так і захаваць?

– Лепш не паказваць.

– Агулам, у прынцыпе, так?

– Не паказваць, не паказваць.

– Агульнымі фразамі, так?

– Агульнымі фразамі, што каронавірусная інфекцыя ўнесла свае карэктывы. Усё.

Лекарка бярэ мазок для тэсту на COVID-19 у Менску.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Пры гэтым асобнымі пацыентамі сістэма аховы здароўя ўсё ж пераймалася. Вось Наталля Баярская інфармуе галоўнага лекара Менскай абласной дзіцячай больніцы Дзмітрыя Зайцава пра знойдзеную вакцыну для «першага», як яны называюць Аляксандра Лукашэнку, і ягонай сям’і:

– Я знайшла пяць дозаў першага і другога кампаненту. У чацвер Маслёнкіна з раёну прывязе яе вам. Вы яе з вока не выпускайце. Гэта будзе для «першага» і ахвочых, можа быць, сям’і.

А беларусам, якім не хапіла прышчэпкі ў пункце вакцынацыі ў ГЦ «Экспабел», чыноўнікі дамаўляліся хлусіць. Гэта была ініцыятыва галоўнага лекара Менскай цэнтральнай раённай клінічнай больніцы Гарыка Барсамяна, якую падтрымала Баярская.

– Мы там пакінем асобу, якая будзе расказваць казкі, што менскія паліклінікі атрымалі вакцыны, у паліклініках чэргаў няма, ідзіце туды. Пра тое, што партыя вакцыны скончылася, не прамаўляем, так?

– Ні ў якім разе.

Hавiны
Што кажуць людзі, якія прыйшлі прышчапіцца ад каронавірусу ў ГЦ «Экспабел»?
2021.05.08 21:39

У разгар эпідэміі, калі да лекараў было не трапіць, «заслужаныя асобы» не саромеліся дамаўляцца наконт прыёму праз сувязі з патрэбнымі людзьмі.

Вось Баярская просіць у намесніка галоўнага лекара Менскага абласнога цэнтру гігіены Вячаслава Калячкі за «нашую Юлію Вячаславаўну» – імаверна, гаворка пра чыноўніцу з Менскага аблвыканкаму Юлію Аскерку:

– Трэба ўсё-ткі развязаць пытанне. Усё-ткі ранічкаю ўзяць (тэст – заўвага «Белсату») і да поўдня атрымаць вынік.

– Мы не зможам гэтага зрабіць.

– Вы ж ужо рабілі! Вельмі трэба. Для нашай Юліі Вячаславаўны.

А вось галоўны лекар Рэспубліканскага цэнтру рэабілітацыі і бальнеалячэння Аляксандр Пацэеў паведамляе Баярскай пра запланаваны візіт «донькі памочніка прэзідэнта».

– Заўтра другая змена, можна будзе дзяўчынку прысылаць. 116-ы кабінет.

– Добра, Аляксандр Уладзіміравіч. Дзякуй! Гэта донька памочніка прэзідэнта. Дзякуй велічэзны!

Медыкі ў разгар пандэміі каронавірусу
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медыкі ў разгар пандэміі каронавірусу ў шпіталі «Zoquipan de Jalisco». Гуадаляхара, Мексіка. 11 студзеня 2021 года.
Фота: Arriero Moran / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

А галоўную лекарку Менскай абласной стаматалагічнай паліклінікі Святлану Кірыленку Баярская прасіла «зрабіць усё як трэба» для кіраўніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Менскага аблвыканкаму Мікалая Башко.

– Наш начальнік упраўлення адукацыі, вельмі заслужаная асоба, хацеў бы звярнуцца па стаматалагічныя паслугі да вас. Я яму дам ваш нумар тэлефона. Мікалай Мікалаевіч Башко, запішыце, калі ласка. Я буду ў адпачынку, а вы ўсё арганізуйце так, як трэба.

Затое «простых смертных» чыноўнікі лёгка называюць «дохлымі старпёрамі». Такую лексіку ўжыла галоўная лекарка Менскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансеру Вольга Гарэнюк у размове з Баярскай:

– Лагойск і Смалявічы пастаўляюць такіх – 37-га года нараджэння, 39-га. Такія старпёры, выбачайце, зусім дохлыя людзі. Пакуль месцы маюцца, аднак у мяне складанасці з кіслароднымі месцамі, бо я не магу класці іх у гэтыя жудасныя палаты з кіслародам.

– А грошай мы табе так і не далі, так?

– Не. То бок, тут цяжкасці рэальныя. У мяне проста знаёмыя з Менску, яны іх трымаюць на кіслародзе максімум пяць дзён, потым штурхель з больніцы ў шпіталь.

Hавiны
Каронавірус зноў мутаваў. Па свеце распаўсюджваецца новая версія амікрону
2023.12.09 21:09

Юлія Цяльпук, Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў