Пластычнага хірурга Аляксея Дужага не выпусцілі пасля 15 содняў арышту


Пластычны хірург Аляксей Дужы не выйшаў на свабоду пасля 15-дзённага арышту. Паводле інфармацыі суполкі дактароў «Белые Халаты. News» яму дадалі яшчэ 12 содняў. Адваката да доктара па-ранейшаму не пускаюць.

Аляксей Дужы.
Фота: «Наша Ніва» / nashaniva.com

Аляксея Дужага 3 лютага судзіў суддзя Аляксандр Воўк, а 15 лютага – суддзя Вольга Емяльянчанка. У абодвух выпадках яму інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Паведамлялася, што хірурга затрымалі проста на працоўным месцы ў клініцы, пасля яго даставілі на Акрэсціна.

У лютым 2021 года сілавікі прыходзілі з ператрусам у кватэру бацькі пластычнага хірурга.

«Патэлефанаваў мне раніцай нейкі Лісіцкі і паведаміў, што ён з крымінальнага вышуку. Сказаў, што хоча са мной пабачыцца. Я яму патлумачыў, што ў Гомлі не жыву. Тады ён спытаўся, хто жыве ў кватэры ў Гомлі. Там жыве бацька», – распавядаў тады Аляксей. Ужо ў абед да бацькі Аляксея прайшлі з ператрусам: узялі панятых і агледзелі кватэру, у якой іх нічога не зацікавіла. Як паведаміў Аляксею ягоны бацька, ператрус быў звязаны са справай аб «масавых беспарадках 9–12 жніўня».

Вядома, што Аляксея затрымлівалі ў верасні 2020 года падчас аднаго з маршаў у Менску. У сацсетках ён адкрыта выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў