Па БТ сказалі, Украіна рыхтавала забойствы чыноўнікаў і прапагандыстаў у Беларусі. Сур’ёзна?


На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» 18 студзеня паказалі чарговы фільм пра затрыманага летась украінца Вячаслава Бародзія, якога называюць агентам СБУ. Новыя «выкрыцці»: Украіна завозіла зброю грузавікамі, рыхтавала выбухі на нафтаперапрацоўчых заводах і рыхтавала забойствы дзяржаўных дзеячаў і журналістаў…

Чалавек, якога дзяржаўныя медыі Беларусі называюць агентам СБУ Вячаславам Бародзіем. Скрыншот: Людмила Гладкая / Sb.by

Закіды гучныя. Чаму ж дагэтуль няма афіцыйнага абвяржэння ад Службы бяспекі Украіны? Былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак у каментары «Белсату» тлумачыць: СБУ і выведнікі не абавязаныя рэагаваць, хутчэй Міністэрства замежных справаў ці Офіс прэзідэнта могуць выказацца, але і яны пакуль не рэагавалі.

«Усе такія беларускія фільмы, колькі я памятаю, „Дарога дамоў“, пра дальнабойнікаў, якіх ратавалі… гэта толькі на ўнутранага карыстальніка, – упэўнены Ступак. – Нікому за межамі не цікава зусім: каго там ратуюць, якія дыверсанты штосьці перапраўляюць – нецікава!

Гэта ўсё на ўнутраную аўдыторыю, каб паказаць, у якім варожым асяроддзі знаходзіцца цяпер беларускі рэжым. Што паўсюль ворагі, трэба быць пільнымі, сачыць ва ўсе бакі, усе хочуць спакусіцца на нашую тэрыторыю».

Сярод іншага ў фільме БТ сцвярджалася, што «агент Мангуст» працаваў адначасова на СБУ і Галоўнае ўпраўленне выведкі. Пытаем, ці можа такое быць. Сапраўды, чалавек тэарэтычна можа супрацоўнічаць з дзвюма спецслужбамі, але на практыцы Ступак такіх выпадкаў не сустракаў. Ён згадвае, як сотню гадоў таму бальшавікі казалі пра «агентаў імперыялістычных выведак: брытанскай, нямецкай, французскай…». Суразмоўца смяецца: такое адчуванне, што спрабавалі навешаць максімальную колькасць цэтлікаў, ды забылі, што ва Украіне ёсць яшчэ Служба вонкавай выведкі.

Ды калі Ступак яшчэ можа паверыць у агента СБУ і ГУР і перапраўку выбухоўкі з нейкіх мэтаў, то заява ў фільме БТ аб тым, што планавалі замах на дзяржаўных дзеячаў і журналістаў Беларусі, руйнуе ўсю карціну.

«Калі вы проста прыедзеце ў Кіеў, пройдзецеся па Хрэшчатыку, дзве гадзіны будзеце там хадзіць і пытаць „назавіце, калі ласка, беларускіх дзяржаўных дзеячаў“ – вам назавуць толькі адно прозвішча дыктатара Рэспублікі Беларусь», – упэўнены Ступак.

У вачах украінцаў беларускіх дзяржаўных дзеячаў акрамя Аляксандра Лукашэнкі проста няма, лічыць ён. З прапагандыстаў хіба тыя, хто цікавяцца ўнутранай беларускай тэматыкай, згадаюць хіба аднаго Рыгора Азаронка. Дык каго Украіне трэба знішчаць?

Hавiны
Ці то ноччу, ці то ўдзень. Што не так з відэа пра нібыта замах на Азаронка
2021.07.04 09:55

Гэткія забойствы спрацавалі б толькі супраць Украіны, тлумачыць Ступак. І справа нават не ў тым, што Украіне страшная пагроза нападу з боку Беларусі. Краіна ж не такая вялікая: у зону дасяжнасці ўкраінскіх беспілотнікаў агромістая колькасць прадпрыемстваў, дык калі Беларусь нападзе, Украіна зможа за тыдзень знішчыць траціну беларускай эканомікі і дабіць да Палаца незалежнасці. Але калі знойдуць «вушы» СБУ за такой аперацыяй, як забойства беларускіх палітыкаў, Украіна можа пазбавіцца дапамогі заходніх краінаў.

Украінскія шпіёны, «вочы і вушы» на тэрыторыі Беларусі дакладна ёсць, упэўнены Ступак. Украіне трэба разумець, ці будзе рыхтавацца новы наступ з тэрыторыі Беларусі ці аперацыя па адцягненні ўвагі.

Дыверсіі, як з расейскім «лятучым радарам» А-50 у Мачулішчах, Украіне таксама выгадныя: паводле Ступака, гэтак паказалі, што могуць адагнаць ворагаў, і ўжо не бачаць іншага такога самалёта на тэрыторыі Беларусі. Сэнсу ж рызыкаваць з замахам на людзей, пра якіх ва Украіне і не чулі, Ступак не бачыць.

Агляд
Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам
2023.03.09 14:48

Палітычны аглядальнік радыё «Свобада» Валер Карбалевіч згадвае, што гэта не ёсць нечым новым: такія фільмы пра «ворагаў вакол Беларусі» круцяцца на дзяржаўнай тэлевізіі ўжо тры гады.

Мадэль «крэпасці ў аблозе» ствараюць усе прапагандысцкія медыі і выступы чыноўнікаў, пачынаючы з Лукашэнкі, адзначае аглядальнік. Гэтая мадэль спрыяе мабілізацыі дзяржаўнага апарату, сілавікоў, прыхільнікаў Лукашэнкі. Яна таксама апраўдвае палітычныя рэпрэсіі. І гэта дапамагае Лукашэнку ўтрымліваць уладу

«Украіна цяпер намагаецца не раздражняць Лукашэнку, не ствараць сітуацыі, якая магла б справакаваць новую атаку з тэрыторыі Беларусі, – нагадвае Карбалевіч. – А з тэрыторыі Беларусі ўжо больш за год не адбываюцца абстрэлы Украіны, беларускае войска не ўдзельнічае ў вайне, расейскія вайскоўцы ў абсалютнай большасці пакінулі тэрыторыю Беларусі.

У гэтай сітуацыі для Украіны нейкім чынам раздражняць Лукашэнку, правакаваць яго, гэта нейкае палітычнае глупства».

Да заяваў пра планаваныя Украінай забойствы ён ставіцца скептычна: хутчэй за ўсё, гэта проста Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі «адпрацоўвае свой хлеб». У КДБ, тлумачыць ён, такая функцыя: шукаць ворагаў, шпіёнаў, тэрарыстаў, экстрэмістаў. Таму трэба паказаць, што функцыю выконваюць, а тое стануць непатрэбнымі.

Аналітыка
Час шпіёнаў: як іх вылічыць і не трапіць пад вербаванне
2024.01.17 07:00

Алесь Наваборскі, Руслан Ігнатовіч belsat.eu

Стужка навінаў