У Беластоку аўтамабіль збіў 6-гадовага хлопчыка з Горадні. Пацярпелы знаходзіцца ў коме


Хлопчык з Горадні прыехаў у госці з мамай у Беласток, дзе яго збіла машына. Дзіця знаходзіцца ў коме, за рулём знаходзілася 22-гадовая жанчына. Родзічы асцерагаюцца, каб пацярпелых не зрабілі вінаватымі. Аб гэтым піша партал «АвтоГродно».

Месца, дзе ў Беластоку хлопчык з Горадні патрапіў пад машыну. Фота з групы «Kolizyjne Podlasie» / Facebook / 201667880374142

Паводле сваячкі пацярпелай сямʼі Вольгі, здарэнне адбылося 17 студзеня у Беластоку, у гэты час ужо было цёмна. Аўтамабіль наехаў на аднаго хлопчыка, а яго мама з брацікам здолелі адскочыць у бок.

Здарэнне актыўна абмяркоўваюць у беластоцкай группе ў Facebook. Адзін з каментатараў падкрэслівае, што ўсё адбылося на не рэгуляваным пешаходным пераходзе, на якім адсутнічала дарожная разметка «зебра», што добра бачна і на фатаграфіі з месца здарэння.

Паводле інфармацыі ад сямʼі, хлопчыка ўвялі ў стан штучнай комы, у яго раздроблены чэрап і пашкоджаны унутраныя органы, стан стабільна цяжкі.

Аб здарэнні 17 студзеня таксама напісаў мясцовы беластоцкі сайт. «На скрыжаванні вуліц Ліпавай і Варыньскага ў Беластоку быў паранены 6-гадовы хлопчык. Дзіця шпіталізавана. Паліцыя атрымала паведамленне ў 16:33. Па папярэдніх дадзеных ведамства, 22-гадовая кіроўца «Toyota» на пешаходным пераходзе збіла 6-гадовае дзіця, якое пераходзіла дарогу разам з маці. Кіроўца была цвярозая. Хлопчыка даставілі ў лякарню», – гаворыцца ў паведамленні.

Сваячка пацярпелых Вольга асцерагаецца, што польская паліцыя ва ўсім абвінаваціць яе сястру Вікторыю, маму хлопчыка. Яна кажа, што з самага пачатку жанчына сутыкнулася з перадузятым стаўленнем паліцыянтаў.

«Віка кажа, што на этапе зносін з праваахоўнікамі сутыкнулася з ціскам. Ёй адразу сталі прадʼяўляць прэтэнзіі аб тым, што гэта менавіта яна не зберагла малога», – цытуе сваячку пацярпелых партал «АвтоГродно».

Пазней зʼявілася інфармацыя ад мамы хлопчыка Вікторыі, якая распавяла парталу сваю версію ДТЗ. Паводле Вікторыі, яна прыехала ў госці ў Беласток разам з двума маленькімі сынамі, пераходзіла з імі па добра асветленай вуліцы, машыны рухаліся павольна.

«Я трымала хлопчыкаў за рукі. З левага боку аўтамабіль спыніўся, стаў нас прапускаць і мы пайшлі праз дарогу. Міша вырваўся з рукі, пайшоў на два крокі наперад, як раптам на скрыжаванне справа выехаў легкавы аўтамабіль», – цытуе «АвтоГродно» маму пацярпелага хлопчыка.

Жанчына сцвярджае, што калі дзіця апынулася пад машынай, кіроўца нават не тармазіла, і прыйшлося грукаць па шкле легкавушкі, каб кіроўца заўважыла, што нешта здарылася. Таксама мама расказвае, што сама выцягнула дзіця з-пад машыны, ён яшчэ быў у прытомнасці, а пазней самлеў.

Міма скрыжавання ехаў аўтамабіль хуткай дапамогі з уключанай сірэнай. Медыкі спыніліся і выклікалі другі экіпаж, які таксама хутка прыехаў і забраў хлопчыка ў шпіталь.

Мама пацярпелага хлопчыка паведаміла, што шукае сведкаў здарэння, бо асцерагаецца, што расследаванне можа быць праведзена перадузята. Спасылаецца на словы афіцэра паліцыі, якія выклікалі ў яе трывогу, і на тое, што ні кіроўца-удзельніца ДТЗ, ні яе сям’я з пацярпелымі яшчэ не звязаліся.

Пры гэтым, у Польшчы нядаўна правілы дарожнага руху сталі больш жорсткімі для кіроўцаў: яны абавязаны спыняцца нават тады, калі пешаход яшчэ толькі падыходзіць да пераходу.

Паведамляецца таксама, што бацька хлопчыка спрабуе экстранна зрабіць візу, каб прыехаць у Беласток і падтрымаць жонку і дзяцей, сямʼя спрабуе звязацца з консульствам Беларусі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў