Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным наданні грамадзянства РФ для беларусаў


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ, згодна з якім для грамадзянаў Беларусі, Казахстана і Малдовы ўводзіцца спрошчаная працэдура атрымання расейскага грамадзянства.

Уладзімір Пуцін. Крыніца: kremlin.ru

З указа вынікае, што беларусы, якім споўнілася 18 гадоў, могуць атрымаць грамадзянства Расейскай Федэрацыі па спрошчанай працэдуры. Для гэтага ім нават не абавязкова стала пражываць на тэрыторыі РФ з моманту атрымання ВНЖ цягам 5 гадоў, валодаць расейскай мовай, ведаць гісторыю Расеі і асновы расейскага заканадаўства (як гэта прапісана ў расейскім федэральным законе для грамадзянаў іншых краін).

Для грамадзянаў Украіны спрошчаная працэдура атрымання расейскага грамадзянства пачала дзейнічаць з ліпеня 2022 года. Для жыхароў так званых «ЛНР» і «ДНР» – яшчэ раней, з 2019 года, і для жыхароў акупаваных Запарожскай і Херсонскай абласцей з траўня 2022-га.

Назва нашай краіны ва ўказе паўсюдна напісана як «Республика Белоруссия».
Фота: publication.pravo.gov.ru

Адметна таксама, што ва ўказе расейскага прэзідэнта наша краіна паўсюдна называецца «Республика Белоруссия» (хаця на самай справе краіны з такой назвай не існуе – у беларускай Канстытуцыі назва нашай краіны і па-руску напісана як «Республика Беларусь»). Пры гэтым побач фігуруе назва «Республика Молдова» (не «Молдавия»).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў